Згвалтаваная ў Варшаве беларуска ў вельмі цяжкім стане. Адкрыты збор для яе падтрымкі
27.02.2024, 20:50
Лізавета, якая пацярпела ад згвалтавання ў цэнтры Варшавы зараз знаходзіцца ў бальніцы. 25 лютага 2024 года. Фота прадастаўлена субяседнікам
podpis źródła zdjęcia
Таксама блізкія Лізаветы просяць адгукнуцца беларускіх лекараў.
Беларуска Лізавета, якую згвалтавалі ў цэнтры Варшавы 25 лютага, знаходзіцца ў рэанімацыі. Яна без прытомнасці, падлучаная да апарата ШВЛ. Хлопец дзяўчыны, украінец Даніла, адкрыў збор сродкаў для дапамогі, бо ў Лізы няма страхоўкі.
Лізавета, якая пацярпела ад згвалтавання ў цэнтры Варшавы зараз знаходзіцца ў бальніцы. 25 лютага 2024 года. Фота прадастаўлена субяседнікам
«Ліза не працавала афіцыйна і зараз не мае медычнай страхоўкі… Ведаю, што клініка можа запатрабаваць аплату… магчыма нехта мае досвед ці разуменне прававых аспектаў такога становішча. На жаль, лекары даюць несуцяшальны прагноз… і верагодна, запатрабуецца вельмі доўгая рэабілітацыя… Зыходзячы з гэтага, прашу фінансавай падтрымкі, каб была магчымасць аператыўна выконваць усё-ўсё, што патрабуецца, для выратавання маёй каханай!» – кажа Даніла.
Ён таксама шукае лекараў з Беларусі з досведам у неўралогіі, якія дапамаглі б яму зразумець, што адбываецца з Лізай, якое лячэнне і догляд патрабуюцца.
Падтрымаць беларуску можна па спасылцы. За 27 лютага, на момант публікацыі, сабрана больш за 27 тысяч злотых з патрэбных 800 тысяч.
Нагадаем, 23-гадовая Ліза нарадзілася ў аграгарадку Путчына Дзяржынскага раёну. Пасля падзеяў 2020 года яна з’ехала з Беларусі з-за рэпрэсій. У Варшаве ў яе няма сваякоў, найбліжэйшы яе чалавек там – хлопец Даніла.
Увечары 24 лютага Ліза адпачывала з сяброўкай, позна ўначы вярталася пешшу дадому. Але да хаты не дайшла – на яе напаў мужчына, жорстка згвалтаваў і душыў. Знайшлі дзяўчыну аголенай без прытомнасці на лесвіцы ў двары.
Цяпер дзяўчына знаходзіцца ў больніцы. Лекары сказалі рыхтавацца да смяротнага зыходу.
«З таго, што мне казалі, выходзіць, што па факце яна памерла, і нейкі час сэрца не працавала. Пасля лекары яе рэанімавалі. Цяпер з-за гэтага праблемы з мозгам, ён нейкі час не атрымліваў кісларод », – распавёў Даніла.
Гвалтаўніка затрымалі па гарачых слядах у дзень злачынства, для гэтага былі задзейнічаныя розныя падраздзяленні польскай паліцыі. Мужчыне 23 гады. Яму прадʼяўленыя абвінавачанні ў сексуальным злачынстве, рабаванні і замаху на забойства з ужываннем небяспечнай зброі. У здымнай кватэры, дзе пражываў мужчына, знайшлі балаклаву, кухонны нож, а таксама два мабільныя тэлефоны, плацежныя карты і кашалёк пацярпелай, паведамляе варшаўская паліцыя.
Падазраваны ў згвалтаванні беларускі ў цэнтры Варшавы. (Фота: srodmiescie.policja.gov.pl)
Згодна польскаму заканадаўству, мужчыне пагражае да 25 гадоў або нават пажыццёвае зняволенне. Цяпер лёс падазраванага вырашыць суд.