«Калі птушкі ўсяго свету на голас мой прыляцяць». Спявачка Кетэван – пра свой лунацізм, закаханасць у музыку і няўтульнасць Варшавы
07.03.2024, 19:00
Кетэван Асраташвілі. Варшава, Польшча. 22 лютага 2024 года. (Фота: Міра Ляселішская / Белсат)
podpis źródła zdjęcia
Сны Кетэван Асраташвілі
«Так прыгожа і так балюча», – кажа пра апошнія песні сваёй дачкі маці спявачкі Кетэван Асраташвілі. Гэтай вясной Кетэван абяцае падарыць слухачам шмат новых песень. У іх – не толькі прыгажосць і боль. Яшчэ – надзея і сіла. Размаўляем з Кэці ў яе сонечнай варшаўскай кватэрцы пра самае патаемнае – сны, музыку і цішыню.
Кетэван Асраташвілі. Варшава, Польшча. 22 лютага 2024 года. (Фота: Міра Ляселішская / Белсат)
«Белсат»: – Кэці, зноў рызыкую нарвацца на абвінавачванні ў «male gaze» і аб’ектывацыі, але твае прыгожыя сінія вочы – ад мамы-беларускі?
Кетэван Асраташвілі: – Так, маміны вочы. Блакітныя. Але якога колеру – залежыць ад надворʼя. Бываюць проста шэрыя. Ведаеш, я вельмі люблю кветкі, для мяне важна, каб былі такія яркія, прыгожыя моманты. І калі сонейка – вельмі люблю. Адчуваю гэта тады як пераключэнне з «ціха» на «гучна» – «volume». Вжжык – і падʼём. Была ніякая, а сонейка выйшла – і ўсё па-іншаму. Думаю, што і вочы мае тады сінеюць (смяецца).
– Ці калі закахаешся?
– Так рэзка: упс – і блакітныя! Блін, гэта цікавая суперсіла. Хочацца думаць, што так. Насамрэч вочы ў мяне троху большыя, чым у мамы. Едзем неяк у ліфце, яна глядзіць на мяне, такая спалоханая. «Ты чаго?» – пытаюся. «У цябе такія страшныя вочы, глянь!». Я смяюся: «Ну дзякуй, мам, вельмі прыемна». Паказалася ёй, што яны аж завялікія.
– Вось цяпер і распавядзі, як чалавек з такімі блакітнымі і «завялікімі» вачыма перажыў у эміграцыі чарговую зіму?
– Цяжка. Цяжкая зіма была, калі толькі пра гэтую казаць. Але яшчэ ўвосень стала цяжка, нават напрыканцы лета. Я паехала ў Гданьск, бо не разумела, дзе я, у якім вымярэнні, дзе ўвогуле знаходжуся. Пайшла на гэтую паўвыспу ў Гданьску – на Вэстэрплятэ (Westerplatte). Маё любімае месца. Вельмі змрочнае і ў той жа час прыгожае. Люблю туды прыязджаць у шторм. І якраз так выпала, што ў мяне суперзмрочны настрой, а там – шторм. Моцны вецер дзьме, а я сяджу паўтары гадзіны – і гэтыя хвалі мяне амаль накрываюць. Тыя цяжкія хвалі… Гэта было вельмі балюча, але я ўсё сядзела, і сядзела, і сядзела…
Belsat (Фота: Міра Ляселішская / Белсат)
Потым прыехала дамоў і адразу напісала псіхатэрапеўту, якога мне параілі. «Вы мне патрэбныя», – напісала. Ну і мы займаліся з ім. Таму такая зіма. Плюс антыдэпрэсанты. Яны не перарабляюць тваё жыццё, гэта больш – пра падтрымку твайго стану. У цябе зʼяўляецца трошкі больш моцы, каб усё перажыць. І нармалёк. Я прачынаюся – і паехалі! Змагаемся далей.
