У Гомлі будуць судзіць за шпіянаж грамадзянку Украіны
15.02.2024, 12:54
Belsat
podpis źródła zdjęcia
На лаве падсудных – валанцёрка Наталля Захаранка, якая знікла ў Гомлі ў ліпені 2023 года.
15 лютага ў Гомельскім абласным судзе пачнецца суд над Ларысай Крупай і грамадзянкай Украіны Наталляй Захаранкай. Украінку абвінавачваюць у шпіянажы на карысць Украіны.
Валанцёрка Наталля Захаранка, якая знікла ў Беларусі. (Фота: «Час Чернігівський»)
Справу будзе разглядаць суддзя Анатоль Сотнікаў, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Наталлю Захаранку абвінавачваюць паводле артыкулу 358 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь у шпіянажы на карысць Украіны. Ёй пагражае да 15 гадоў зняволення. Знаёмая Захаранкі Ларыса Крупа абвінавачваецца ў неданясенні аб злачынстве паводле часткі 2 артыкулу 406, за гэта ёй пагражае да двух гадоў зняволення.
Валанцёрка Наталля Захарава знікла ў Беларусі 19 ліпеня 2023 года, пра што паведаміла ейная маці. Пра суд, які адбудзецца над жанчынай, стала вядома на пачатку лютага 2024 года.
Наталля ездзіла ў Беларусь (у эвакуацыйны цэнтр у Мазыры) і дапамагала ўкраінцам, якія падчас акупацыі выехалі ў Беларусь, вяртацца ва Украіну. Яна пачала ездзіць у нашую краіну з другой паловы 2022 года, дапамагаючы на ўласным аўто перавозіць людзей, іхныя рэчы. За гэты час ёй удалося вывезці каля 30 асобаў.