Расейцы штурмуюць сёлы Іванаўскае і Арлоўка. Што адбываецца ва Украіне?
28.02.2024, 22:17
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Медыкі аказваюць дапамогу параненаму ўкраінскаму вайскоўцу ў стабілізацыйным пункце пад Бухматам у Данецкай вобласці, Украіна. 25 лютага 2024 года. (Фота: Diego Herrera Carcedo / Anadolu Press / Abaca Press / East News)
podpis źródła zdjęcia
Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 28 лютага.
«Белсат» падводзіць вынікі 735-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 28 лютага чытайце ў нашым аглядзе.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Медыкі аказваюць дапамогу параненаму ўкраінскаму вайскоўцу ў стабілізацыйным пункце пад Бухматам у Данецкай вобласці, Украіна. 25 лютага 2024 года. (Фота: Diego Herrera Carcedo / Anadolu Press / Abaca Press / East News)
У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра адбіццё 13 атак праціўніка каля населеных пунктаў Сынькоўка і Табаеўка ў Купянскім раёне Харкаўскай вобласці.
Пры гэтым у Міністэрстве абароны РФ заявілі, што ў ваколіцах Сынькоўкі атакавалі і ўкраінскія вайскоўцы, што ўказвае на сустрэчны характар баёў на гэтым участку фронту.
На суседнім ліманскім кірунку, паводле ўкраінскага камандавання, сілы абароны краіны адбілі 11 атак каля населеных пунктаў Церны і Раздолаўка на поўначы Данецкай вобласці.
Каля першага сяла ЗСУ контратакуюць, імкнучыся адкінуць праціўніка далей ад левага берага ракі Жарабец.
Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што акрамя гэтага ідуць цяжкія сустрэчныя баі на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва з поўдня ад сяла Дзіброва на Луганшчыне.
На бахмуцкім кірунку ініцыятывай па-ранейшаму валодаюць Узброеныя сілы РФ, якія ціснуць з захаду і поўдня ад аднайменнага раённага цэнтру. Украінскі Генштаб піша пра 11 няўдалых атак праціўніка каля населеных пунктаў Іванаўскае, Клішчыеўка і Андрэеўка.
Разам з тым іншыя крыніцы паведамляюць аб прасоўваннях УС РФ у сяле Іванаўскае (на паўднёвым захадзе ад Бахмуту).
Прарасейскі тэлеграм-канал «Белорусский силовик» сцвярджае, што пад кантроль войскаў РФ перайшла большая частка Іванаўскага, але ўкраінцы намагаюцца контратакаваць.
Цяжкую сітуацыю ў населеным пункце пацвярджаюць і самыя вайскоўцы ЗСУ: паведамляецца, што баі ідуць у цэнтры заходняй часткі сяла, але расейцам пакуль не ўдаецца замацавацца. Адначасова з гэтым ідзе ціск з флангаў – такім чынам УС РФ намагаюцца перарэзаць лагістыку сілаў абароны.
Таксама ёсць паведамленні, што Узброеныя сілы РФ кідаюць у наступ свае рэзервы, што дазволіць дасягнуць пэўных поспехаў, але зменшыць іхны патэнцыял у будучыні.
На аўдзееўскім кірунку расейцы развіваюць наступ на захадзе ад раней занятага аднайменнага гораду, атакуючы каля сёлаў Бэрдычы, Арлоўка, Танэнькае, Первамайскае і Невельскае. Прычым найбольш складаная сітуацыя для ЗСУ фіксуецца на паўночным фланзе.
Аналітыкі праекту Deepstate пішуць, што УС РФ прасунуліся на поўдні ад сяла Стэпавое (раней украінскія вайскоўцы пакінулі сам населены пункт, каб пазбегнуць атачэння).
Тэлеграм-канал «Офіцер», спаслаўшыся на крыніцы сярод вайскоўцаў ЗСУ на аўдзееўскім кірунку, паведамляе, што цяпер праціўнік намагаецца ад Стэпавога прарвацца да Бэрдычаў.
Адначасова з гэтым ідзе падрыхтоўка да масіўнага штурму суседняй Арлоўкі.
Іншая праўкраінская крыніца – «Говорять Снайпер» – піша, што расейцы ўжо прабіліся да Арлоўкі, і цяпер баі ідуць на поўдні сяла. Пры гэтым адзначаецца, што праціўніку ўдалося перакінуць у населены пункт вялікую колькасць пяхоты. Фіксуюцца прасоўванні.
Між тым «Белорусский силовик» сцвярджае, што большая частка Арлоўкі ўжо перайшла пад кантроль УС РФ.
Высокая інтэнсіўнасць наступальных дзеянняў Узброеных сілаў РФ фіксуецца і на навапаўлаўскім кірунку. Паводле Генштабу ЗСУ, тут цягам апошніх содняў сілы абароны краіны адбілі не менш за 29 атак праціўніка каля населеных пунктаў Краснагораўка, Георгіеўка, Пабеда і Новаміхайлаўка, а таксама яшчэ 4 – каля Вуглядару, Старамаёрскага і Ураджайнага.
Пры гэтым у Deepstate фіксуюць прасоўванні расейцаў з поўдня ад Краснагораўкі.
Таксама варта звярнуць увагу на актывізацыю фронту на паўднёвым фланзе кірунку. Атакуючы каля Вуглядару, УС РФ намагаюцца рухацца насустрач паўночнай групоўцы, каб у выніку атачыць украінцаў ці вымусіць іх адысці на захад.
Адначасова з гэтым расейцы расцягваюць абарону праціўніка, на што ўказваюць атакі каля Старамаёрскага і Ураджайнага – так званы ўрэмеўскі выступ. Пры гэтым прарасейскія крыніцы адзначаюць, што пра маштабны наступ на гэтым участку фронту гаворка не ідзе, і дзеянні войскаў РФ выглядаюць няспешнымі.
У Запарожскай вобласці атакі расейцаў зафіксаваныя каля селаў Малінаўка (на ўсходзе ад гораду Гуляйполе) і Работына (з поўдня ад гораду Арэхаў).
«Говорять Снайпер» удакладняе, што расейцы па-ранейшаму намагаюцца прарвацца на ўскрайкі сяла Работына і замацавацца, але поспеху не маюць. Пры гэтым яны нясуць істотныя страты ў жывой сіле і тэхніцы.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.