Расейцы ціснуць па ўсім фронце. Што адбываецца ва Украіне?
27.02.2024, 21:02
Здымак мае ілюстрацйны характар. Украінскія вайскоўцы. (Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook)
podpis źródła zdjęcia
Расейцы прасоўваюцца на захадзе ад Аўдзееўкі. Што вядома?
«Белсат» падводзіць вынікі 734-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 27 лютага чытайце ў нашым аглядзе.
Здымак мае ілюстрацйны характар. Украінскія вайскоўцы. (Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook)
Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)
На купянскім кірунку фіксуецца павелічэнне інтэнсіўнасці наступальных дзеянняў з боку Узброеных сілаў РФ: паводле ўкраінскага камандавання, цягам апошніх содняў сілы абароны краіны адбілі 20 атак праціўніка каля сяла Сынькоўка, і яшчэ дзве – у ваколіцах Іванаўкі і Табаеўкі.
Пры гэтым у Міністэрстве абароны РФ заявілі, што іхныя вайскоўцы занялі больш выгадныя пазіцыі.
На суседнім ліманскім кірунку баявыя дзеянні лакалізуюцца на так званым торскім выступе на поўначы Данецкай вобласці.
Украінскі Генштаб піша пра шэсць адбітых атак каля сяла Церны.
На гэтым жа ўчастку фронту ўжо самыя ЗСУ двойчы контратакавалі, імкнучыся вярнуць раней страчаныя пазіцыі, але поспеху не дасягнулі.
Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)
На бахмуцкім кірунку, паводле аналітыкаў праекту Deepstate, УС РФ наступаюць па лініі населеных пунктаў Багданаўка – Іванаўскае і маюць частковы поспех.
Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» паведамляе, што войскі РФ замацаваліся на вышынях з поўначы ад Іванаўскага і ў паўднёва-ўсходняй частцы самога сяла, і цяпер вядуць штурмавыя дзеянні ў цэнтральнай частцы населенага пункту.
Адначасова з гэтым яны рухаюцца на ўчастку паміж Багданаўкай і Іванаўскім, дзе ім удалося выбіць праціўніка з умацаваных раёнаў на вышынях і ў лесапасадках.
Праўкраінскі канал «Говорять Снайпер» адзначае цяжкую для ЗСУ сітуацыю ў Іванаўскім: расейцы намагаюцца перарэзаць лагістыку сілаў абароны.
Акрамя гэтага крыніца піша пра няўдалую спробу штурму з боку праціўніка на поўначы ад сяла Клішчыеўка.
Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)
На аўдзееўскім кірунку расейскія вайскоўцы ціснуць з захаду ад аднайменнага гораду, імкнучыся выйсці на аператыўны прастор.
У Deepstate пішуць, што сілы абароны адбілі чатыры накаты на сяло Стэпавое (на паўночным захадзе ад Аўдзееўкі), але ў выніку пакінулі населены пункт, каб пазбегнуць атачэння.
Таксама расейцы занялі сяло Севернае (на паўднёвым захадзе ад гораду).
Акрамя гэтага, паводле аналітыкаў, УС РФ атакуюць Арлоўку, перыядычна заходзячы ў самое сяло, і намагаюцца прабіцца да Танэнькага з поўначы.
На мар’інскім кірунку ўкраінскі бок фіксуе 25 няўдалых атак праціўніка каля Новаміхайлаўкі, і яшчэ 8 – побач з Краснагораўкай, Георгіеўкай і Пабедай.
Пры гэтым «Рыбарь» сцвярджае, што войскі РФ прасунуліся ў прыватным сектары Краснагораўкі ў ваколіцах вуліцаў Шаўчэнкі і Парыжскай камуны. Ёсць верагоднасць, што цяпер баі ідуць у прамысловай зоне закінутага аўтарамонтнага заводу.
Байцы 46-й аэрамабільнай брыгады ЗСУ гавораць, што расейцы руйнуюць Краснагораўку артылерыяй, а таксама аднавілі авіяцыйныя ўдары, якіх доўгі час не назіралася.
Мінабароны РФ піша, што каля Краснагораўкі, Георгіеўкі і Новаміхайлаўкі ўкраінцы сем разоў контратакавалі, але вярнуць раней страчаныя пазіцыі не здолелі.
Бярдзянскі, мелітопальскі і херсонскі кірункі (лінія фронту на поўдні Данецкай вобласці, а таксама ў Запарожскай і Херсонскай вобласцях)
На паўднёвым захадзе Данецкай вобласці расейскія вайскоўцы ў чарговы раз намагаліся палепшыць сваё тактычнае становішча каля сяла Новаданецкае, але лінія сутыкнення засталася нязменнай.
У Запарожскай вобласці, паводле Міністэрства абароны РФ, украінскія вайскоўцы тройчы атакавалі каля сяла Марфапаль (на паўднёвым усходзе ад гораду Гуляйполе), але таксама не дасягнулі поспеху.
Пры гэтым самыя УС РФ працягваюць ціснуць з поўдня ад гораду Арэхаў на ўчастку паміж сёламі Вэрбовае і Работына.
«Рыбарь» піша, войскі РФ крыху прасунуліся ў лесапасадках на паўночным захадзе ад Вэрбовага. Пры гэтым ЗСУ захоўваюць пазіцыі на захадзе ад сяла.
У Херсонскай вобласці баявыя дзеянні лакалізуюцца на левым беразе Дняпра, дзе ЗСУ ўтрымліваюць некалькі невялікіх плацдармаў.
Прарасейскі тэлеграм-канал «Romanov Лайт» паведамляе, што тут украінцы прасунуліся на захад у сяле Крынкі ў бок суседняга населенага пункту Казачыя лагеры.
Нагадаем, раней расейскае камандаванне заявіла пра захоп Крынак.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.