У Краснаполлі сёння праходзіў «хапун»: колькасць затрыманых невядомая
14.03.2024, 01:09
Belsat
podpis źródła zdjęcia
Хроніка рэпрэсій за 13 сакавіка.
«Белсат» вядзе хроніку затрыманняў, звязаных з палітычнай пазіцыяй беларусаў.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жаночы марш. Менск, Беларусь. 26 сентября 2020 года. (Фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu)
Сёння стала вядома, што невялікім пасёлку Краснаполле, у якім жыве 5 тысячаў жыхароў, сёння праходзіў «хапун», звязаны з паслявыбарчымі акцыямі пратэсту. Інфармацыі пра колькасць затрыманых, роўна як і іншых падрабязнасцяў пакуль няма.
Супрацоўніка Верхнядзвінскага райвыканкама затрымалі па так званай справе «кадравага рэзерву новай Беларусі». У канале сілавікоў прыводзіцца «пакаяльнае відэа», на якім мужчына кажа, што ён з’яўляецца вучнем «кадравага рэзерву новай Беларусі». Супраць яго распачалі крымінальную справу.
Справа музыкаў гурта «Nizkiz» Аляксандра Ільіна, Сяргея Кульшы і Дзмітрыя Халяўкіна будзе разглядацца 19 сакавіка ў судзе Кастрычніцкага раёна Менска. Працэс будзе весці суддзя Алена Жывіца.
Паводле праваабаронцаў, у лютым 2024 года ў Беларусі было праведзена мінімум 548 палітычных працэсаў па адміністрацыйных справах. У выніку было прызначана мінімум 95 арыштаў, 84 штрафы, тройчы суддзі прызначалі грамадскія працы.
Супраць беларускай палітычнай уцякачкі Ілоны Рудэні пачалі спецыяльную вытворчасць, яе хочуць судзіць завочна па пяці артыкулах: за паклёп (арт. 188 КК), незаконныя дзеянні ў дачыненні да персанальных дадзеных (ч. 3 арт. 203-1 КК), садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 арт. 361-4 КК), гвалт або пагрозу прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных справаў (арт. 364 КК) і абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Жанчыну запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ў Першамайскі РУУС Менска.
На канале сілавікоў з’явілася інфармацыя пра затрыманне жыхара Магілёва. Паводле яе, мужчына прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога».
Спецдакладчыкі ААН выступілі з заявай з нагоды гадавіны прысуду ў дачыненні да Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча, якіх асудзілі адпаведна на 10, 9 і 7 гадоў зняволення. У сваёй заяве спецдакладчыкі выразілі занепакоенасць тым, што судовыя працэсы над праваабаронцамі былі «помстай уладаў за іх праваабарончую дзейнасць у Беларусі».
Супрацоўнікі ГУБАЗіК затрымалі жыхарку Гомлі за каментары на адрас сілавікоў. Жанчыне пагражаюць крымінальнай справай.
Палітзняволенага Дзяніса Дзікуна, асуджанага па справе «рэйкавых партызанаў» да 23 гадоў зняволення, збіраюцца зноў судзіць за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі» паводле ч. 2 арт. 411 КК. Суд пройдзе 25 сакавіка ў Горках. Яму могуць дадаць яшчэ два гады зняволення.
Маці былога палітвязня Віктара Пархімчыка адвакатка Галіна Пархімчык пакінула Беларусь. Яе затрымлівалі 28 лютага за ўдзел у акцыі пратэсту 16 ліпеня 2020 года. Таксама яе абвінавачвалі ў аказанні фінансавай дапамогі праз «Facebook» ахвярам рэпрэсій і змясцілі ў ІЧУ. Праз тыдзень жанчыну адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе ў статусе падазраванай.