ГУБАЗіК затрымаў настаўніка, які «прымушаў» вучня зняць вайсковую форму
15.03.2024, 14:32
Затрыманы настаўнік Аляксандр Шыдлоўскі. Фота з відэа на канале сілавікоў
podpis źródła zdjęcia
Прапагандысты заклікаюць адправіць мужчыну «на ўранавыя руднікі».
ГУБАЗіК затрымаў настаўніка, якому не спадабалася, што 9-класнік прыйшоў у школу ў вайсковай форме. «Пакаяннае» відэа з мужчынам з’явілася на канале сілавікоў.
Затрыманы настаўнік Аляксандр Шыдлоўскі. Фота з відэа на канале сілавікоў
На камеру сілавікам мужчына кажа, што ён настаўнік з 20-гадовым стажам. Выданне «Медиазона» высветліла, што гэта Аляксандр Шыдлоўскі з Менску.
Мужчына «прызнаецца» ў тым, што нядаўна да яго на заняткі прыйшоў вучань у вайсковай форме, і гэта яму не спадабалася, таму прымушаў 9-класніка зняць яе.
Настаўнік таксама кажа, што ён праціўнікам гэтак званага вайскова-патрыятычнага выхавання моладзі ў краіне і «ў цэлым курсу нашай краіны», падтрымлівае Украіну ў змаганні з расейскімі агрэсарамі.
Акрамя таго, Шыдлоўскі кажа, што браў удзел у пратэстах 2020 года разам з жонкай і дваімі малымі дзецьмі.
У тэлеграм-канале сілавікі прыводзяць скрыншоты, ліставанне, што нібыта належаць Шыдлоўскаму, дзе ён крытычна выказваецца ў дачыненні рэжымаў Беларусі і Расеі ды ўжывае лозунгі «Жыве Беларусь!» і «Слава Украіне!».
У відэа таксама робіцца акцэнт на тым, што ў школе ведалі пра погляды Шыдлоўскага, але не рабілі ніякіх захадаў. У гэтым можна ўгледзець намёк на тое, што ў сілавікоў неўзабаве могуць узнікнуць пытанні і да адміністрацыі школы.
Прапагандыстка Лебедзева ўжо запрапанавала адправіць мужчыну на «ўранавыя руднікі» і называе настаўніка «нацыстам», а тое, што ён працуе ў беларускай школе, – «дыверсіяй».