Ведаеш, дах едзе таму, што шмат вельмі розных пачуццяў адначасова, а я чалавек вельмі эмацыйны. У дзяцінстве ўсім суперажывала і перажывала за ўсё. А тут зараз у цябе вайна, табе не можна дадому, і людзі ў турме сядзяць. І ты мог бы быць таксама за кратамі, але ты на моры ў Гданьску, вы з сябрамі ідзяце ў нейкае прышпільнае месца. І што? Ну як? Як гэта назваць? Гэта нейкі лімб, і я вось у гэтым лімбе сябе зараз адчуваю. Таму няпроста, але ж вось – вясна…
– Але ў гэтым лімбе, як ты кажаш, і нараджаецца музыка?
– Ага, так адбываецца. Адна з апошніх песень, якая даступная ўжо на ютубе, была якраз напісаная на Вэстэрплятэ. Мы яе запісалі пад клавішы ў Вільні. У бліжэйшыя месяцы закіну яе і на «Spotify», але троху ў іншым выглядзе, дадалі крыху эмбіэйтных гукаў. Песня называецца «Нявеста».
– «Я нявеста ветру і паветра»?..
– Так-так, калі я адчуваю вецер – я нібы станаўлюся ім. Бо не ведаю, хто я. Кшталту – забяры мяне, лепей буду лётаць з табой, чым вось гэтае ўсё…
– Гэтая песня – развітанне з зімой і цемрай?
– Не, проста момант. Не развітанне. Гэта стан. Маці мне сказала, калі пачула: «Так прыгожа і так балюча». Я кажу: так яно і ёсць, і класна, што ты гэта адчула. Значыцца, удалося перадаць тое, што адчуваю.
– «Нявеста ветру і паветра» – гэта і пра твой грамадзянскі стан, пра тваё прыватнае жыццё, выбачай?
– Прыватнае жыццё? Яго няма (смяецца). Я не ведаю, як гэта атрымалася, ну… хаця чаму. Вельмі часта, калі чалавек, актор, выбірае сабе матэрыял, то бярэ тое, што яму адгукаецца. І я нездарма рабіла монаспектакль пра Мэрылін Манро. Я рэдка яго граю. Вось у Лявона Халатрана, калі ён яшчэ працаваў у «БэкДоры», паказвала яго. Спектакль заснаваны на дзённіках Манро і аднайменнай паэме Вазнясенскага. Мне вельмі блізкія адчуванні любові і закаханасці гераіні, тое, што яна заўсёды ў жыцці шукала гэтыя пачуцці. Камусьці магло здавацца, што яна проста сэксі, такая «прым-пым-пым». Але ўсярэдзіне было зусім іншае…
Я ж малодшая дачка ў сямʼі, мяне вельмі любілі. І потым, калі пачалося самастойнае жыццё, я заўсёды шукала людзей, якія мяне будуць падтрымліваць, закаханасці. Пры гэтым я была тым дзіцём у школе, якому ніколі не дарылі валянцінак. У мяне нікога не было вельмі доўгі час. Першыя адносіны – у 24 гады. Вось. І яны не так даўно скончыліся. І ўсё. Нібы я заўсёды ў кагосьці закаханая – заўсёды проста! – але не маю адказу.
– Адказнага за вецер?
– Так (смяецца). Нешта не адбылося. Але мне мой даўні сябар, таксама музыка, казаў, што калі знаёміцца з дзяўчынай, заўсёды яе папярэджвае, маўляў, прабач, але ты заўсёды будзеш другой – першай будзе музыка. І ў гэтым штосьці ёсць.
Нават калі закахаюся, яно спачатку моцна, моцна, моцна, а потым – усё прасцей і прасцей. А з музыкай – не. Яна назаўсёды – моцна! І сцэна – гэта мой свет, у якім я адчуваю ўпэўненасць. Бо ў звычайным жыцці я не вельмі ўпэўненая. А калі ты на сцэне – у цябе іншыя стасункі з самой сабой. Я люблю гэтыя моманты.
– Няхай іх будзе больш. Якія маеш планы на вясну?
