Аўстрыйскі дрэваапрацоўчы холдынг «Kronospan» пазбавіўся свайго бізнесу ў Беларусі
06.02.2024, 19:33
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дрэваапрацоўчае прадпрыемства. (Фота: Yurii RylchukUkrinform / ddp images / Forum)
podpis źródła zdjęcia
Беларусь «таемна» пакінуў інвестар, які ўклаў у эканоміку каля 1 млрд еўраў.
Новым уладальнікам заводаў і лагістычных цэнтраў стаўся эмірацкі фонд «Causa Foundation», а кіраванне бізнесам перадалі расейскім менеджарам, піша «Office Life».
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дрэваапрацоўчае прадпрыемства. (Фота: Yurii RylchukUkrinform / ddp images / Forum)
Юрыдычныя асобы, якім належалі заводы «Kronospan» у Беларусі, завяршылі рэбрэндынг. Прадпрыемствамі ў Смаргоні цяпер кіруюць кампаніі «Ультрадэкор», «Ультрадэкор Прапертыз» і «Ультрадэкор НТ», у Віцебску – «Ультрабілд», каля Магілёва – «Ультрабілд Стыл» і «УльтраПлай ОСБ». Перайменаваныя і іншыя мясцовыя юрыдычныя асобы.
Выхад «Kronospan» з беларускага бізнесу адбыўся ў пачатку восені 2023 года. Да гэтага аўстрыйцы завяршылі працэс перадачы таго ж «Causa Foundation» сваіх актываў у Расеі. Фонд зарэгістраваны ў ААЭ.
«Kronospan» выйшаў на беларускі рынак у канцы 2000-х гадоў і стаўся найбуйнейшым фундатарам у мясцовую галіны апрацоўвання дрэва. Яго прадпрыемствы выпускалі тут драўняныя пліты, падлогавыя пакрыцці, смалу, лакі, спецыяльную паперу, сталёвыя канструкцыі ды інш. Значная частка прадукцыі прызначалася для экспарту.
Агульны аб’ём інвестыцыяў «Kronospan» у эканоміку Беларусі ацэньваўся каля 1 млрд еўраў.
Трэба адзначыць, што прадпрыемствы «Kronospan» былі залучаныя ў пералік юрыдычных асобаў, якія належаць інвестарам з «недружалюбных» краінаў. Для іх продажу патрабуецца ўзгадненне ўраду.
На сайце холдынгу адсутнічае згадка пра юрыдычныя асобы ў Беларусі і Расеі.
У сакавіку 2017 года Аляксандр Лукашэнка наведваў вытворчасць кампаніяў «Кранахем» і «Кранаспан ОСБ». Тады ён заяўляў, што «хацелася б, каб у нас больш было такіх прадпрыемстваў». «Мне з вамі лёгка размаўляць, і няхай мяне пачуюць тыя крытыкі, якія наваліліся на мяне, калі я пастанавіў мадэрнізаваць дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы», – казаў палітык.
У 2021-м «Kronospan» трапіў у чорны спіс кампаніяў, якія супрацоўнічаюць з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Аўстрыя ў той час спрабавала «прытармазіць» увядзенне эканамічных санкцыяў супраць Беларусі.