Расейцы прасоўваюцца на ўсходзе, ЗСУ атакуюць у Чорным моры
05.03.2024, 21:32
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы наладжваюць разведвальны беспілотнік Valkyrie у Данецкай вобласці, Украіна. 3 сакавіка 2024 года. (Фота: Wolfgang Schwan / Anadolu Press / Abaca Press / Forum)
podpis źródła zdjęcia
Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 5 сакавіка.
«Белсат» падводзіць вынікі 741-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 5 сакавіка чытайце ў нашым аглядзе.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы наладжваюць разведвальны беспілотнік Valkyrie у Данецкай вобласці, Украіна. 3 сакавіка 2024 года. (Фота: Wolfgang Schwan / Anadolu Press / Abaca Press / Forum)
Расейскае і ўкраінскае камандаванне паведамілі пра адбіццё шэрагу атак праціўніка ў ваколіцах сяла Сынькоўка ў Купянскім раёне Харкаўскай вобласці, што ўказвае на сустрэчны характар баёў на гэтым участку фронту. Пры гэтым вайскоўцы ЗСУ гавораць, што ім удалося вярнуць частку раней страчаных пазіцыяў і замацавацца на іх.
Таксама на купянскім кірунку баявыя дзеянні працягваюцца каля Табаеўкі, але тут зменаў лініі сутыкнення не фіксуецца.
На суседнім ліманскім кірунку Узброеныя сілы РФ ціснуць на каля сяла Церны на так званым торскім выступе на поўначы Данецкай вобласці, а таксама ў ваколіцах Белагораўкі на Луганшчыне.
Прарасейскія пішуць, што войскі РФ цягам содняў або прасунуліся з усходу да Цернаў, або ўвогуле зайшлі ў сам населены пункт. У гэты ж час іншы бок канфлікту пакуль ніяк не каментуе гэтую інфармацыю.
Праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер», спаслаўшыся на вайскоўца ЗСУ, піша, што на Луганшчыне расейцы адначасова наступаюць на Белагораўку і на прамысловую зону побач з ёй. На першым участку яны атакавалі пры падтрымцы не менш за шасці адзінак тэхнікі, але ў выніку былі амаль цалкам знішчаныя ды адступілі.
У прамысловай зоне, паводле крыніцы, дзве пазіцыі перыядычна пераходзяць з рук у рукі, а яшчэ адна – занятая расейцамі, але пры гэтым у падвалах пад ёй ужо трэція содні абараняюцца некалькі ўкраінскіх байцоў. ЗСУ наносяць расейцам істотныя страты пры дапамозе БпЛА і дробнай артылерыі, але пакуль не могуць выбіць праціўніка, каб дапамагчы заблакаваным байцам.
На бахмуцкім кірунку Узброеныя сілы РФ валодаюць ініцыятывай і наступаюць на захадзе і поўдні ад аднайменнага раённага цэнтру.
Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што цягам содняў УС РФ штурмавалі пазіцыі ўкраінцаў у ваколіцах населеных пунктаў Багданаўка, Клішчыеўка і Іванаўскае, у выніку чаго дасягнулі поспеху ў апошнім сяле.
Прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» піша, што ЗСУ паступова выціскаюцца на паўднёвы захад сяла.
Праўкраінскі «Говорять Снайпер» паведамляе, што расейцы прасунуліся на поўначы і поўдні Іванаўскага.
На аўдзееўскім кірунку расейскія вайскоўцы намагаюцца развіць поспех з захаду ад раней занятага аднайменнага гораду, атакуючы каля сёлаў Бэрдычы, Танэнькае, Первамайскае і Невельскае. Паводле Генштабу ЗСУ, толькі за апошнія содні на гэтых участках фронту сілы абароны краіны адбілі не менш за 28 атак праціўніка.
У гэты ж час Міністр абароны РФ Сяргей Шайгу заявіў, што расейскія вайскоўцы працягваюць выціскаць праціўніка далей на захад ад Аўдзееўкі, не даючы ЗСУ замацавацца на новых рубяжах абароны.
Тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» піша, што расейцы намагаюцца штурмаваць сяло Бэрдычы, але пра вынікі баёў пакуль нічога не вядома.
На навапаўлаўскім кірунку, паводле ўкраінскага камандавання, расейцы прынамсі 22 разы атакавалі каля населеных пунктаў Георгіеўка, Новаміхайлаўка, Вадзяное, Прачыстаўка і Ураджайнае, але поспеху не дасягнулі.
Між тым прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» сцвярджае, што УС РФ прасунуліся ў населеных пунктах Краснагораўка і Новаміхайлаўка. У прыватнасці, у першым – яны замацаваліся з поўдня па вуліцы Школьная, а таксама выйшлі з усходу да вуліцы Ватуціна.
У Новаміхайлаўцы расейцы, па інфармацыі крыніцы, занялі сем дамоў па вуліцы Міру, а таксама паўторна захапілі тэрыторыю малочна-таварнай фермы. Раней гэты аб’ект войскі РФ ужо займалі, але ў былі выбітыя адтуль у выніку контратакі ЗСУ.
У Запарожскай вобласці баявыя дзеянні фіксуюцца на выступе па фронце з поўдня ад гораду Арэхаў.
Сямён Пегаў піша, што расейцы атакуюць на паўднёвых м паўднёва-ўсходніх ускрайках сяла Работына.
У гэты ж час «Рыбарь» сцвярджае, што ЗСУ перакінулі рэзервы на гэтым участак фронту, і цяпер самыя актыўна наступаюць, імкнучыся выбіць праціўніка з раней занятых пазіцыяў. Паводле крыніцы, бліжэйшым часам варта чакаць яшчэ большага павелічэння ціску з боку ўкраінскіх вайскоўцаў.
У Херсонскай вобласці баі лакалізуюцца на левым беразе Дняпра, дзе ЗСУ ўтрымліваюць некалькі невялікіх плацдармаў. Пакуль УС РФ не ўдаецца выбіць праціўніка.
У ноч з 4 на 5 сакавіка спецпадраздзяленне Галоўнага Упраўлення Разведкі Міністерства Абароны Украіны «Group 13» атакавала патрульны карабель Чарнаморскага флоту РФ «Сергей Котов», які знаходзіўся недалёка ад Керчанскага праліву. У выніку атакі судна атрымала пашкоджанні абодвух бартоў і затанула. Адзначаецца, што ў выніку загінулі сем расейскіх маракоў, яшчэ шэсць – атрымалі раненні. Удар па караблі наносіўся марскімі дронамі «Magura V5».
У Міністэрстве абароны РФ пакуль ніяк не пракаментавалі сітуацыю, але захапленне карабля пацвярджаюць шматлікія прарасейскія крыніцы.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.