КДБ абнавіў «спіс тэрарыстаў». У ім – музыка Уладзіслаў Наважылаў і блогер Ілля Салянкоў
07.02.2024, 20:59
Уладзiслаў Наважылаў (Lesley Knife), вакаліст гурта «Gods Tower», змагар з бюракратыяй і абывацельскім мысленнем, падпольны пісьменнік, кінематаграфіст і паэт. Вільня, Літва. 7 кастрычніка 2021 года. (Фота: Белсат)
podpis źródła zdjęcia
На сёння ў «тэрарыстычным спісе» КДБ –1141 асоба
Камітэт дзяржаўнай бяспекі (КДБ) Беларусі абнавіў так званы «спіс тэрарыстаў», паведамляе «Вясна». У спіс дадалі прозвішчы яшчэ пяці беларусаў, у тым ліку саліста гурту «Gods Tower» Уладзіслава Наважылава і блогера Іллю Салянкова, якія не знаходзяцца зараз у Беларусі, але, паводле КДБ, абвінавачваюцца па арт. 130 КК («Распальванне варожасці»).
Уладзiслаў Наважылаў (Lesley Knife), вакаліст гурта «Gods Tower», змагар з бюракратыяй і абывацельскім мысленнем, падпольны пісьменнік, кінематаграфіст і паэт. Вільня, Літва. 7 кастрычніка 2021 года. (Фота: Белсат)
У спіс «асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» КДБ дадаў фігуранта «справы ЧКБ» і палітвязня Аляксандра Юшкевіча, а таксама Мікалая Галалюка, Уладзіміра Марозава, Іллю Салянкова і Уладзіслава Наважылава.
На сённяшні дзень у «тэрарыстычным спісе» КДБ 1141 асоба, 412 з іх – беларусы.
Пералік арганізацый і фізічных асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці, публікуецца на сайце КДБ, які з-за мяжы не адкрываецца. Падставы для ўключэння ў спіс прадугледжвае пастанова Савету Міністраў ад 30 снежня 2014 № 1256, паводле якой (п. 5) у яго дадаюць абвінавачаных і асуджаных грамадзянаў Беларусі і замежных дзяржаваў паводле 25 крымінальных артыкулаў.
Першымі, каго дадалі ў «спіс тэрарыстаў» з палітычных прычынаў, былі Сцяпан Пуціла і Раман Пратасевіч. У спісе фігуруюць прозвішчы беларускіх палітыкаў Святланы Ціхноўскай, Паўла Латушкі, палітзняволеных Марыі Калеснікавай, Максіма Знака, Марыны Золатавай, Анджэя Пачобута, Сяргея Ціханоўскага ды многіх іншых.