навіны

«Мы хочам не баяцца за будучыню «Белсату», а развіваць яго!» Працаўнікі «Белсату» напісалі ліст у польскае МЗС

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Студыя «Белсату» ў Варшаве, Польшча. (Фота: Саша Альтэр / Белсат)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Студыя «Белсату» ў Варшаве, Польшча. (Фота: Саша Альтэр / Белсат)
podpis źródła zdjęcia

Зварот працаўнікоў тэлебачання «Белсат» да міністра замежных справаў Польшчы Радослава Сікорскага.

Зварот працаўнікоў тэлебачання «Белсат» да міністра замежных справаў Польшчы Радослава Сікорскага.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Студыя «Белсату» ў Варшаве, Польшча. (Фота: Саша Альтэр / Белсат)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Студыя «Белсату» ў Варшаве, Польшча. (Фота: Саша Альтэр / Белсат)
Паважаны спадар міністр, мы з вялікім непакоем назіраем за нестабільнай і, на наш погляд, усё больш небяспечнай сітуацыяй вакол «Белсату». Невядома, што з бюджэтам станцыі, а фінансавыя правы нашай дырэкцыі то адмяняюць, то аднаўляюць, але ўсяго на адзін месяц.
На фоне ўсё гучней чуюцца радасныя галасы прапагандыстаў Лукашэнкі пра тое, што з «Белсатам», маўляў, ужо скончана або што ён «вось-вось упадзе». Пуцінскі рэжым у Расеі тым часам надае нам незаконны статус «замежнага агента», што стварае сур’ёзныя праблемы для тых, хто супрацоўнічае з расейскамоўнымі праектамі «Белсату», хоць, у той жа час, гэта асаблівы від прызнання нашых заслугаў у галіне свабоды слова і супрацьдзеяння прапагандзе. У Беларусі статус «экстрэмісцкага фармавання» мы маем ужо некалькі гадоў.
Мы звяртаемся да Вас з просьбаю надаць рэальнае падтрыманне «Белсату» ў далейшай рэалізацыі яго вельмі складанай місіі. Як Вы, напэўна, ведаеце, «Белсат» – гэта не толькі польскі тэлеканал. «Белсат» быў і застаецца таксама трансгранічнай ініцыятываю польскіх і беларускіх журналістаў, а сёння таксама – расейскіх і ўкраінскіх. Мы ўсе ўважаем сябе за стваральнікаў тэлеканалу і адчуваем адказнасць за яго. Вось чаму мы дазваляем сабе звяртацца да Вас.
Belsat
Былы кіраўнік TVP напісаў адкрыты ліст пра будучыню «Белсату» навіны
Спадар міністр, мы не турбуемся толькі пра сваё існаванне – хоць праз праблемы вакол «Белсату» мы можам не толькі страціць працу і сродкі да існавання, але і права дзясяткаў з нас, беларусаў і расейцаў, на знаходжанне ў Польшчы, якое залежыць ад наяўнасці працы. Людзі, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам», у Беларусі лічацца «экстрэмістамі», а ў Расеі – «замежнымі агентамі». Шмат каму з нас няма куды вяртацца. Нам пагражаюць рэпрэсіі і турма. Гэта пагражае нават нашым семʼям, якія засталіся ў Беларусі і Расеі (на жаль, такія выпадкі ўжо вядомыя).
Мы турбуемся пра сваё працоўнае месца, бо лічым яго справаю свайго жыцця. Прыбыццё ў Польшчу для большасці з нас было звязанае з асабістымі драмамі. Але нам пашанцавала, што Польшча дала нам другі дом і пачуццё бяспекі, а «Белсат» – далейшую магчымасць рабіць тое, што мы ўмеем лепш за ўсё і што трэба нашым суайчыннікам: свабодныя медыі. Мы турбуемся пра медыя, важнае не толькі для Беларусі, але і для ўсяго рэгіёну, а побач ідзе вайна, і Польшча стала прыфрантавою дзяржаваю. Зірніце на нашую статыстыку, якую мы кожны квартал даём Вашаму ведамству: паводле нашай інфармацыі, мы маем доступ да дзясяткаў мільёнаў асобаў! Звяртаючыся да іх па-расейску, па-беларуску, па-ўкраінску і па-польску. Мы працуем, кіруючыся прынцыпамі сумленнай журналістыкі, рыхтуем аб’ектыўную інфармацыю і дабіраемся туды, дзе свабоды слова не існуе.
Мы пачалі трансляцыю як беларускамоўнае спадарожнікавае тэлебачанне і за 17 гадоў выраслі да найбуйнейшага ў сваім родзе выдання, што транслюе з тэрыторыі ЕЗ і NATO амаль на ўсю постсавецкую тэрыторыю. Гэта таксама ваш – польскі – эфектыўны інструмент soft power; ваш поспех і нашая справа жыцця. Справа, за якую 17 нашых калегаў і каляжанак цяпер плацяць сваімі свабодай і здароўем, застаючыся ў лукашэнкаўскіх турмах.
Давайце забяспечым «Белсату» бяспеку і стабільнасць. Давайце не будзем псаваць таго, што працуе эфектыўна і з добрым вынікам, паспяхова канкуруючы нават з найбуйнейшымі расейскімі СМІ, асабліва ў цяперашняй вельмі складанай міжнароднай сітуацыі.
Мы просім вас дапамагчы высветліць нашае становішча і звязацца з калектывам і нашай дырэкцыяй, якая стварыла гэты праект і паспяхова вядзе яго – незалежна ад зменлівай палітычнай сітуацыі ў Польшчы. У нашай камандзе разам працуюць украінцы, расейцы, беларусы і палякі – людзі не толькі рознага паходжання, але і з рознымі поглядамі на свет. Але мы ўсе ведаем, што ёсць рэчы важныя і найважнейшыя: як мір у нашых дзяржавах, вяршэнства закону і свабода слова. Мы хочам не баяцца за будучыню «Белсату», а развіваць яго!
Каманда «Белсату»
(Ліст падпісалі 170 працаўнікоў рэдакцыі. Поўны спіс падпісантаў застаецца да ведама адрасата з меркаванняў бяспекі іх саміх і іхных сем’яў у Беларусі і Расеі)

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10