навіны

Сяргей Горбік: «Ніякіх беларускіх дыверсантаў не было. Гэта былі расейскія вайскоўцы»

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Нацыянальная скаўцкая арганізацыя «Пласт» адкрыла штаб для тэрміновага збору правізіі на патрэбы ўкраінскай арміі. Людзі прыносяць адзенне, сродкі неабходнай гігіены і ежу. Таксама на месцы працуюць валанцёры, якія дапамагаюць упакоўваць рэчы і пагружаць у мікрааўтобус. Львоў, Украіна. 27 лютага 2022 года. (Фота: Белсат)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Нацыянальная скаўцкая арганізацыя «Пласт» адкрыла штаб для тэрміновага збору правізіі на патрэбы ўкраінскай арміі. Людзі прыносяць адзенне, сродкі неабходнай гігіены і ежу. Таксама на месцы працуюць валанцёры, якія дапамагаюць упакоўваць рэчы і пагружаць у мікрааўтобус. Львоў, Украіна. 27 лютага 2022 года. (Фота: Белсат)
podpis źródła zdjęcia

У кожнага чалавека свая гісторыя пачатку вайны.

У кожнага чалавека свая гісторыя пачатку вайны. Вайна раскрывае самыя светлыя бакі чалавека і самыя цёмныя. Яна агаляе праблемы і дае простыя адказы на самыя складаныя пытанні. Вайна прыйшла ў кожны ўкраінскі горад. Многім давялося ў першы ж дзень бегчы, ратуючы сваіх дзяцей, з Краматорска, Харкава, Адэсы… Але вайна прыйшла і ў гарады на захадзе краіны, якія адразу не бамбілі. Былы ваенны каплан Сяргей Горбік поўнамаштабнае ўварванне расейскіх войскаў сустрэў у Львове, які стаў яму родным горадам, хаця на вайне ён быў ужо з 2014 года на Данбасе. Ён падзяліўся сваімі ўспамінамі з Белсатам.
– Мяне разбудзіў званок. Я быў у спісе капеланаў і ў спісе грамадзянскага фармавання пры памежнай службе. У 10.30 я ўжо быў можна сказаць на вайне. Трэба было фармаваць блок-пасты. Чакалі, што будзе наступленне з Беларусі з боку Валыншчыны. Таму патрэбны былі ўсе, хто можа трымаць зброю.
– У гэты час з Кіева і іншых гарадоў з усходу Украіны ў бок Львова людзі ехалі машынамі, цягнікамі, аўтобусамі. А ў самім Львове, што адбывалася?
– У самім горадзе ніякай панікі не было. Так, вядома, на вакзале ўжо было чалавечае мора, якое ўжо вылівалася на гарадскія вуліцы. Туды прыходзілі мясцовыя і людзі з усёй Украіны ўсё прыбывалі і прыбывалі. У маім доме многія суседзі, якія мелі хату ў вёсцы, паехалі туды. Я думаю, што з’ехалі не таму, што спалохаліся войны, а каб пазбегнуць мабілізацыі. Я лічу, што пра гэта таксама трэба казаць.
– Адны паехалі хавацца ў склеп, а іншыя?
– Адны паехалі, каб пазбегнуць мабілізацыі, а іншыя з самай раніцы пайшлі ў ваенкамат. У ваенкаматах былі вялікія чэргі тады. Гадзінамі стаялі.
– Вайна агаляе ўсе праблемы і робіць відавочным тое, што раней не было відаць. Вось тыя, якія стаялі ў чэргах, і тыя, якія зʼехалі хавацца, яны ж выраслі ў адным горадзе. Як гэта паўплывала на стэрэатып аб тым, што чалавек, які гаворыць выключна на ўкраінскай будзе абавязкова з аўтаматам абараняць сваю Украіну?
– Стэрэатып разбурыўся. Не мела ніякага значэння – вышыванку насіў чалавек, ці проста майку, не стала мець значэння – па-руску ён кажа ці па-ўкраінску. Я бачыў, як беглі тыя, якія крычалі, што УПА – гэта героі, насілі адпаведныя значкі і г.д. Затое бачыў расейскамоўных, якія, не «фанацелі» ад УПА, але ў першы ж дзень вайны самі моўчкі пайшлі ў ваенкамат. І сёння ў Львове ўсё разумеюць, што сапраўдны патрыятызм гэта не атрыбутыка.
– Па якіх прыкметах можна было сказаць, што горад змяніўся, як горад у краіне, у якой ідзе вайна?
