навіны

Вайна ва Украіне: лакальныя змены фронту і захаванне ініцыятывы УС РФ

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія салдаты едуць да лініі фронту каля Аўдзееўкі ў Данецкай вобласці, Украіна. 13 сакавіка 2024 года. (Фота: Jose Colon / Anadolu Press / Abaca Press / East News)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія салдаты едуць да лініі фронту каля Аўдзееўкі ў Данецкай вобласці, Украіна. 13 сакавіка 2024 года. (Фота: Jose Colon / Anadolu Press / Abaca Press / East News)
podpis źródła zdjęcia

Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 15 сакавіка.

«Белсат» падводзіць вынікі 751-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі на вечар 15 сакавіка чытайце ў нашым аглядзе.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія салдаты едуць да лініі фронту каля Аўдзееўкі ў Данецкай вобласці, Украіна. 13 сакавіка 2024 года. (Фота: Jose Colon / Anadolu Press / Abaca Press / East News)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія салдаты едуць да лініі фронту каля Аўдзееўкі ў Данецкай вобласці, Украіна. 13 сакавіка 2024 года. (Фота: Jose Colon / Anadolu Press / Abaca Press / East News)
У Міністэрстве абароны РФ заявілі, што бліжэй да вечара 14 сакавіка праўкраінскія сілы ажыццявілі вылазку да сяла Казінка ў Белгародскай вобласці. Адзначаецца, што групу ў складзе да 30 чалавек даставілі на адлегласць аднаго кіламетра ад мяжы РФ з дапамогаю двух верталётаў Мі-8, якія рухаліся максімальна нізка, і таму аказаліся незаўважанымі для праціўніка.
Пасля высадкі дыверсійная група дабралася да Казінкі і замацавалася ў некалькіх дамах на ўскрайках. Але ў выніку была выяўленая і зліквідаваная ці выціснутая на тэрыторыю Украіны.
Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» мяркуе, што бліжэйшым часам можна чакаць новых атак на памежныя раёны Курскай і Белгародскай вобласцяў, на што ўказвае канцэнтрацыя сілаў праціўніка ў прылеглых раёнах Украіны.
У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што цягам апошніх содняў сілы абароны краіны адбілі не менш за 16 атак праціўніка каля Тэрноў, Ямпалеўкі і Раздолаўкі на поўначы Данецкай вобласці і ў ваколіцах Белагораўкі на Луганшчыне. Атакі ажыццяўляліся пры падтрыманні авіяцыі.
Між тым прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» сцвярджае, што УС РФ прасунуліся каля сяла Тэрны ўздоўж паўночнай лесапаласы балеі Круглая.
Расейскі ваенкар Сямён Пегаў гаворыць, што войскі РФ дасягнулі тактычных поспехаў каля Белагораўкі.
Іншая крыніца – канал «Romanov Лайт» – сцвярджае, што расейцы зайшлі ў паселішча і цяпер прасоўваюцца да цэнтральнай часткі.
На бахмуцкім кірунку назіраецца зніжэнне інтэнсіўнасці наступальных дзеянняў расейскіх вайскоўцаў. Праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» піша, што ў тылавых раёнах перамяшчаецца тэхніка і асабовы склад праціўніка, што сведчыць пра рыхтаванне да ратацыі, каб у далейшым аднавіць маштабны наступ. Адначасова з гэтым крыніца фіксуе павелічэнне актыўнасці артылерыі РФ.
Генштаб ЗСУ паведамляе пра пяць безвыніковых атак праціўніка каля Багданаўкі, Іванаўскага і Клішчыеўкі.
Яшчэ адна праўкраінская крыніца – канал «Бахмутський Балу» – піша, што ў Клішчыеўцы праціўнікі абмяняліся асобнымі пазіцыямі, але гэта істотна не паўплывала на канфігурацыю лініі сутыкнення.
На аўдзееўскім кірунку баявыя дзеянні лакалізуюцца з захаду ад аднайменнага гораду ў ваколіцах Бэрдычава, Арлоўкі, Танэнькага і Первамайскага. Украінскае камандаванне фіксуе на гэтых участках фронту 20 няўдалых атак праціўніка.
Прарасейскі тэлеграм-канал «Военная хроника» піша, што ЗСУ пакуль утрымліваюць свае пазіцыі, чаму спрыяе перакіданне свежых сілаў.
Вайсковы эксперт Барыс Рожын мяркуе, што УС РФ, каб развіваць наступ далей на захад, трэба змяніць тактыку, каб не штурмаваць у лоб умацаваныя пазіцыі ўкраінцаў.
На навапаўлаўскім кірунку расейцы ціснуць у ваколіцах Краснагораўкі, Георгіеўкі, Новаміхайлаўкі і Вадзянога.
Пегаў сцвярджае, што ў выніку штурмавых дзеянняў войскі РФ прасунуліся ў Краснагораўцы.
Тэлеграм-канал «Два майора» адзначае прасоўванні УС РФ з поўначы ад Новаміхайлаўкі на ўчастку фронту шырынёй да 1,5. Цяпер яны намагаюцца замацавацца на новых пазіцыях.
На паўднёвым захадзе Данецкай вобласці войскі РФ ізноў шукалі слабыя месцы ў абароне праціўніка каля Старамаёрскага, але прасунуцца не здолелі.
У Запарожскай вобласці баявыя дзеянні лакалізуюцца на ўчастку фронту паміж Вэрбовага і Работына. Пегаў гаворыць, што тут ніводны з бакоў не валодае ініцыятывай, і асобныя пазіцыі часцяком пераходзяць з рук у рукі, але гэта істотна не ўплывае на канфігурацыю лініі сутыкнення.
Праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер», спаслаўшыся на аднаго з байцоў ЗСУ, піша, што Работына і апорныя пункты з поўдня ад сяла застаюцца пад украінскім кантролем.
У Херсонскай вобласці расейцы штурмуюць пазіцыі ЗСУ на левым беразе Дняпра ў сяле Крынкі, але поспеху не маюць.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.
Наталля Кулыгіна belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10