– Нядаўна сталася: я засынала і падумала, што пражыла класны дзень. Такіх момантаў мала бывае, на жаль. А тут усё проста: я ўзяла і 20 хвілінак патраціла на тое, каб купіць нарэшце падпіску на «DistroKid» – на сэрвіс для дыстрыбуцыі музыкі. Трэба было зрабіць гэта гадоў 5 таму. А тут усяго 20 хвілінак – і ўжо ёсць мэтанакіраванасць.
Кетэван Асраташвілі са сваім сабакам. (Фота: Міра Ляселішская / Белсат)
Дарэчы, песню «Засынай», якая ўжо год была на ютубе, можна ўжо слухаць не толькі там. Справа ў тым, што я маю шмат твораў, але іх нідзе няма. Песень 10 няма нідзе. Але я люблю гэтыя творы. Некаторыя мы перарабляем. Прыкладам, дзве песні, якія былі на расейскай мове, напісаныя хіба ў 2018 годзе яшчэ. А яны, здаецца, вельмі крутыя! Я папрасіла Андрэя Хадановіча перакласці іх. І вось: яны загучалі зараз так крута, што я аж усцешылася, што не выпусціла іх раней. Таму, безумоўна, я планую, што да лета гэтыя песні можна будзе паслухаць ужо на ўсіх пляцоўках.
– Працытуй пару радкоў, калі ласка, з якой-небудзь з іх.
– «Калі птушкі ўсяго свету на голас мой прыляцяць, мы будзем доўга маўчаць, а потым гучна крычаць». Мне здаецца, што мы пракрычалі і крычым дагэтуль, але… вельмі доўга маўчалі.
– Таму «птушкі ўсяго свету» пакуль не прыляцелі? Гэта быў твой тэкст, так? Сама пішаш?
– Часам сама. Часам – гэта тэксты Дашы Бялькевіч, якую вельмі люблю. Вось пра птушкі акурат разам з маёй сяброўкай і напісалі. Але шмат песень маіх.
– Спачатку зʼяўляецца музыка – потым вершы?
– Па-рознаму. Часцей за ўсё я іду па вуліцы – і прылятае тэкст. Падабаецца нейкая фраза. О! Цікава, думаю, трэба з ёй папрацаваць. Прыйшла, штосьці напісала. А потым саджуся за клавішы. Я іх усюды цягаю, а я вельмі шмат дзе пацягалася за гэтыя тры гады. Вось, саджуся і – па адчуванні – пішу музыку.
Такі цікавы момант: нядаўна ў мяне знайшлі, як гэта правільна сказаць, дыслексію. І я з ёй жыла, аказваецца. Думала пра сябе, што я проста тупая (смяецца). А аказалася, што проста з самага пачатку па-іншаму ўспрымала свет. Па-іншаму ўспрымаю музыку. Наагул – сэнсы. З чытаннем было цяжка ў школе, ды і зараз цяжка. І гэта таксама, на маю асабістую ацэнку, вельмі ўплывае на тое, што я раблю.
Але ў той жа час я саджуся за клавішы і сходу прыдумляю. То бок маю вушы і нейкае адчуванне музыкі. Я ж не проста блямкаю, а падбіраю – і яно сходу атрымліваецца. Гэта цікава, што там у галаве адбываецца, але – атрымліваецца ж.
Belsat (Фота: Міра Ляселішская / Белсат)
Вось так. Ну а калі ў мяне няма новых тэкстаў, то бяру кніжачку, каб трымаць сябе ў тонусе. Мне нядаўна кніжку Сергія Жадана з Украіны прывезлі. Ух! Спачатку начытваеш, начытваеш – і раптам запелася! Тады проста сядаю за клавішы і запісваю. Вельмі крутыя ў яго вершы.
І стала яшчэ часцей публікаваць свае такія чарнавікі ў «Інстаграме», гэта таксама матывуе. Таму што маю мала канцэртаў. А канцэртаў мала, бо мала творчасці, якую магу паказаць. Пакуль што, спадзяюся. Толькі той, хто ведае, што ў мяне шмат чаго ёсць, спакойна мяне запрашае. У «Інстаграме» яшчэ і кантакт з аўдыторыяй, гэта важна для мяне, каб разумець, што ты робіш гэта не проста так, а – з сэнсам. Бо мае песні, здаецца, не для таго, каб проста патанчыць…
– Засынаў учора пад тваю «Засынай». Як яна напісалася?