– Змяніўся ў першы ж дзень. У нас раней не было, як у Беларусі, патрулёў паліцыянтаў са зброяй і сабакамі на вуліцах. Для Львова гэта ўвогуле не тыповая карціна. А тут яны зʼявіліся і ў бронекамізэльках. Адразу ўзялі пад ахову ўсе чыгуначныя масты і там таксама стаялі патрулі. У горадзе адразу пачалі ахінаць помнікі, а яшчэ вокны сталі ўмацоўваць ад выбуху фанерай ці нечым іншым. Блок-пасты зʼявіліся. Былі і праверкі дакументаў. Тады, у першыя дні вайны, калі размаўляеш па-руску, то 80% гарантыі, што ў цябе правераць дакументы. Пасля гэта прайшло, бо тысячы перасяленцаў зʼявіліся і паліцыя на рускую гаворку ўжо так не рэагавала.
– Стаўленне да беларусаў адразу стала мяняцца. Тады шмат было інфармацыі пра дыверсантаў нібыта з Беларусі. Вы самі мелі такі досвед?
– Тады вельмі шмат закідвалі расейцы дыверсантаў і ў іх былі сапраўдныя беларускія пашпарты. Мы, беларусы, якія стаялі на блок-пастах, дапамагалі супрацоўнікам СБУ іх выяўляць. Дыверсанты змешваліся з натоўпам і прабіраліся ў бок мяжы з Польшчай. Паказвае такі «беларус» свой пашпарт, а там і месца нараджэння Менск, і прапіска менская. А як перавесці на рускую тое ці іншае слова з беларускай, не ведае. Так, дапусцім, што могуць быць такія беларусы, якія зусім не ведаюць роднай мовы. Але затое ўсе менчукі ведаюць што такое Камароўскі рынак і дзе ён знаходзіцца. А тут адзін таварыш кажа, што ля чыгуначнага вакзалу. Іншы таварыш апісвае плошчу Якуба Коласа і кажа, што на ёй стаіць храм.
Былі з намі хлопцы з Магілёва і Берасця. Яны таксама дапамагалі СБУ выкрываць тых дыверсантаў, у якіх у пашпартах стаялі прапіскі іх гарадоў. Яны не маглі адказаць на пытанні, на якія любы мясцовы адказаў бы без запінкі. Але пашпарты ў іх былі сапраўдныя. Адны з іх казалі, што едуць у Польшчу, ратуючыся ад вайны, а іншыя – да сваякоў на Львоўшчыне або ў Луцк. Ну, гэта ўжо справа СБУ высвятляць у іх, які яны атрымалі загад. Самае галоўнае, што ніякіх беларускіх дыверсантаў не было. Гэта былі расейскія вайскоўцы. Пашпарты беларускія? Так, з гэтым у іх было ўсё ў парадку.
– Ці былі выпадкі, калі даводзілася затрымліваць кагосьці, не прапускаць? Бо на блок-пастах былі хоць і ўзброеныя людзі, але не хапала на ўсіх касак і бронекамізэлек. Многія стаялі зусім без абароны.
– Былі выпадкі. Аднойчы мы спынілі машыну для праверкі дакументаў і агляду. У ёй была адна жанчына з дзіцем і яшчэ чацвёра мужчын у салоне. Праверылі дакументы і сказалі, што мужчынам ехаць далей нельга. Ды яны і самі гэта добра ведалі. Вось тады адзін з іх дастаў паляўнічую стрэльбу, пачаў істэрычна крычаць і патрабаваць, каб мы прапусцілі машыну. Ну, прыйшлося іх затрымаць. Добра, што абышлося без ахвяр.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. На чацверты дзень вайны Расеі з Украінай колькасць людзей на львоўскім вакзале склала больш за тысячу чалавек. Яны паўсюль: на платформах, у пераходах паміж перонамі, у зале чакання. Многія тут больш за содні, стомленыя і змучаныя. Часам здараецца цісканіна. Львоў, Украіна. 27 лютага 2022 года. (Фота: Белсат)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. На чацверты дзень вайны Расеі з Украінай колькасць людзей на львоўскім вакзале склала больш за тысячу чалавек. Яны паўсюль: на платформах, у пераходах паміж перонамі, у зале чакання. Многія тут больш за содні, стомленыя і змучаныя. Часам здараецца цісканіна. Львоў, Украіна. 27 лютага 2022 года. (Фота: Белсат)
– У самім Львове тады ў першыя дні людзей былі сотні тысяч. Адны з падзякай успамінаюць некаторых гараджанаў, іншыя – з крыўдай. Гэта датычыцца арэнды жылля. Кошты зашкальвалі і з людзей, якія апынуліся ў такім становішчы, як кажуць «дралі тры шкуры». Як зараз з гэтым ідуць справы?
