Беларускі Чырвоны Крыж хоча прымусіць медработнікаў пералічваць грошы арганізацыі
18.02.2024, 23:16
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Беларускі Чырвоны Крыж / redcross.by)
podpis źródła zdjęcia
Рашэнне не адхіляць генеральнага сакратара арганізацыі ад пасады каштуе дорага.
Беларускі Чырвоны Крыж (БЧК) звярнуўся ў Менскі гарвыканкам з просьбай «аказаць садзейнічанне» у пералічэнні грошай арганізацыі з боку медработнікаў, паведаміў Фонд медычнай салідарнасці.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Беларускі Чырвоны Крыж / redcross.by)
Фонд апублікаваў адпаведны ліст Менскай гарадской арганізацыі БЧК на імя старшыні камітэту па ахове здароўя Менгарвыканкаму Ігара Юркевіча. Ліст датаваны 24 студзеня.
Чырвоны Крыж просіць у сталічных уладаў дапамогі «у пераходзе на фіксаванае членства ў першасных арганізацыях Беларускага Чырвонага Крыжа ўстаноў аховы здароўя Менску шляхам напісання заяў членамі першасных арганізацый на пералічэнне членскіх узносаў у памеры 1% сярэднямесячнай заработнай платы адзін раз у год».
Ліст падпісаны старшынёй Менскай гарадской арганізацыі БЧК Раманіяй Зорынай.
1 снежня 2023 года Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (МФТЧКіЧП) прыпыніла членства БЧК з-за невыканання кастрычніцкага патрабавання федэрацыі вызваліць ад пасады генеральнага сакратара Дзмітрыя Шаўцова, які абвінавачаны ў датычнасці да вывазу дзяцей з Украіны. Шаўцоў таксама адзначыўся рэзананснымі заявамі аб размешчанай у Беларусі расейскай ядравай зброі.
«Адхіленне азначае, што БЧК губляе свае правы члена МФТЧКіЧП. Любое новае фінансаванне ў дачыненні да Беларускага Чырвонага Крыжа таксама будзе прыпынена, – паведаміла міжнародная федэрацыя. – Акрамя таго, БЧК не зможа ўдзельнічаць у Генасамблеі МФТЧКіЧП, а таксама галасаваць або быць абраным на якіх-небудзь статутных сходах МФТЧКіЧП».
БЧК можа быць адноўлены ў правах, як толькі «выканае рашэнне праўлення» і адхіліць генеральнага сакратара ад пасады.
5 студзеня цэнтр «Бюро Медыя» апублікаваў даныя, з якіх вынікае, што БЧК пазбавіцца фінансавання ў памеры прыкладна 4,42 млн рублёў у выніку прыпынення членства ў Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца.