«Наша Ніва»: студзеньская аблава на сваякоў палітвязняў закранула нашмат больш людзей, чым меркавалася
14.02.2024, 15:05
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Рукі нобэлеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага ў судзе. (Фота: sb.by)
podpis źródła zdjęcia
Пад затрыманні трапілі нават тыя, хто проста пісаў лісты палітвязням.
Пад затрыманні трапілі нават тыя, хто проста пісаў лісты палітвязням. Затрыманыя распавядалі, што лічба тых, каго сілавікі збіраліся «адпрацаваць», – 700 чалавек, піша «Наша Ніва».
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Рукі нобэлеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага ў судзе. (Фота: sb.by)
Затрыманням на працягу трох дзён папярэднічалі спробы ўзлому тэлеграм-акаўнтаў сваякоў палітвязняў і тых, хто дапамагаў зняволеным. Паводле інфармацыі ад крыніцаў «Нашай Нівы», рэйды сілавікоў пачаліся яшчэ да 23 студзеня. Ахвяры аблаваў казалі, што на гэты дзень следчыя былі ўжо стомленыя і між сабой згадвалі, што «не спалі чатыры дні».
Таксама гучала і лічба затрыманых, якіх трэба «адпрацаваць», – 700 чалавек. Аднак не зразумела, ці ішла гаворка пра ўсю Беларусь альбо пра нейкі рэгіён.
Інфармацыя пра велізарную колькасць затрыманых пацвярджаецца і ўскосна: прадстаўніца фонду «Краіна для жыцця» Вольга Зазулінская казала, што, паводле іхных звестак, у справе працуюць 174 следчыя.
Большасць людзей адпускалі пасля адносна непрацяглых допытаў. Найперш кадэбістаў цікавіла, праз якія крыніцы палітвязні і іхныя сем’і атрымліваюць дапамогу, а таксама тое, хто сістэмна дапамагае вязням унутры Беларусі.
Прынамсі аднаго з затрыманых абвінавацілі ў тым, што ён атрымліваў грошы на картку і пасля перадаваў іх семʼям палітвязняў, а таксама адпраўляў ім пасылкі. І хоць грошы былі не з фондаў, а ад сяброў і знаёмых, гэта ні на што не паўплывала. Наколькі вядома, цяпер гэты чалавек у СІЗА.
Большая частка затрыманых падчас аблавы – не вядомыя грамадскасці пажылыя жанчыны. Яны не сваячкі палітвязняў і не актывісткі, а проста дапамагалі тым ці іншым чынам палітвязням. Напрыклад, у следчы ізалятар змясцілі 61-гадовую гамяльчанку Алену Тоцкую, якая некалі была судовай валанцёркай і хадзіла на палітычныя суды ў Гомлі.
Адзін з суразмоўцаў распавёў, што з ім у КДБ была бабуля, якая некаму пералічыла пару разоў па пяць рублёў. Тое самае казалі і праваабаронцы. Самай пажылой з вядомых затрыманых жанчын 82 гады.
Некаторых затрымлівалі за напісанне лістоў. Стала вядома, што заказныя лісты ў СІЗА і калоніі адсочваюцца, а адпраўнікі запісваюцца. Тое самае цяпер робяць і з пасылкамі. Гэтыя спісы СІЗА і калоніі перадаў КДБ.
Шмат каму з затрыманых не вярнулі пашпарты. Імаверна, гэта робіцца, каб людзі не маглі выехаць з краіны і баяліся размаўляць з праваабаронцамі ды медыямі.
Масавыя затрыманні сваякоў палітвязняў, а таксама тых, хто дапамагаў зняволеным і іхным сем’ям грашыма і прадуктамі, адбыліся ў Беларусі 23–24 студзеня. Праваабаронцам вядомыя імёны 229 затрыманых і 24 чалавек, якія сталі падазраванымі або абвінавачанымі ў крымінальных справах.