«Вылечылася ад раку, кінула мыць унітазы». БЧБ-нявеста Іна Зайцава пра жыццё ў Швейцарыі
08.03.2024, 17:00
Іна Зайцава. Варшава, Польшча. 23 лютага 2024 года. (Фота: Міра Ляселішская / Белсат)
podpis źródła zdjęcia
«Ружовае і ванільнае павінна памерці!»
Беларуская БЧБ-нявеста Іна Зайцава некалькі дзён напярэдадні вясны гасцявала ў Варшаве і пагадзілася апавесці «Белсату», што новага адбылося ў ейным жыцці. Вылечылася ад раку, сышлася з мужам, кінула мыць унітазы і зарабляе ў Швейцарыі 4 тысячы еўраў…
Іна Зайцава. Варшава, Польшча. 23 лютага 2024 года. (Фота: Міра Ляселішская / Белсат)
«Белсат»: – Іна, ты прыляцела ў Варшаву ўсяго на два дні. Нешта тэрміновае?
Іна Зайцава: – Не, нічога. Проста сустрэцца з сябрамі і апавесці сваю гісторыю для аднаго праекту пра тое, як беларусы адаптуюцца ў іншых краінах. Ну, і яшчэ стаматолагі, крамы… Усё трошкі іншае, і цікава наведаць.
– Што значыць – іншае?
– Швейцарыя – краіна досыць кансерватыўная і вельмі практычная. Крамы могуць быць тыя ж, што і ў Польшчы, але рэчы там будуць зусім іншыя. У швейцарцаў свабодны гарадскі стыль адзення: ходзяць па горадзе або пайшлі ў горы – прыблізна аднолькава будуць апранутыя. А ў Варшаве людзі больш імкнуцца да розных модных кірункаў: хтосьці ярка апранаецца, хтосьці практычна. Вельмі разнастайна.
– Яркасць – гэта ж тваё! Чаму пасля Украіны не засталіся ў Польшчы, а паехалі далей, на захад?
– Галоўная прычына была такая: Польшча заблізка ад мяжы з Расеяй. Мы ўжо адзін раз пераехалі паводле прынцыпу «як мага бліжэй» – ва Украіну. Калі выязджалі з Украіны, ужо не былі так упэўненыя, што, напрыклад, Польшча бяспечная і туды не ўварвуцца расейцы.
Ну і дзеці, яны некалькі разоў перажылі змену асяроддзя, культураў, мовы ў школе. Так што быў чыста эгаістычны матыў: я хацела паехаць туды, дзе мы сапраўды зможам усё перачакаць і мае дзеці будуць у поўнай бяспецы. Максімальнай! І Швейцарыя ідэальна пасуе для гэтага.
Belsat (Фота: Міра Ляселішская / Белсат)
– Прыляцела ў Варшаву з сынамі?
– Так, Ягор і Мікіта забаўляюцца цяпер на атракцыёнах [размаўляем з Інай у гандлёвай галерэі «Arkadia». – Заўв. «Белсат»]. Папрасіла пагуляць, пакуль размаўляю з вамі і здымаюся яшчэ для аднаго праекту. У Ягора, між іншым, сёння дзень нараджэння – 6 гадоў. У верасні пойдзе ў 1-ы клас. Ужо адаптаваўся. Ад яго менш за ўсё патрабавалі, бо быў у дзіцячым садку. Проста слухай, казалі яму. Ён доўга слухаў, і цяпер ужо адказвае па-нямецку ў тэму. Вось таму ў малым узросце лягчэй пераязджаць: маеш проста больш часу, калі ад цябе ніхто яшчэ нічога не патрабуе.
У Мікіты, старэйшага сына, таксама ўсё наладжваецца. На вакацыях быў у горным лагеры. Калі вярнуўся, спытала, з кім пасябраваў. Гаворыць – з украінцамі, швейцарцамі, з рознымі. «А мова?» – пытаюся. А ён: «Ну, мама, я ўжо нармальна размаўляю». Гэта ягоная асабістая ацэнка, ён думае, што ўжо здольны на камунікацыю.
Для мяне гэта вялікае шчасце, бо Мікіту было складаней, чымся каму-кольвек у нашай сям’і. У яго пераезд супаў з пубертатным перыядам – з пратэстам і супрацівам усяму, што адбываецца. Супраціўляўся вельмі моцна. Для мяне вельмі важна, што ён цяпер задаволены, што захапіўся лыжамі, і больш пры сварках не крычыць мне: «Усё, збіраю рэчы – з’язджаю ў Менск!» Ён ужо не з’язджае ў Менск, так. Хоча, вядома, туды, да бабуль і дзядуляў. Але ўжо і тут добра.