– О, тут цэлая гісторыя. Посткавідны час. Я вельмі кепска спала тады, у 4 гадзіны раніцы прачыналася. Паўгода такое было. А калі ноччу штосьці ў галаву прыходзіла, усё адразу на дыктафон запісвала. Часцей – трызненне нейкае. Але аднойчы ўстаю, слухаю і думаю: ого, як цікава! З калыханкамі было заўжды цікава, таму што яны ўсіх абʼядноўваюць. Гэта я потым дазналася, што калыханкі пелі раней з думкай, што можна ўжо не прачнуцца і сустрэцца са смерцю.
– У тваёй «Засынай» хіба пра гэта?
– Так! І я не ведала пра смерць, калі пісала яе. Аж мурашкамі ўся пакрылася, калі даведалася пра гэты схаваны сэнс калыханак. А думкі былі пра тое, што ўсім іх спяваюць, а хто кім вырасце – невядома. Амапаўцу калыханкі таксама спявалі, і байцу за незалежнасць спявалі. І адначасова мне хацелася, каб заснулі ўсе. Таму што ўсе змучаныя.
Маці апавядала, што калі мне было 4 гады, я ў Грузіі ўбачыла чалавека з інваліднасцю, села на зямлю і пачала плакаць, казала: я не хачу тут жыць! І вось гэтае адчуванне засталося. Мне сапраўды хочацца, каб усе заснулі, таму што ўсё надакучыла, проста ўсё надакучыла. І ў маёй калыханцы дзве лініі: адна цёплая, мяккая, пра добрае, каб заснуў, а другая – каб наогул замерз і пакрыўся лёдам. Засынай!..
– «І ў гэтым дзіўным сне я сумую па табе…»
– Так, гэта пра дом. І цікавы яшчэ момант. Мы запісалі яе 20 лютага 2022 года. У студыі тут. І мне 22-га ці 23-га даслалі музыку. А 24-га пачалася вайна. І ў мяне проста ну… Яна стала не толькі пра мой край, а – пра ўвесь свет. Мы былі ў творчай рэзідэнцыі тады. І… Канечне, яна мае для мяне вялікі сэнс (плача)…
– А давай пра вясёлыя сны! Былі смешныя? Цябе будзіць мама, а ты – рагочаш?
– Ува сне? Не! Былі сны, калі мама прачыналася і крычала, таму што я лунаціла заўжды. Часцей было так: яна адкрывала вочы, а я стаю над ёй, нахіліўшыся над яе тварам, як у фільме жахаў (смяецца)! Але была і смешная гісторыя. Я неяк прачнулася на падлозе. Мне было недзе дзесяць гадоў. Халодна, гляджу на ложак, а там нічога няма. Бужу маму і пытаюся, дзе мая пасцель? Шукалі па ўсім доме. Ведаеш, дзе знайшлі? У лазенцы! Я заслала там усё, як на ложку: прасціна, падушка, коўдра і цацкі. Ува сне. Усё проста ў ванне ляжала.
– Кэці – лунацік? Ты, можа, і зараз ходзіш тут па кватэрцы ўначы? Не лавіла сябе?
– А я гэтага не ведаю (зноў смяецца)! Прачынаюся ў адным месцы заўсёды. А дзе бываю, немаведама. Ну але я сплю па ўсім ложку заўсёды.