– Многія са Львова ехалі да сваіх сваякоў у Польшчу, а свае кватэры здавалі тым, хто прыехаў з усходу Украіны. І здавалі дорага. Трэба шчыра казаць пра гэта. Гэта мела месца. Гэта быў бізнес на вайне. Але зараз ужо не такая сітуацыя. Тыя, якія хацелі выехаць у Польшчу ці ў іншыя краіны, ужо выехалі. Тыя, якія вырашылі застацца, альбо набылі сабе кватэры, альбо маюць працу і грошы, каб іх арандаваць. Ужо няма той хвалі бежанцаў, якая была ў першыя паўгода вайны і ажыятаж знік.
– Уся заходняя Украіна тады ў першыя дні вайны стала суцэльнай кухняй. Людзі гатавалі, пяклі, варылі, смажылі – усё для фронту. І ў самім Львове тады было шмат валанцёраў. А зараз?
– Тады стаялі пункты збору рэчаў, цацак, ежы, усяго таго, што магло спатрэбіцца бежанцам. Гэта было ўсюды. Людзі неслі і неслі нешта. Але зараз такога ўжо няма. Усё ўжо адладжанае і працуе як механізм. Адпала проста гэтая неабходнасць збіраць нешта і на вуліцы выстаўляць.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Нацыянальная скаўцкая арганізацыя «Пласт» адкрыла штаб для тэрміновага збору правізіі на патрэбы ўкраінскай арміі. Людзі прыносяць адзенне, сродкі неабходнай гігіены і ежу. Таксама на месцы працуюць валанцёры, якія дапамагаюць упакоўваць рэчы і пагружаць у мікрааўтобус. Львоў, Украіна. 27 лютага 2022 года. (Фота: Белсат)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Нацыянальная скаўцкая арганізацыя «Пласт» адкрыла штаб для тэрміновага збору правізіі на патрэбы ўкраінскай арміі. Людзі прыносяць адзенне, сродкі неабходнай гігіены і ежу. Таксама на месцы працуюць валанцёры, якія дапамагаюць упакоўваць рэчы і пагружаць у мікрааўтобус. Львоў, Украіна. 27 лютага 2022 года. (Фота: Белсат)
– У такія часы людзі імкнуцца падтрымліваць адзін аднаго. Як гараджане праяўляюць сваю салідарнасць?
– Мы бачым як выраслі ўзаемапавага і ўзаемадапамога. Людзі давалі адзін аднаму свае блокі зарадзіць тэлефон. У аптэках стаяць дызель-генератары на выпадак адключэння святла. Было такое, калі знікла электрычнасць, дык людзі не маглі разлічыцца ў краме за прадукты. І тады пакінулі нумары картак і дазволілі людзям проста забіраць прадукты. І што вы думаеце? Па паведамленнях таго ж супермаркета, 95% пакупнікоў перавялі адразу ж грошы, як толькі далі святло.
– Можна сказаць, што горад прывык жыць ва ўмовах вайны?
– Так, і тут ёсць пэўная небяспека. Бо, калі яшчэ спачатку, калі гучалі сірэны, людзі беглі ў сховішчы, то паступова гэта прайшло. Калі ў горадзе і былі прылёты, то яны былі толькі ўначы. Разумееце? Таму днём жыццё працягваецца ў звычайным рытме. У кожнага зараз ёсць паўэрбанк, у кожнага ёсць «трывожны чамаданчык», а з 2014 года такога не было. Людзі прызвычаіліся да таго, што ёсць ахвяры. Кожны, хто загінуў, абараняючы Украіну, герой, але рэакцыя ўжо не такая, як у першыя дні вайны. І гэта зразумела. Людзі стаміліся і паступова змірыліся з тым, што ёсць ахвяры і што яны непазбежна будуць. У гэтым і ёсць жах вайны. Гучыць сірэна, але працуюць людзі, едуць трамваі, ідуць мінакі… Проста, калі кожны раз, калі гучыць сірэна, усё кідаць і бегчы ў сховішча, то горад жа не зможа нармальна функцыянаваць. Што такое на 3 гадзіны паралізаваць жыццё ў горадзе? А расейцы менавіта гэтага і дамагаюцца. Але гараджане яшчэ і такім чынам дэманструюць, што не баяцца і што выстаяць, нягледзячы на тое, што гучаць сірэны, нягледзячы на тое, што ўсе разумеюць, што прыляцець можа ў любую хвіліну. Усім сваім выглядам яны дэманструюць ворагу: не дачакаецеся.
Любоў Лунёва belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10