– Як будзеце святкаваць дзень нараджэння?
– Ой, у мяне дзіця не распешчанае. У швейцарцаў дзіцячыя пляцоўкі – гэта бервяно, ланцуг і што-небудзь у стылі «прыдумай сам». Без яркіх колераў. Стараюцца не перастымуляваць нервовай сістэмы дзяцей. А ў традыцыйнай швейцарскай сям’і дзецям, напрыклад, проста не даюць тэлефон. Ні на колькі.
– Ты даеш?
– На дзве гадзіны за дзень – такі ў нас ліміт. Выклікаў шмат спрэчак са старэйшым сынам. Ён меркаваў, што жыве ў канцлагеры і ўсё такое [смяецца]. Але было так, што я яго пазбавіла тэлефона на пару месяцаў, і сын зразумеў, што дзве гадзіны ў дзень – гэта нават шмат. Пасля гэтага пытанняў больш не ўзнікае.
– Строгая. Якая ты наагул мама?
– Насамрэч вельмі розная. У залежнасці ад перыядаў жыцця, якія пражываю. Але я лічу сябе цёплаю маці. Эмацыйнай, цёплай, якая гаворыць пра любоў, якая пражывае свае эмоцыі і якая дазваляе пражываць іх дзецям. Таму дзеці ў мяне імгненна выказваюць свае эмоцыі, ніякай паўзы. Разумееш?
,,
Калі табе добра – мы гучна смяёмся, калі табе дрэнна – гучна плачам. З гэтым у нас усё ў парадку.
Але пры гэтым апошнія тры гады я была досыць адасобленаю маці. Была пагружаная больш у вонкавыя падзеі, чымся варта было б жанчыне з дваімі дзецьмі. А сутнасць жа ў тых момантах, калі ты выключаны для ўсяго вонкавага і цалкам належыш дзецям. Стоадсоткавая сканцэнтраваная ўвага! Толькі яна і важная ў бацькоўстве.
Калі адною рукою памешваеш пельмені, другою мыеш посуд і пры гэтым робіш выгляд, што размаўляеш з дзіцём, – гэта не пракатвае. Гэта фальш, і яе адчуваюць дзеці. Адсюль крызісы і складанасці. Як толькі я вярнулася да іх, усё наладзілася, і цяпер мы ў адным з найлепшых перыядаў за апошнія тры гады нашага жыцця. У спакоі і ў любові. Аднаўляемся.
– Кажаш пра спакой і любоў, але ж ты не так даўно разжанілася?
– Ну, па-першае, з мужам мы паўтара месяца ўжо як памірыліся. Так, мы былі ўпэўненыя, што нічога нас больш не звязвае. Але ў выніку прайшлі праз паміранне свайго першага рамантычнага – сямігадовага! – кахання і перайшлі на новы этап. У шмат якіх сем’ях так. Гэтае ружовае і ванільнае мусіць памерці, каб людзі сапраўды пазнаёміліся адно з адным, а не са сваймі чаканнямі адно ад аднаго. Ну вось, мы пражылі наш сямігадовы крызіс. Ідзём далей, я ўпэўненая.
– Супер! Афіцыйна вы ж не паспелі развесціся?
– Не, афіцыйна не развяліся. Праз усе падзеі. Проста рассталіся, ведаючы, што разжэнімся. Нашыя пераезды, рэвалюцыі і контррэвалюцыі супалі з тым, што нашаму шлюбу 6 гадоў, 7 гадоў… Тут адны працэсы – там іншыя. Зашмат усяго.
Belsat (Фота: Міра Ляселішская / Белсат)
– У сваім блогу ў «Instagram» у 2023 годзе ты прызнавалася, што ў Швейцарыі ў цябе выявілі рак…
– Я вылечылася ад раку. Мне зрабілі аперацыю, выдалілі пухліну і пралячылі радыеёдаваю тэрапіяй. Таму я нібыта вылечыла рак і засталася з валасамі. Мне пашанцавала. Цяпер я лічу сябе цалкам здаровай. Я шчасліўчык, бо ў мяне быў самы лёгкі від раку – шчытападобнай залозы. 95 % выпадкаў гэтага тыпу захворвання вылечваецца лёгка. Калі гэта, вядома, не дробнаклеткавы рак, які забівае за два месяцы. Але мне пашанцавала – у мяне быў лёгкі тып.
– Мабыць, пашанцавала і ў тым, што апынулася ў Швейцарыі і лячылася там?
