«Спадарыня прэзідэнт?» – «Дастаткова Святлана». Ціханоўская сустрэлася з гуртом «Би-2»
16.03.2024, 18:40
Сустрэча Святланы Ціханоўскай з музыкамі гурту «Би-2». Вільня, Літва. 15 сакавіка 2024 года. (Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай)
podpis źródła zdjęcia
Музыкі ўпершыню выступілі ў літоўскай сталіцы пасля вызвалення з турмы ў Тайландзе.
Абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская паразмаўляла з удзельнікамі гурту «Би-2», калі яны прыехалі ў Вільню з канцэртам. Музыкі ўпершыню выступілі ў літоўскай сталіцы пасля вызвалення з турмы ў Тайландзе.
«Спадарыня прэзідэнт?» – спытаў Ягор Бортнік, вядомы як Лёва, вітаючы Святлану Ціханоўскую. Яна адказала: «Святлана – дастаткова».
Абраная прэзідэнтка сустрэлася з удзельнікамі гурту «Би-2» у Вільні, куды яны прыехалі з першым пасля вызвалення з тайскай турмы канцэртам. Музыкі апавялі пра свае «прыгоды», падзякавалі Ціханоўскай за падтрыманне ў той момант. Ціханоўская выказала словы павагі за антываенную пазіцыю творцаў.
Ягор Бортнік і Святлана Ціханоўская. Вільня, Літва. 15 сакавіка 2024 года. (Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай)
Музыкі прызналіся, што ў 2020 годзе планавалі вялікі канцэрт каля стэлы ў Менску, «тысячаў 200 б сабраў», аднак не паспелі. Яны паабяцалі выступіць у Беларусі «пасля перамогі».
Ціханоўская засталася на канцэрт, у зале было багата беларусаў, у натоўпе луналі бел-чырвона-белыя сцягі.
Сустрэча Святланы Ціханоўскай з музыкамі гурту «Би-2». Вільня, Літва. 15 сакавіка 2024 года. (Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай)
«Би-2» затрымалі ў Тайландзе напрыканцы студзеня за працу без патрэбных дакументаў – гэта была афіцыйная версія. Масква дамагалася дэпартацыі музыкаў у Расею, там ужо паспелі прыгразіць ім турмою, аднак дапамагло ўмяшанне некалькіх краінаў. Гурт выратавала грамадзянства Ізраілю ды Аўстраліі ў некаторых удзельнікаў, і дзякуючы хвалі салідарнасці і высілкам дыпламатаў усіх музыкаў выправілі ў Тэль-Авіў.
Падчас мірнай рэвалюцыі ў Беларусі Бортнік казаў, што Лукашэнка мусіць сысці, а пасля пачатку вайны ва Украіне назваў расейцаў забойцамі.