Belsat (Фота: Міра Ляселішская / Белсат)
– Я думаю, сны – самая важнае і глыбокае ў чалавеку…
– Так. Але ў мяне ўсё ж такі больш не вельмі прыемных сноў было. Быў яшчэ адзін, які добра запомніла. У 2019 годзе прысніла. Нібы я ў паліклініцы, разам са знаёмым, якога ведаю толькі адзін дзень. Ён паказвае на плінтус, на якім намаляваны аловак, і гэты аловак ажывае і пачынае маляваць. Усё ператвараецца. Я раптам бягу ўжо па дарозе, па баках – палі, шмат людзей. І мы бяжым, бяжым… Вельмі моцныя колеры. Пытаюся, што тут адбываецца? Сябар кажа: глядзі, зараз будзе гамон. Я гляджу наперад – і там вялікае сонца і яшчэ адна планета, яны сустракаюцца – і адбываецца выбух, зноў усё пачынае змяняцца. Пачынаем бегчы назад і выходзім у такі суперкампʼютарны лес: аднолькавыя залатыя дрэвы, усё кампʼютарнае…
Гэта быў вельмі даўгі і дзіўны сон, увесь не распавяду. У нейкі момант хлоп – і я зноў у паліклініцы, з якой усё пачыналася. Такое вельмі рэдка бывае, што сон як пачаўся, тым жа і скончыўся. Мне насустрач ідзе мая знаёмая акторка, якая мяне ў тэатр прывяла, перадае мне тэксты і кажа: «Усё пачынаецца проста зараз». І тут я прачынаюся. Праз некалькі дзён нас папрасілі зʼехаць з кватэры. Праз тыдзень – пачынаецца ковід. І ўсё пачалося! Проста зараз…
– Сны Кетэван Асраташвілі… А грузінскія сны сніліся?
– Калі была меншая, то так: размаўлялі са мной па-грузінску ўва сне. Цяпер, калі мне трэба супакоіцца, я ўяўляю сябе ў адным месцы. Але гэта з рэальнасці. Я была зусім маленькая, у люльцы мяне вазілі. І была каменная царква ў гарах, у якой не праводзіліся ўжо службы. Каб я спала ціхенька, мяне ў гэтай царкве маці пакінула. І вось дзіўны ўспамін: я адна ляжу ў нейкім памяшканні і разумею, што гэта царква… І калі ў цябе едзе раптам дах і трэба супакоіцца – я прыгадваю той момант і ўяўляе гэтае сваё месца і тую цішыню…
– Утульная ціхая царква…
– І Грузія менавіта. Менавіта Грузію я лічу ўсё ж такі сваёй радзімай. А Беларусь я адчуваю каранямі. Вельмі моцныя карані беларускія. Думаю, што вось гэтая грузінская частка ў мяне дзеля таго, каб змагацца і рабіць гэта адкрыта, не баяцца нічога. Яна мне дапамагае.
Кетэван паказвае здымкі сваіх продкаў беларускага (чарнігаўскага) паходжання і такія ж здымкі па грузінскай галіне продкаў таго ж перыяду. (Фота: Міра Ляселішская / Белсат)
– А грузінскай царквы тут у Варшаве не шукала? Нейкім чынам з грузінскай супольнасцю тут кантактуеш?
– Не, толькі з таксістамі. Яны вельмі любяць са мной паразмаўляць, а я ў той час сваю грузінскую практыкую трошкі. Але з дыяспарай не падтрымліваю сувязь. Занадта шмат усяго. Я і да польскай мовы дайшла вось толькі праз год.
– А якія маеш стасункі з цішынёй?
– Часам моцна люблю яе. І самоту. Я вырасла ў вялікай сямʼі і потым заўсёды с кімсьці жыла, але не жыла адна. Таму заўсёды знаходзіла час выехаць у які-небудзь горад, пахадзіць там адной, заўжды мела ў гэтым патрэбу. Тата мяне не разумеў. Не, не таму што экстраверт, таму што – грузін: у Грузіі ўсе ходзяць разам (смяецца)! Напрыклад, зʼездзіла я ў Горадню. Тата пытаецца: «З кім?». «Адна», – кажу. А ён такі: «Ты што, хворая?..». Ну, такі ў мяне тата.
