навіны

Няўдалая аперацыя ССА і цяжкія баі на ўсходзе. Што адбываецца ва Украіне?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы страляюць з малых рэактыўных сістэм залпавага агню па расейскіх войсках каля лініі фронту ў Запарожскай вобласці, Украіна. 19 жніўня 2023 года. (Фота: Viacheslav Ratynskyi / Reuters / Forum)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы страляюць з малых рэактыўных сістэм залпавага агню па расейскіх войсках каля лініі фронту ў Запарожскай вобласці, Украіна. 19 жніўня 2023 года. (Фота: Viacheslav Ratynskyi / Reuters / Forum)
podpis źródła zdjęcia

Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 29 лютага

«Белсат» падводзіць вынікі 736-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 29 лютага чытайце ў нашым аглядзе.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы страляюць з малых рэактыўных сістэм залпавага агню па расейскіх войсках каля лініі фронту ў Запарожскай вобласці, Украіна. 19 жніўня 2023 года. (Фота: Viacheslav Ratynskyi / Reuters / Forum)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы страляюць з малых рэактыўных сістэм залпавага агню па расейскіх войсках каля лініі фронту ў Запарожскай вобласці, Украіна. 19 жніўня 2023 года. (Фота: Viacheslav Ratynskyi / Reuters / Forum)
У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра адбіццё дзвюх атак праціўніка каля населеных пунктаў Сынькоўка і Табаеўка ў Купянскім раёне. Адсутнасць зменаў лініі фронту на кірунку цягам апошніх содняў адзначае і расейскі ваенкор Сямён Пегаў.
Большая інтэнсіўнасць наступальных дзеянняў расейскіх вайскоўцаў фіксуецца на суседнім ліманскім кірунку. Паводле Генштабу ЗСУ, тут сілы абароны краіны адбілі 12 атак каля населеных пунктаў Церны і Ямпалаўка на поўначы Данецкай вобласці і каля Белагораўкі на Луганшчыне. Пры гэтым вядома, што расейцы актыўна задзейнічаюць на гэтым участку фронту сучасную тэхніку, пра што сведчыць знішчэнне чарговага танка Т-90 украінскімі вайскоўцамі.
На бахмуцкім кірунку Узброеныя сілы РФ ціснуць на захадзе і поўдні ад аднайменнага раённага цэнтру, імкнучыся выйсці да суседняга гораду Часаў Яр. Ваенкор Пегаў паведамляе пра баі ў ваколіцах сёлаў Багданаўка, Іванаўскае і Клішчыеўка.
Украінскае камандаванне піша пра дзевяць адбітых атак праціўніка каля Іванаўскага і Клішчыеўкі.
Самыя вайскоўцы ЗСУ, якія трымаюць абарону на кірунку, гавораць пра складаную сітуацыю ў сяле Іванаўскае. Тут расейцы намагаюцца абысці ўкраінцаў з флангу. Між тым агулам байцы сілаў абароны адзначаюць, што сітуацыя на кірунку застаецца кантраляванай.
На аўдзееўскім кірунку расейскія вайскоўцы развіваюць поспех на захадзе ад раней занятага аднайменнага гораду.
Аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што УС РФ прасунуліся на поўдні ад сёлаў Бэрдычы і Танэнькае, каля Невельскага і ў Арлоўцы.
У гэты ж час прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» піша, што бліжэй да позняга вечара 28 лютага войскі РФ занялі сёлы Танэнькае і Бэрдычы, а ўжо ўночы – узялі пад поўны кантроль Арлоўку.
Пры гэтым, паводле крыніцы, на фоне поспехаў каля Бэрдычаў і Танэнькага ўтварыліся два невялікія паўкатлы, у якіх засталіся вайскоўцы ЗСУ.
Разам з тым іншыя прарасейскія крыніцы мяркуюць, што ўкраінскія сілы яшчэ могуць заставацца ў Арлоўцы, а галоўнакамандуючы сухапутнымі войскамі ЗСУ Аляксандр Сырскі ўвогуле гаворыць пра ўкраінскі кантроль над населенымі пунктамі Бэрдычы, Танэнькае і Арлоўка.
Пры гэтым у штодзённай зводцы ад Міністэрства абароны РФ ніяк не каментуюць становішча ў вышэйзгаданых сёлах.
Агулам, улічваючы дынаміку на аўдзееўскім кірунку, можна меркаваць, што бліжэйшым часам Узброеныя сілы РФ прасунуцца далей на захад па фронце і ў выніку выйдуць да ракі Воўча, якая стане прыродным рубяжом абароны для Збройных сілаў Украіны.
Вялікая інтэнсіўнасць наступальных дзеянняў расейскіх вайскоўцаў фіксуецца і на паўднёвым участку фронту ў Данецкай вобласці. Па інфармацыі Генштабу ЗСУ, тут сілы абароны краіны цягам содняў адбілі не менш за 38 атак праціўніка каля населеных пунктаў Краснагораўка, Георгіеўка, Новаміхайлаўка і Ураджайнае.
У Трэцяй асобнай штурмавой брыгадзе ЗСУ заявілі, што ім удалося выбіць расейцаў з паўднёва-ўсходняй часткі Краснагораўкі. Пры гэтым адзначаецца, што за кароткі прамежак часу прысутнасці праціўніка ў Краснагораўцы, яму ўдалося замацавацца на пазіцыях і падрыхтавацца да трывалай абароны. У выніку баёў расейцы страцілі каля 100 вайскоўцаў, пры гэтым яны адмаўляліся здавацца ў палон. Цяпер Краснагораўка зноў знаходзіцца пад поўным кантролем сілаў абароны Украіны.
Байцы 46-й аэрамабільнай брыгады ЗСУ пішуць, што войскі РФ штурмуюць Новаміхайлаўку з поўдня і ўсходу, але пакуль не могуць прасунуцца. Пры гэтым па заходняй частцы сяла наносяцца артылерыйскія і авіяцыйныя ўдары.
Сямён Пегаў паведамляе, што таксама на навапаўлаўскім кірунку УС РФ няўдала атакавалі на поўначы ад сяла Прыютнае (гэты населены пункт знаходзіцца на самым усходзе Запарожскай вобласці каля так званага ўрэмеўскага выступу на фронце).
У цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці працягваюцца баявыя дзеянні з поўдня ад гораду Арэхаў у ваколіцах населеных пунктаў Вэрбовае і Работына. Пакуль сілам абароны Украіны ўдаецца стрымліваць праціўніка. Пры гэтым адзначаецца, што наступальная актыўнасць расейцаў істотна знізілася.
У Херсонскай вобласці працягваюцца баі на левым беразе Дняпра, дзе ЗСУ ўтрымліваюць некалькі невялікіх плацдармаў. Прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» піша, што ўкраінцы абараняюцца на лецішчах каля Антонаўскага моста, а таксама ў сяле Крынкі.
Таксама 28 лютага Сілы спецыяльных аперацыяў Украіны паспрабавалі высадзіцца на Тэндраўскай касе на паўднёвым захадзе Херсонскай вобласці, але былі загадзя выяўленыя расейцамі. У выніку чаго чатыры лодкі ССА былі знішчаныя, а яшчэ адна – вярнулася на падкантрольныя Украіне тэрыторыі.
Правал аперацыі і страту байцоў прызналі ў кіраўніцтве ССА.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.
Наталля Кулыгіна belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10