Сітуацыя ва Украіне: абодва бакі прасунуліся на розных участках фронту
03.02.2024, 19:36
Украінскія вайскоўцы. (Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook)
podpis źródła zdjęcia
«Белсат» падводзіць вынікі 710-х содняў поўнамаштабнай вайны.
«Белсат» падводзіць вынікі 710-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 3 лютага чытайце ў нашым аглядзе.
Украінскія вайскоўцы. (Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook)
У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што цягам апошніх содняў сілы абароны краіны адбілі пяць атак праціўніка каля населеных пунктаў Сынькоўка і Іванаўка ў Харкаўскай вобласці.
Аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што таксама ідуць цяжкія баі за сяло Табаеўка. Пры гэтым адзначаецца, што расейцы ўводзяць рэзервы каля суседняга населенага пункту Крухмальнае.
На ліманскім кірунку асноўная баявыя дзеянні засяроджаныя на так званым торскім выступе на левым беразе ракі Жарабец. Украінскі бок фіксуе пяць безвыніковых атак праціўніка каля сяла Церны на поўначы Данецкай вобласці.
Між тым у Deepstate сцвярджаюць, што расейцы зноў крыху прасунуліся.
Акрамя гэтага цягам содняў УС РФ праводзілі штурмавыя дзеянні каля Белагораўкі і Вясёлае. Тут лінія фронту патрабуе ўдакладнення.
На бахмуцкім кірунку ініцыятыва таксама застаецца за расейскімі вайскоўцамі, якія наступаюць на захадзе і поўдні ад раённага цэнтру, імкнучыся выйсці да суседняга гораду Часаў Яр.
Атакі войскаў РФ фіксуюцца каля сёлаў Багданаўка, Іванаўскае і Клішчыеўка.
Украінскія вайскоўцы. (Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook)
Пры гэтым вайскоўцы ЗСУ, якія трымаюць абарону на кірунку, гавораць, што ім удалося адкінуць праціўніка ад Іванаўскага. Цяпер УС РФ замацаваліся на адлегласці каля 500 метраў ад населенага пункту.
Найбольшая наступальная актыўнасць Узброеных сілаў РФ фіксуецца ў ваколіцах Аўдзееўкі: паводле Генштабу ЗСУ, тут сілы абароны краіны адбілі прынамсі 29 атак.
У Deepstate удакладняюць, што атакі размеркаваныя на поўдні і поўначы гораду. Пры гэтым аналітыкі адзначаюць, што на апошнім участку расейцы прасунуліся ў бок кар’еру (на ўсходзе ад коксахімічнага заводу).
Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што таксама войскі РФ крыху расшырылі зону кантролю каля ўмацаванага раёну «Царська охота» на паўднёвым усходзе Аўдзееўкі. Пры гэтым заўважаецца, што баі тут маюць сустрэчны характар.
Акрамя гэтага на аўдзееўскім кірунку расейцы наступаюць на поўначы каля Стэпавога і на поўдні – у ваколіцах Первамайскага і Невельскага.
Украінскія вайскоўцы. (Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook)
Тэлеграм-канал «Фронтовая птичка» піша, што УС РФ крыху прасунуліся побач са Стэпавым.
У Deepstate фіксуюць жорсткія баі ў Первамайскім амаль за кожны будынак. У такой сітуацыі лінія сутыкнення ў сяле застаецца невыразнай.
На суседнім мар’інскім кірунку, па інфармацыі ўкраінскага камандавання, расейцы сем разоў атакавалі каля Георгіеўкі і Новаміхайлаўкі, але поспеху не дасягнулі.
На першым участку УС РФ ціснуць на сам населены пункт, а таксама з поўначы ад яго, Новаміхайлаўку войскі РФ штурмуюць з поўдня.
На паўднёвым захадзе Данецкай вобласці Узброеныя сілы РФ зноў атакавалі ў ваколіцах сяла Залатая Ніва, але лінія сутыкнення засталася нязменнай.
На суседнім участку – усход Запарожскай вобласці – трываюць баі каля населенага пункту Прыютнае. Зменаў не зафіксавана.
У цэнтральнай частцы рэгіёну актыўнасць абодвух бакоў лакалізуецца з поўдня ад гораду Арэхаў каля селаў Вэрбовае і Работына.
У Херсонскай вобласці асноўныя баі ідуць на левым беразе Дняпра ў ваколіцах сяла Крынкі, дзе ЗСУ ўтрымліваюць плацдарм. Прарасейскі тэлеграм-канал «Romanov Лайт» піша, што ўкраінцы цягам содняў прасунуліся на захадзе населенага пункту на адлегласць каля 300 метраў.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.