А я люблю быць на самоце. Ведаеш, вельмі важна правільна марыць. Мы ўсе, магчыма, проста няправільна марылі. Таму што мне хацелася жыць адной, хацелася пажыць у Еўропе, хацелася выступіць у еўрапейскім тэатры, музыкай займацца, выступаць. Усё ж ёсць! Усё спраўдзілася! Вось толькі ўмовы не тыя, якія б хацелася…
Мы тут з Віталём Карабанем паставілі на тэатральнай рэзідэнцыі спектакль пра эмігрантаў. Ён напісаў дакументальную пʼесу з нашых размоваў. Я там нібы сябе граю, але не зусім. У Познані нядаўна гралі. У Варшаве будзем 10-го сакавіка ў «Карме» паказваць. І нас так класна прымалі палякі! У Познані беларусы цудоўна прынялі, яны плакалі, і мы разам паплакалі там і паразмаўлялі.
Палякі ўспрымаюць гэта так: ого, у вас такія праблемы, а мы нічога не ведалі? Украінцаў, беларусаў часта ўспрымаюць так, што вось, маўляў, ходзяць тут па дыскатэках, танчаць, напіваюцца. А чаму хочацца вытанчыць усё? Чаму хочацца напіцца?
Пра гэта ніхто ні думае. Пра гэта расказваем у спектаклі. Там такі рэп, і мы танчым. І расказваем: я як беларуская грузінка, а Віталь – па-ўкраінску. З польскімі субцітрамі. Я напісала тэкст на музыку Мікіты Залатара. «Сам на сам я ёсць чужынкай». Пра тое, што, колькі б ты тут ні быў, ты чужынец, чужы. І мы зараз тут – кожны па сваіх куточках.
– Слухай, але эміграцыя ў Польшчы многім падаецца не такой ужо і цяжкай, бо мы нечым падобныя да палякаў, не?
– А я не лічу так. Я пажыла і ў Вільні, пажыла ў Варшаве. Для мяне беларусы-эмігранты дзеляцца зараз на «віленцаў» і «варшавякаў». І я – Вільня (пасміхаецца). У чым адрозненне? Вільня – гэта пра штосьці спакойнае, суперінтэлігентнае, павольнае, стылёвае, утульнае. Тут, у Варшаве, гэта таксама ёсць. Але я не адчуваю тут віленскай утульнасці. Варшава вельмі вялікая і розная, а ў Вільні – усё ў адным месцы, усё разам. І вось мне не стае гэтага адчування, калі – разам. У Вільні я пражыла тры ці чатыры месяцы, прыехала сюды, бо ў Польшчы было лягчэй з дакументамі. Такая гісторыя.
– У Варшаве ты атрымала працу на «Белсаце». Як табе ўдаецца спалучаць музыку і працу ў медыях?
– Ух, вельмі няпроста. Я больш за год не мела ніякай працы і вельмі ўдзячная, што мяне ўзялі, навучылі, дапамаглі, бо я нічога не ведала. Калі шчыра, даецца вельмі няпроста. Наконт спалучаць з музыкай – першыя часы было зусім цяжка. Спрабавала на выходных штосьці творчае рабіць, але часцей за ўсё – проста валілася на канапу і засынала. Але спрабую, і ўжо лягчэй.
Belsat (Фота: Міра Ляселішская / Белсат)
– Спакой раўняецца шчасцю?
– Не, шчасце – гэта момант. Імгненне.
– Як і боль. Музыка можа быць без болю?
– Вось не ведаю. Можа. Можа быць. І вясна таксама. І я ведаеш што пажадаю ўсім беларусам на вясну? Быць шчырымі. Перад сабой. Калі ўжо дзесьці штосьці вырашылі – рабіце, і рабіце гэта з адкрытым тварам. Гэты заклік, вядома, не да тых, хто зараз у Беларусі і застаецца ў небяспецы. Да эмігрантаў. Бо шмат ад каго чую зараз: «Вось я расчаравалася ў дэмсілах, я расчаравалася ў тым і ў тым».
А я ні ў чым не расчаравалася. Бо гэта быў мой асабісты выбар – выходзіць на пратэсты ў 2020 годзе. Ішла са свайго жадання і са свайго шчырага меркавання. І ні ад кога нічога не чакала. І вось у гэтай шчырасці і павазе до свайго выбару, адкрытасці да жыцця нам зараз трэба неяк думаць пра добрае. Бо мы так часта думалі пра дрэннае, што яно і намалявалася нам усім адначасова. Хочацца, каб мы паспрабавалі намаляваць новыя рэальнасці, дзе не ўсё так дрэнна. Веру, што ў нас атрымаецца.
