У Польшчы створана камісія, якая ўздымае пытанне ўдзелу беларускіх спартоўцаў-дысідэнтаў у спаборніцтвах
21.02.2024, 23:34
Камісія Міністэрства спорту і турызму Польшчы па пытаннях удзелу беларусаў у спартыўных спаборніцтвах. (Фота: Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі / Telegram)
podpis źródła zdjęcia
Сярод іншага камісія працуе над тым, каб выключыць магчымасць удзелу прарэжымных спартоўцаў у міжнародных турнірах.
Прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінету і НАУ увайшлі ў склад камісіі Міністэрства спорту і турызму Польшчы, якая будзе абмяркоўваць пытанні ўдзелу беларускіх спартоўцаў у спаборніцтвах, паведамляе АПКБ.
Камісія Міністэрства спорту і турызму Польшчы па пытаннях удзелу беларусаў у спартыўных спаборніцтвах. (Фота: Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі / Telegram)
У абноўлены склад камісіі ўваходзяць прадстаўнікі Міністэрства спорту, Нацыянальных алімпійскага і паралімпійскага камітэтаў Польшчы, Аб’яднанага пераходнага кабінета і Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.
На першым пасяджэнні камісіі пад старшынствам намесніка міністра спорту і турызму Польшчы Ірэнэуша Рася, а таксама намесніка кіраўніцы Кабінета Паўла Латушкі былі ўзнятыя пытанні падтрымкі беларускіх спартсменаў-дысідэнтаў.
Акрамя таго, падчас пасяджэння абмяркоўваліся пытанні супрацоўніцтва па магчымым допуску беларускіх спартоўцаў-дысідэнтаў у лёгкай атлетыцы і біятлоне да кваліфікацыйных спаборніцтваў Алімпіяды-2024 і Алімпіяды-2026, матэрыяльна-тэхнічнай падтрымкі беларускіх спартоўцаў у трэніровачным працэсе праз стыпендыі міністэрства і Алімпійскай салідарнасці на тэрыторыі Польшчы.
На парадку дня таксама стаялі пытанні верыфікацыі беларускіх спартоўцаў у адпаведнасці з рэкамендацыямі Міжнароднага алімпійскага камітэта для выключэння магчымасці ўдзелу чыноўнікаў Лукашэнкі і прарэжымных спартоўцаў у міжнародных спаборніцтвах, перш за ўсё ў Алімпіядзе-2024 у Парыжы.
Падчас пасяджэння старшыня Нацыянальнага паралімпійскага камітэта Польшчы Лукаш Шэліга выказаў гатовасць аказаць дапамогу беларускім паралімпійцам, якія пацярпелі ад рэпрэсій. Ён адзначыў, што будзе прасоўваць пытанне прыцягнення Аляксея Талая да адказнасці ў рамках спартыўнага права за ўдзел у ваенным злачынстве і нанясенні ўрону рэпутацыі Алімпійскага руху.
Камісія будзе збірацца раз на месяц. Адзначаецца, што яна адкрытая для прапаноў ад беларускіх спартоўцаў і спецыялістаў у галіне спорту, якія сутыкнуліся з дыскрымінацыяй або маюць рэлевантную інфармацыю. Накіраваць прапановы можна ў чат-бот НАУ.