Вяртанне адбылося пры спрыянні Катару. Адзінаццаць украінскіх дзяцей, якія былі вывезеныя на тэрыторыю Расеі з Украіны і яе часова акупаваных тэрыторыяў, вярнуліся дадому 20 лютага. Пра гэта паведамляе кіраўнік Офісу прэзідэнта Украіны Андрэй Ермак. Узрост вернутых дзяцей – ад 2 да 16 гадоў. «Адзінаццаць украінскіх дзяцей удома! Праца дзеля ўз’яднання семʼяў адбылася пры ўзаемадзеянні з упаўнаважаным Вярхоўнай Рады Украіны ў справе правоў чалавека Дмытром Лубінцом у рамках рэалізацыі зацверджанага плану дзеянняў прэзідэнта Украіны “Bring Kids Back UA”. Вяртанне адбылося пры спрыянні Дзяржавы Катар. Украіна дзякуе партнёрам за дапамогу! Выконваем задачы прэзідэнта Украіны – вяртаем дэпартаваных і прымусова перамешчаных дзяцей. РФ здзяйсняе генацыд украінцаў, але мы змагаемся і вернем усіх сваіх людзей», – піша Андрэй Ермак. Дзеці сустрэліся з семʼямі ў амбасадзе Катару ў Маскве. Адтуль яны паехалі ў Менск і пры пасярэдніцтве Чырвонага Крыжа – ва Украіну. Пра ўдзел беларускага боку распавяла ўпаўнаважаная пры прэзідэнце РФ у справе правоў дзіцяці Марыя Львова-Бялова. Паводле звестак ініцыятывы «Дзеці вайны», з пачатку поўнамаштабнай расейскай агрэсіі з Украіны прымусова вывезлі амаль 20 тысяч дзяцей. Міжнародны суд ААН абвінаваціў Львову-Бялову ў выкраданні дзяцей і выдаў ордар на яе арышт. Да незаконнага перамяшчэння больш як 2440 украінскіх дзяцей датычны таксама лукашэнкаўскі рэжым. Арсен Рудэнка belsat.eu