– Гучыць як песня! Дзякуй табе і чакаем новых твораў гэтай вясной! І клянуся: твае вочы пасінелі…
Telewizja Polska S.A. w likwidacji processes your personal data collected when you visit individual websites on the tvp.pl Portal (hereinafter referred to as the Portal), including information saved using technologies used to track and store them, such as cookies, web beacons or other similar technologies enabling the provision of tailored and secure services, personalize content and advertising, provide social media features and analyze Internet traffic.
Click "I accept and go to the website" to consent to the use of automatic tracking and data collection technology, access to information on your end device and its storage, and to the processing of your personal data by Telewizja Polska S.A. w likwidacji, Trusted Partners from IAB* (1009 company) and other Trusted TVP Partners (88 company), for marketing purposes (including for automated matching of advertisements to your interests and measuring their effectiveness) and others, which we indicate below.
The purposes of processing your data by TVP S.A. w likwidacji are as follows:
Store and/or access information on a device
Use limited data to select advertising
Create profiles for personalised advertising
Use profiles to select personalised advertising
Create profiles to personalise content
Use profiles to select personalised content
Measure advertising performance
Measure content performance
Understand audiences through statistics or combinations of data from different sources
Develop and improve services
Use limited data to select content
Ensure security, prevent and detect fraud, and fix errors
Deliver and present advertising and content
Save and communicate privacy choices
TVP S.A. w likwidacji process your data for the purposes of features. As part of these features, we may take the following actions:
Match and combine data from other data sources
Link different devices
Identify devices based on information transmitted automatically
The purposes of processing your data by Trusted Partners from IAB and other Trusted Partners of TVP are as follows:
Store and/or access information on a device
Use limited data to select advertising
Create profiles for personalised advertising
Use profiles to select personalised advertising
Create profiles to personalise content
Use profiles to select personalised content
Measure advertising performance
Measure content performance
Understand audiences through statistics or combinations of data from different sources
Develop and improve services
Use limited data to select content
Ensure security, prevent and detect fraud, and fix errors
Deliver and present advertising and content
Save and communicate privacy choices
Trusted Partners from IAB and other Trusted Partners of TVP process your data for the purposes of features and special features. As part of these features, they may take the following actions:
Match and combine data from other data sources
Link different devices
Identify devices based on information transmitted automatically
Use precise geolocation data
Actively scan device characteristics for identification
Consent is voluntary and you can withdraw it at any time in Advanced Settings.
In addition, you have the right to request access, rectification, deletion or limitation of data processing. In the Privacy Policy, you will find information on how to communicate to us your will to exercise these rights.
Consent to the use of data for some IAB Trusted Partners and TVP Trusted Partners may be related to the transfer of data to the United States or other third countries (not belonging to the European Economic Area, which includes the Member States of the European Union as well as Norway, Iceland and Liechtenstein). In connection with the above, we would like to inform you about the possible risk that may be associated with the transfer of data to third countries, consisting in the possible lack of an adequate level of protection of natural persons related to the processing of their personal data, which is guaranteed by the provisions of the GDPR (Regulation of the European Parliament and of the Council (EU 2016/679 of 27 April 2016 on the protection of individuals with regard to the processing of personal data and on the free movement of such data, and repealing Directive 95/46 / EC), due to the lack of an adequacy decision by the European Commission and the lack of adequate security.
The user's personal data processed by TVP may be processed both on the basis of the user's consent as well as on the basis of a legitimate interest, i.e. without the consent of the Portal user (only for the purposes necessary to ensure the proper operation of the Portal). TVP processes user data on the basis of a legitimate interest only in situations where it is necessary for the provision and proper operation of the Portal, i.e. maintenance and technical support of the Portal, ensuring security, preventing fraud and removing errors, statistical measurements necessary for the proper functioning of the Portal.
Detailed information on the processing of your data can be found in the Privacy Policy.