Расейцы зайшлі ў Пабеду, але былі разбітыя на іншых участках. Што вядома?
20.02.2024, 20:57
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі зенітчык 93-й асобнай механізаванай брыгады ЗСУ трымае ката на сваёй пазіцыі ў напрамку Бахмуту Данецкай вобласці, Украіна. 20 лютага 2024 года. (Фота: Anatolii Stepanov / AFP / East News)
podpis źródła zdjęcia
Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 20 лютага.
«Белсат» падводзіць вынікі 727-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 20 лютага чытайце ў нашым аглядзе.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі зенітчык 93-й асобнай механізаванай брыгады ЗСУ трымае ката на сваёй пазіцыі ў напрамку Бахмуту Данецкай вобласці, Украіна. 20 лютага 2024 года. (Фота: Anatolii Stepanov / AFP / East News)
На паўночным усходзе Харкаўскай вобласці працягваюцца сустрэчныя баі каля сяла Сынькоўка (на поўначы ад гораду Купянск), пра што сведчаць паведамленні ўкраінскага і расейскага камандаванняў: тут праціўнікі абмяняліся чатырма атакамі, але лінія сутыкнення засталася нязменнай.
Акрамя гэтага ёсць інфармацыя пра актыўнасць фронту каля сяла Табаеўка (на паўднёвым усходзе ад Купянску), але пакуль ніводнаму з бакоў не ўдаецца замацавацца ў самім населеным пункце.
На суседнім ліманскім кірунку ініцыятыва застаецца за расейскімі вайскоўцамі, якія наступаюць на так званым торскім выступе на поўначы Данецкай вобласці і каля сяла Белагораўка ў Луганскай. Пакуль сілам абароны Украіны ўдаецца стрымліваць праціўніка – за содні яны адбілі не менш за шэсць атак на гэтых участках.
Большая актыўнасць Узброеных сілаў РФ фіксуецца на бахмуцкім кірунку, дзе яны прынамсі 14 разоў атакавалі каля населеных пунктаў Багданаўка, Іванаўскае, Клішчыеўка і Андрэеўка.
Тэлеграм-канал вайскоўцаў ЗСУ «Бахмутський Демон» піша, што праціўнік пачаў ціснуць на Багданаўку з флангаў, паколькі ранейшыя спробы прабіцца цераз самое сяло не далі выніку. Пры гэтым адзначаецца, што УС РФ маюць значную перавагу ў артылерыі.
Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што камандаванне Узброеных сілаў РФ перакінула на бахмуцкі кірунак частку падраздзяленняў з-пад Аўдзееўскі. Нагадаем, бліжэйшай задачай расейцаў на гэтым участку фронту з’яўляецца захоп гораду Часаў Яр.
На аўдзееўскім кірунку, пасля выхаду ЗСУ з аднайменнага гораду, актыўнасць расейцаў знізілася, і цяпер яны атакуюць на асобных участках, імкнучыся знайсці слабыя месцы ў абароне праціўніка.
Украінскі Генштаб піша пра дзевяць безвыніковых атак войскаў РФ каля населеных пунктаў Ластачкіна, Севернае, Первамайскае і Невельскае.
Прарасейскі тэлеграм-канал «Romanov Лайт» сцвярджае, што УС РФ замацаваліся на ўсходніх ускрайкаў першага населенага пункту.
Між тым аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што расейцы хоць і прасунуліся на ўсходзе ад Ластачкіна, але ў самім сяле не замацаваліся: уночы 20 лютага некалькі вайскоўцаў РФ сапраўды зайшлі на тэрыторыю паселішча, але неўзабаве былі выяўленыя і знішчаныя сіламі абароны Украіны.
Ужо ранкам УС РФ пачалі зноў наступаць на Ластачкіна – гэтым разам калонаю з шасці БМП і аднаго танку, – але яшчэ на подступах да сяла былі разбітыя, пасля чаго адступілі.
У Міністэрстве абароны РФ паведамілі, што самыя ЗСУ на аўдзееўскім кірунку контратакуюць каля Лач і Первамайскага.
На мар’інскім кірунку Узброеныя сілы РФ ціснуць на населеныя пункты Георгіеўка, Пабеда і Новаміхайлаўка.
Тэлеграм-канал «Рыбарь» піша, што УС РФ выйшлі да ўскрайкаў сяла Пабеда і занялі ферму, якая знаходзіцца на ўсходзе ад яго. Пры гэтым адзначаецца, што ЗСУ намагаюцца адкінуць праціўніка назад, контратакуючы з боку суседняй Канстанцінаўкі.
Іншая прарасейская крыніца – «Архангел Спецназа» – сцвярджае, што расейцы перайшлі дарогу О0532 і занялі дзве вуліцы на поўначы самой Пабеды.
У гэты ж час у Новаміхайлаўцы ідуць сустрэчныя баі: тут войскі РФ замацаваліся на паўднёвым усходзе і цяпер прабіваюцца ў цэнтральную частку сяла.
З поўдня ад Новаміхайлаўкі Узброеныя сілы РФ наступаюць у бок Вадзянога, імкнучыся перарэзаць дарогу О0532 на Вуглядар.
На паўднёвым захадзе Данецкай вобласці расейцы зноў атакавалі каля сяла Старамаёрскае, але поспеху не дасягнулі.
У Запарожскай вобласці, паводле Генштабу ЗСУ, сілы абароны краіны адбілі 11 атак праціўніка каля населеных пунктаў Малінаўка і Работына на ўсходзе ад гораду Гуляйполе і на поўдні ад Арэхава адпаведна.
Пры гэтым праўкраінскія крыніцы пішуць пра поўны кантроль ЗСУ над Работына, хоць асобныя групы расейцаў на нейкі час змаглі прарвацца ў сяло.
Вайскоўцы ўкраінскай 46-й аэрамабільнай брыгады звяртаюць увагу на тое, што праціўнік зноў паўтарае свае ранейшыя памылкі, у прыватнасці, якія былі зробленыя пры штурме Новаміхайлаўкі: расейцы наступаюць на Работына калонамі састарэлай тэхнікі, якая лёгка знішчаецца супрацьтанкавымі сродкамі і FPV-дронамі. Гэта ў сваю чаргу сведчыць пра скарачэнне рэзерваў бранятэхнікі УС РФ.
На херсонскім кірунку баявыя дзеянні лакалізуюцца на левым беразе Дняпра, адкуль войскі РФ намагаюцца выбіць праціўніка – за содні адбылося не менш за пяць штурмаў пазіцыяў ЗСУ. Зменаў лініі фронту не зафіксавана.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.