«Планаваў тэракт, вынятая бомба». ФСБ паказала відэа з забойствам беларуса ў Карэліі
07.03.2024, 15:00
Belsat
podpis źródła zdjęcia
Мікалай Аляксееў нібыта планаваў падарваць адміністрацыйны будынак.
ФСБ Расеі абвясціла пра «перадухіленне тэракту» ў Карэліі. Спецслужба сцвярджае, што беларус Мікалай Аляксееў нібыта планаваў падарваць адміністрацыйны будынак у горадзе Алонцы. Забойства мужчыны ў паведамленні агенцтва «РИА Новости» называецца «нейтралізацыяй».
Паводле версіі ФСБ, грамадзянін Беларусі «з нацыяналістычнага палка імя Каліноўскага» быў завербаваны ўкраінскімі спецслужбамі і планаваў тэракт у Алонцы ў Карэліі.
,,
«Пры затрыманні пачаў страляніну па супрацоўніках спецслужбаў і быў нейтралізаваны. У тэрарыста вынятая бомба, зробленая на падставе выбуховага рэчыва брытанскай вытворчасці і амерыканскага дэтанатара, а таксама пісталет і патроны», – піша расейскае агенцтва «РИА Новости» са спасылкаю на ФСБ.
На апублікаваным відэа бачная страляніна ў нейкім закінутым будынку, цела мужчыны з заблюраным тварам, праца сапёраў, а таксама часткі, як сцвярджаецца, выбуховай прылады.
Прэс-служба палка імя Каліноўскага так пракаментавала «Белсату» заяву пра тое, што Аляксееў – іхны ваяр:
,,
«Пакуль ні пацвердзіць, ні зняпраўдзіць не можам».
Пры гэтым там адмовіліся раскрываць, ці ўдзельнічаюць добраахвотнікі ў дыверсійных аперацыях на тэрыторыі Расеі: «Не каментуем».
49-гадовага Мікалая Аляксеева забілі супрацоўнікі ФСБ у Карэліі. (Фота: Николай Алексеев / «ВКонтакте»)
Раней расейскі Telegram-канал «ASTRA» паведамляў, што здарэнне адбылося 6 сакавіка, у той жа дзень супраць Мікалая Аляксеева завялі крымінальную справу за «рыхтаванне да тэракту». Беларус нібыта планаваў падарваць гарадскую адміністрацыю ў Алонцы.
Старэйшы сын мужчыны пацвердзіў смерць бацькі, сказаў, што апошнім часам той працаваў вахтавым метадам.
,,
«Тата быў выдатным чалавекам. Ён не мог у кагосьці стрэліць. Ён быў глыбокім вернікам, увесь час маліўся. Мы з ім разам у храм хадзілі», – адзначыў сын.
Старонка Аляксеева ў сацсетцы «ВКонтакте» сведчыць, што ён падтрымліваў пратэсты ў Беларусі ў 2020 годзе, выступаў супраць вайны ва Украіне. Мужчына каментаваў падзеі ў нашай краіне і ў Расеі. Апошні допіс Аляксееў пакінуў 24 лютага ў гадавіну вайны ва Украіне:
,,
«Два гады з пачатку аперацыі «Кіеў за тры дні». Два гады з пачатку вераломнага, бесчалавечнага ўварвання рашыстаў у суседнюю краіну. Два гады крыві, смерцяў, скалечаных жыццяў і лёсаў. Колькі яшчэ гэта будзе працягвацца, пастанаўляць нам».
На старонцы пазначана, што ён скончыў школу ў Віцебску, там жа адвучыўся ў ПТВ, потым паступіў на факультэт расейскай філалогіі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэту.
Мікалай Аляксееў. (Фота: Николай Алексеев / «ВКонтакте»)
У мужчыны засталіся чацвёра дзяцей. Да 2020 года, імаверна, ён працаваў ёга-інструктарам – пра гэта сведчаць фотаздымкі з трэнаванняў.
На аватарцы – Пагоня, у стужцы – фота Святланы і Сяргея Ціханоўскіх, Марыі Калеснікавай, Веранікі Цапкалы, Віктара Бабарыкі, Міколы Статкевіча, Ігара і Дар’і Лосікаў, Максіма Знака, Рамана Бандарэнкі, Аляксея Навальнага.