навіны

Сітуацыя ва Украіне: Расейцы ціснуць на ўсходзе і маюць лакальныя поспехі

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына стаіць сярод пашкоджаных абстрэламі жылых дамоў у Лімане, Данецкая вобласць, Украіна. 1 лютага 2024 года. (Фота: Ignacio Marin / Anadolu Press / Abaca Press / Forum)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына стаіць сярод пашкоджаных абстрэламі жылых дамоў у Лімане, Данецкая вобласць, Украіна. 1 лютага 2024 года. (Фота: Ignacio Marin / Anadolu Press / Abaca Press / Forum)
podpis źródła zdjęcia

Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 2 лютага.

«Белсат» падводзіць вынікі 709-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 2 лютага чытайце ў нашым аглядзе.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына стаіць сярод пашкоджаных абстрэламі жылых дамоў у Лімане, Данецкая вобласць, Украіна. 1 лютага 2024 года. (Фота: Ignacio Marin / Anadolu Press / Abaca Press / Forum)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына стаіць сярод пашкоджаных абстрэламі жылых дамоў у Лімане, Данецкая вобласць, Украіна. 1 лютага 2024 года. (Фота: Ignacio Marin / Anadolu Press / Abaca Press / Forum)
Расейскі ваенны эксперт Барыс Рожын гаворыць, што цягам апошніх содняў Узброеныя сілы РФ на купянскім кірунку наступалі адразу на некалькіх участках фронту: у прыватнасці, іхныя атакі фіксуюцца ў ваколіцах населеных пунктаў Сынькоўка, Петрапаўлаўка, Кіслоўка, Бераставое, Крухмальнае і Табаеўка ў Харкаўскай вобласці, а таксама каля Навасёлаўскага на Луганшчыне.
Пры гэтым Рожын сцвярджае, што войскі РФ прасунуліся на захадзе і паўднёвым захадзе ад Табаеўкі, заняўшы некалькі кіламетраў тэрыторыі. Таксама адзначаюцца некаторыя зрухі фронту на карысць расейцаў каля Навасёлаўскага.
Тэлеграм-канал «Два майора» пацвярджае поспехі УС РФ каля Табаеўкі.
У гэты ж час расейскі ваенкор Сямён Пегаў сцвярджае, што каля Крухмальнага, Бераставога і Табаеўкі ідуць сустрэчныя баі.
У Міністэрстве абароны РФ пішуць, што таксама ЗСУ атакавалі каля Сынькоўкі.
На суседнім ліманскім кірунку асноўныя баі ідуць на так званым торскім выступе. Расейскае камандаванне заявіла, што іхныя вайскоўцы палепшылі становішча па пярэднім краі на гэтым участку фронту.
Канал «Два майора» піша, што за апошнія дні войскі РФ прасунуліся тут на адлегласць да двух кіламетраў.
Пегаў гаворыць, што цяпер на такой жа адлегласці ад лініі сутыкнення знаходзіцца сяло Церны, цераз якое адбываецца забеспячэнне групоўкі ЗСУ на левым беразе ракі Жарабец.
Украінскія атакі на кірунку зафіксаваныя каля Ямпалаўкі і Цернаў.
На бахмуцкім кірунку, паводле Мінабароны РФ, расейскія вайскоўцы занялі больш выгадныя рубяжы і пазіцыі каля населеных пунктаў Іванаўскае і Клішчыеўка (на паўднёвым захадзе і поўдні ад Бахмуту адпаведна).
Барыс Рожын пацвярджае прасоўванні расейцаў каля Іванаўскага і Клішчыеўкі, а таксама адзначае поспехі з захаду ад Бахмуту.
Пры гэтым украінцы вярнулі адну з лесапасадак каля Багданаўкі.
Між тым Пегаў гаворыць, што на вышынях каля Клішчыеўкі контратакавалі ЗСУ і вярнулі частку раней страчаных пазіцыяў. Акрамя гэтага ваенкор фіксуе сустрэчныя баі ў ваколіцах Багданаўкі.
Самыя вайскоўцы ЗСУ, якія абараняюцца на кірунку, паведамляюць пра цяжкія баі пад Андрэеўкай.
На аўдзееўскім кірунку найбольшая актыўнасць расейцаў назіраецца ў самой Аўдзееўцы, а таксама ў ейных ваколіцах: Генштаб ЗСУ піша, што тут сілы абароны краіны адбілі не менш за 16 атак праціўніка.
Тэлеграм-канал «Два майора» лакалізуе баі ў садовых таварыствах з усходу ад коксахімічнага заводу і ў ваколіцах гасцінічнага комплексу «Царська охота» на поўдні гораду.
Рожын фіксуе лакальныя прасоўванні расейцаў на кожным з вышэйзгаданых участкаў. Пры гэтым ваенны эксперт адзначае, што атачыць групоўку ЗСУ ў горадзе пакуль не выходзіць, як і перарэзаць ейную лагістыку.
Таксама на аўдзееўскім кірунку расейцы наступаюць каля населеных пунктаў Первамайскае і Невельскае, але тут ЗСУ пакуль удаецца стрымліваць праціўніка.
На мар’інскім кірунку наступальныя дзеянні Узброеных сілаў РФ адзначаюцца на ўчастку паміж населенымі пунктамі Краснагораўка, Георгіеўка і Новаміхайлаўка.
Прарасейскія крыніцы пішуць аб прасоўваннях УС РФ на адлегласць да аднаго кіламетра з поўначы ад Новаміхайлаўкі
Разам з тым вайскоўцы 46-й аэрамабільнай брыгады ЗСУ гавораць, што праціўнік, пасля няўдалых штурмаў Георгіеўкі, змясціў свой асноўны ўдар на ўчастак фронту паміж Краснагораўкай і Георгіеўкай. Пры гэтым далей на поўдзень на лініі сутыкнення адзначае зніжэнне іхнай актыўнасці, што сведчыць пра часовую адсутнасць рэзерваў.
На поўдні Данецкай вобласці расейцы ў чарговы раз атакавалі каля сяла Залатая Ніва, але поспеху не дасягнулі.
Недалёка ад гэтага ўчастку – на захадзе Запарожскай вобласці – расейцы цягам апошніх содняў прасунуліся з поўначы ад сяла Прыютнае.
Інфармацыя пацвярджаецца аналітыкамі праекту Deepstate, якія пішуць, што такім чынам войскі РФ намагаюцца адкінуць ЗСУ за каскад мясцовых вадасховішчаў.
У цэнтральнай частцы рэгіёну баявыя дзеянні лакалізуюцца з поўдня ад гораду Арэхаў на ўчастку паміж населенымі пунктамі Вэрбовае, Навапрокапаўка і Работына. Пры гэтым пакуль ніводны з бакоў канфлікту не можа перахапіць ініцыятыву.
У Херсонскай вобласці актыўнасць засяроджаная на левым беразе Дняпра, дзе ЗСУ ўтрымліваюць некалькі невялікіх плацдармаў.
У Генштабе ЗСУ паведамілі пра 14 няўдалых штурмаў сваіх пазіцыяў з боку праціўніка.
Тэлеграм-канал «Romanov Лайт» піша, што ЗСУ прасунуліся ў заходняй частцы сяла Крынкі.
Між тым іншая прарасейская крыніца – «Позывной OSETIN» – мяркуе, што ўкраінцы на гэтым участку фронту дасягнулі поспеху яшчэ некалькі тыдняў таму.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.
Наталля Кулыгіна belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10