– Безумоўна. Хоць наагул гэты рак і ў Беларусі добра лечыцца. Але ў Беларусі праблема з дыягностыкай, я адтуль яго прывезла. У Швейцарыі ён проста метастазамі дэтанаваў, а паводле аналізаў біяпсіі ў Беларусі ў мяне быццам бы ўсё ў парадку было…
– Паўгода таму ты прыбірала кватэры ў Швейцарыі і марыла пра аспірантуру. Нешта змянілася?
– Так, я пайшла на павышэнне [усміхаецца]. Сапраўды, першыя паўгода я працавала пакаёўкаю, гэта значыць займалася прыватным прыбіраннем. І вось цяпер я адрываюся ад унітазаў. Я люблю гэта паўтараць [смяецца]. Памятаеш, Азаронак казаў, што ўсе мы будзем мыць унітазы ў Еўропе? І вось: праз паўтара года жыцця ў Швейцарыі я ўладкавалася прадаўцом на запраўку. І ўжо стасуюся з людзьмі. Для мяне гэта павышэнне.
Пытанне мовы пры ўладкаванні на працу ўжо не ўздымалася. Мая шэфіня сказала: «Ой, у вас выдатная нямецкая, дасце рады!» Думаю, гэта выдатная падзея. Ідзём далей да мэты – паступлення на магістратуру ў Швейцарыі. І гэтая праца, дзе я магу шмат гаварыць па-нямецку, мне ў гэтым толькі дапаможа. Яшчэ і грошы за гэта плоцяць. Таму ўсё выдатна.
– Да грошай яшчэ вернемся. Скажы што-небудзь па-нямецку, што кажаш кліентам?
– «Ich stehe Ihnen zur Verfügung». Гэта значыць «я ў вашым распараджэнні» [смяецца].
– Колькі зарабляла «на ўнітазах» і колькі цяпер, на швейцарскай запраўцы?
– Калі мыла ўнітазы – 30 франкаў за гадзіну, гэта крыху больш за 30 еўраў. Цяпер крыху менш атрымліваецца, бо там я была індывідуальнаю прадпрымальніцай, і тая стаўка ўлучала ў сябе ўсе мае рызыкі, бальнічныя і гэтак далей. Цяпер я зарабляю 27 франкаў за гадзіну. Але ў мяне ўжо ёсць аплатны 5-тыднёвы адпачынак і 13-ы заробак да Новага года.
– Гэта значыць, за дзень можаш зарабіць каля 200 еўраў?
– Так, дзесьці 210, напэўна. За месяц атрымліваецца прыблізна 4000, у гэтым дыяпазоне. Муж працуе ў фірме, якая стэрылізуе медычныя інструменты для шпіталю. У яго прыкладна такая ж заработная плата.
Іна Зайцава. Варшава, Польшча. 23 лютага 2024 года. (Фота: Міра Ляселішская / Белсат)
– Колькі аддаяце за жытло?
– Кватэра ў Люцэрне абыходзіцца ў 1400 еўраў. Плюс 750 – медычнае страхаванне на ўсю сям’ю. Дзесьці 1200 трэба на харчовыя і побытавыя выдаткі. То бок аднаго заробку хапае, каб жыць нармальна. А другая заработная плата дазваляе сям’і жыць проста вельмі свабодна. Неяк так…
– Прыязджаеш у Польшчу і думаеш: добра, што мы тут не засталіся?..
– Слухай, я цяпер жыву ў краіне, дзе ўзровень свядомасці ў большай часткі насельніцтва апярэджвае Польшчу і Беларусь, напэўна, на гадоў 200. То бок гэта грамадства, якое выйшла са стадыі спажывання і цяпер на стадыі насычэння. Грамадства з высокім узроўнем, калі казаць пра стаўленне людзей да прыроды, здароўя, да ўсіх навакольных, да цішыні і спакою.
Швейцарыя – неймавернае месца для жыцця менавіта з гэтага пункту гледжання. Але я бачу, што людзі і ў Польшчы могуць жыць забяспечана і ўсё сабе дазволіць. У любой краіне, нават у Беларусі, ты можаш нядрэнна зарабляць. Пытанне не ў грошах. Швейцарыя – месца, у якім я магу зазірнуць глыбей у сябе…
– Можаш назваць сябе ўжо швейцарскаю беларускаю?
– Не, я проста беларуска, якая жыве ў Швейцарыі, не больш за тое.
