У жніўні 2020-га машына на расейскіх нумарах пратараніла браму аддзела КДБ. Што гэта было?
25.02.2024, 22:08
Belsat
podpis źródła zdjęcia
Пра здарэнне стала вядома толькі цяпер.
Альянс расследавальнікаў Беларусі знайшоў дакументы, з якіх стала вядома пра здарэнне, якое адбылося 31 жніўня 2020 года ў Воршы.
Як высветліў Альянс расследавальнікаў Беларусі, позна ўвечары 31 жніўня 2020 году пʼяная кампанія на аўтамашыне «Мерседэс Бэнц» пратараніла браму Аршанскага міжраённага аддзелу КДБ. Пашкодзіўшы браму, кампанія зʼехала і накіравалася ў гульнявы клуб «Вэгас». Там іх і затрымала міліцыя.
У кіроўцы ўжо была судзімасць за пʼяную язду і 5-гадовая забарона на кіраванне аўтатранспартам.
Як вынікае з даведкі, накіраванай на імя кіраўніка УУС Віцебскага аблвыканкама, на просьбы прайсці ў службовы аўтамабіль, каб паехаць на медагляд, мужчына «адказаў адмовай, стаў упірацца нагамі ў падлогу, размахваць рукамі, спрабаваў вырвацца, чым аказаў непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі». У выніку да мужчыны была ўжытая фізічная сіла, яго змясцілі ў ІЧУ.
Дакументы наконт здарэння ў Воршы, якія апублікаваў Альянс расследавальнікаў Беларусі. Крыніца: allians_belarus / Telegram
Для кіроўцы і пасажыраў «прыгода» скончылася адміністратыўкай і паўторнай крымінальнай справай за п’яную язду.
Пры гэтым раздзімаць гэтую гісторыю ўлады не сталі: у прэс-рэлізах праваахоўных органаў і ў матэрыялах дзяржаўных медыяў пра здарэнне ў Воршы нічога не паведамлялася. «Што лагічна, бо ў тых, хто нападаў, няма ніякіх сувязяў з апазіцыяй або ўдзельнікамі пратэставых маршаў-2020», – рэзюмуе Альянс расследавальнікаў Беларусі.