«Тут проста жах». У Адэсе ў выніку атакі дрона абвалілася частка шматпавярховіка
02.03.2024, 10:47
Праца ратавальнікаў на месцы разбуранага дому ў Адэсе. (Фота: Ігор Клименко | МВС / Telegram)
podpis źródła zdjęcia
На сувязь не выходзяць сем жыхароў разбуранага пад’езду.
У ноч на 2 сакавіка з прычыны атакі расейскіх беспілотнікаў ва ўкраінскай Адэсе абвалілася частка шматпавярховіка. Вядома пра двух загінулых, але пад заваламі яшчэ могуць быць людзі.
Праца ратавальнікаў на месцы разбуранага дому ў Адэсе. (Фота: Ігор Клименко | МВС / Telegram)
«Чарговы тэрарыстычны напад на мірна спячы горад. Густанаселены раён. Тут проста жах. На месцы працуюць ратавальнікі, муніцыпальныя і аварыйныя службы. Вядуцца разборы завалаў», – заявіў мэр гораду Генадзь Труханаў.
Таксама пашкоджаны інжынерныя сеткі і кацельня, бліжэйшыя дамы адключаны ад ацяплення.
Праца ратавальнікаў на месцы разбуранага дому ў Адэсе. (Фота: Ігор Клименко | МВС / Telegram)
Кіраўнік Адэскай вобласці Алег Кіпер паведаміў, што адзін пад’езд разбураны дашчэнту.
Паводле звестак МУС, колькасць загінулых у Адэсе ўзрасла да двух, іх целы дасталі з-пад завалаў ратавальнікі ДСНС. Выратавальная аперацыя працягваецца, бо пад заваламі могуць быць людзі. На сувязь не выходзяць сем жыхароў шматпавярховіка. Вядома пра сем параненых асобаў, сярод іх – цяжарная жанчына і трохгадовае дзіця.
Праца псіхолага на месцы разбуранага дому ў Адэсе. (Фота: Ігор Клименко | МВС / Telegram)
Сілы абароны поўдня Украіны паведамілі, што знішчылі сем з васьмі расейскіх дронаў.
Яшчэ адна асоба загінула ад атакі дронаў на Харкаўшчыне. У пасёлку Вялікі Бурлук з-пад завалаў ва ўласным доме дасталі 76-гадовага мужчыну. У самім Харкаве ў выніку трапляння дронаў гарэлі два аўтамабілі.