– Аляксандр Лукашэнка заўтра памірае, Беларусь становіцца свабоднай… Ці гатовая адразу вярнуцца ў Беларусь разам з сям’ёй?
– Проста ў нікуды паехаць дадому? Не. Не таму, што Швейцарыя. Можа быць Польшча ці Малдова – абсалютна ўсё роўна. Мае дзеці вучацца ў школе, кожны год у іх новы настаўнік, новы клас – гэта велізарны стрэс. І вярнуць, напрыклад, Мікіту ў беларускую школьную праграму я цяпер проста не магла б. Гэта было б здзекам з дзіцяці.
Таму буду разглядаць пытанне вяртання вельмі прагматычна. І, магчыма, Мікіта проста застанецца давучвацца.
– БЧБ-нявеста адведала сваю знакамітую вясельную сукенку ў Музеі вольнай Беларусі ў Варшаве?
– Так, схадзіла, паглядзела. Мяне часам просяць: а давайце зробім фотаздымку яшчэ разок у сукенцы. Я адмаўляюся. Цяпер ужо надзену, толькі калі пераможным маршам па Менску пойдзем. Толькі ў гэтым выпадку. Толькі на плошчы Незалежнасці. Там і фотасесію зарганізуем. Абяцаю.
– Але ты і цяпер застаешся сімвалам нашай рэвалюцыі. І нявестай… Не вырасла яшчэ з той сукенкі?
– Я сябе не вельмі ідэнтыфікую з сімвалам. Быў момант, які запатрабаваў ад мяне актыўных дзеянняў. Я іх зрабіла, і ўсе мяне назвалі «БЧБ-нявестай». Але я не раблю гэта часткаю сябе, не раздзімаю сябе ад гонару. Такіх людзей, як я, у 2020 годзе на вуліцах Менску было вельмі шмат. Яркіх, таленавітых, цікавых! На жаль, шмат хто сядзіць у турмах. Хтосьці пераехаў, хтосьці стаіўся ў Менску. Любога з іх мы можам назваць сімвалам нашай барацьбы.
– Але ж сышлася з мужам – значыць, нявеста!
– Ой, сёння – нявеста, заўтра – не нявеста! Жыццё такое зменлівае [смяецца]!
Платье БЧБ-невесты (Фота: Ян Лісіцкі / Белсат)
– Гэта праўда. Ці паспела ўжо сустрэцца з варшаўскімі сябрамі і сяброўкамі?
– Так, тут шмат актывістаў, з якімі мы хадзілі маршамі па адных вуліцах Менску. Раённая нашая тусоўка. Цяпер яны ў Варшаве. Так што з начлегам няма праблемаў. Усе кантакты захаваліся. Гэтая адкрытасць і цеплыня, якую мы злавілі ў 2020 годзе на вуліцах, засталася. І код пазнавання працуе выдатна.
– Як ён працуе, як ты распазнаеш гэты код?
– Па ўсмешках. Мы ўсміхаемся, сустракаемся вачыма, пачынаем размаўляць – і ўсё: ты разумееш, што вось ён, мой чалавек. І не важна, у якой краіне гэта здараецца.
– Паўтара года ў Швейцарыі. Акрамя Польшчы, дзе яшчэ пабывалі з дзецьмі? Падарожнічаеце?
– Так. І падарожнічаем па Швейцарыі. Пасля Швейцарыі вельмі складана кудысьці ехаць. І навошта, уласна, марнаваць на гэта грошы, калі яшчэ столькі застаецца куткоў неаб’езджаных у самой Швейцарыі? Гэта дзіўная краіна!
– У гэтай цудоўнай краіне – сніцца Беларусь?
– Не, не сніцца. Беларусь у мяне заўсёды на сувязі. Я размаўляю з усімі, хто там. Ведаю, якое надвор’е там і якая сітуацыя. Але я не адчуваю… Скажу так: я прыняла рэальнасць, і я больш ёй не супраціўляюся. Не прычыняю сама сабе пакутаў – ні настальгіяй, ні ілюзіямі, ні прадчуваннямі перамогі. Тое, што дазваляе мне жыць цяпер якасна, – гэта фіксацыя на бягучым моманце.
Не апавядаць сабе казкі пра палітычную сітуацыю ў свеце, бо ўсё гэта дагадкі і меркаванні. А бягучы момант – гэта тое, што я цяпер стаю на гэтым месцы ў Варшаве, абапіраюся рукой аб парэнчы, а насупраць мяне – чалавек, які задае мне пытанні і мяне выслухоўвае. То бок ты. Мая думка і мае пачуцці тут, усё тут, у сапраўдным моманце.