У Беларусі спрабуюць даказваць праз суды факты смерці сваякоў, якія ваявалі за Расею
29.02.2024, 17:43
Расейскія вайскоўцы ў вёсцы Бугас Данецкай вобласці, Украіна. 1 сакавіка 2022 года. (Фота: МП / Белсат)
podpis źródła zdjęcia
Да прызнання рэжымам Лукашэнкі ЛНР і ДНР суды адмаўляліся прымаць дакументы адтуль.
Жыхары Гомельскай вобласці дамагаліся ўстанаўлення фактаў смерці сваякоў, якія загінулі ва Украіне, ваюючы на баку Расеі. Звесткі пра гэта ў банку судовых пастановаў Беларусі знайшоў «Флагшток».
Расейскія вайскоўцы ў вёсцы Бугас Данецкай вобласці, Украіна. 1 сакавіка 2022 года. (Фота: МП / Белсат)
У лютым 2023 года суд Рэчыцкага раёну разглядаў справу, у якой мясцовая жыхарка прасіла ўстанавіць факт смерці сына. У загсе ёй адмовілі падаваць пасведчанне аб смерці, бо ў яе няма пацверджанняў. Такім чынам жанчына не можа, сярод іншага, атрымаць дапамогу на пахаванне, адзначаецца ў рашэнні суда.
У дакуменце таксама гаворыцца, што яна расказала, што сын загінуў «пры выкананні спецыяльнай ваеннай аперацыі», а запіс аб ягонай смерці быў здзейснены органам «Міністэрства юстыцыі Л. Народнай Рэспублікі».
Пастанова суда. Крыніца: Флагшток
На той момант рэжым Лукашэнкі яшчэ не прызнаў самаабвешчаных «ЛНР» і «ДНР», таму жанчыне адмовілі ў прызнанні дакументаў. Ёй давялося даказваць факт смерці сына з дапамогай іншых дакументаў, у тым ліку – выпіскай з указу прэзідэнта Расеі аб узнагароджанні загінулага беларуса медалём пасмяротна.
Суд усё ж устанавіў факт смерці «з прычыны агнястрэльных выбуховых аскепкавых скразных пранікальных раненняў галавы, шыі, канцавінаў».
Падобная сітуацыя разглядалася ў судзе Светлагорскага раёну ў ліпені 2023 года. Мужчына хацеў устанавіць факт смерці сына з дакументамі Мінюсту так званай «ЛНР». Тады суд не прыняў гэтых папераў, бо «ЛНР» «ёсць непрызнанай дзяржавай, у сувязі з чым пасведчанне аб смерці, выдадзенае дзяржаўнымі ўстановамі непрызнанай дзяржавы, не ёсць дакументам, на падставе якога натарыусам можа быць выдадзенае пасведчанне аб праве на спадчыну», – адзначаецца ў судовых матэрыялах.
Пастанова суда. Крыніца: Флагшток
Аднак, «прааналізаваўшы і ацаніўшы сабраныя ў справе доказы ў іх сукупнасці», суд таксама ўстанавіў факт смерці нарадзінца Светлагорску.
«Іншы выпадак разбіраў суд Мазырскага раёну ў снежні 2023 года. Там разглядалі пазоў мясцовай жыхаркі аб спагнанні аліментаў на ўтрыманне непаўналетняга дзіцяці. Але пры разглядзе высветлілася, што бацька дзіцяці зʼехаў у РФ, а пазней у званні шарагоўца знік без вестак «пры выкананні задачаў у ходзе спецыяльнай ваеннай аперацыі». У выніку пазоўная заява мазыранкі засталася без разгляду», – падводзіць рысу «Флагшток».