Беларуска загінула ў гарах Славакіі, уцякаючы ад мядзведзя
16.03.2024, 22:53
Пошукі жанчыны, якая загінула ў славацкіх Татрах, уцякаючы ад мядзведзя. (Фота: hzs.sk)
podpis źródła zdjęcia
Жанчына сарвалася з вышыні.
Беларусы – 29-гадовы мужчына і 31-гадовая жанчына – сустрэліся з мядзведзем у славацкіх Нізкіх Татрах 15 сакавіка. Жанчына, спрабуючы ўцячы, сарвалася з вышыні і загінула, паведамляе славацкая горнавыратавальная служба.
Пошукі жанчыны, якая загінула ў славацкіх Татрах, уцякаючы ад мядзведзя. (Фота: hzs.sk)
Здарэнне адбылося ў Дземяноўскай даліне. Беларусы сутыкнуліся з мядзведзем і паспрабавалі ўцячы ад яго, пры гэтым разбегліся ў розныя бакі. Паводле мужчыны, жывёліна пераследавала жанчыну. Беларуска знікла з полю зроку свайго спадарожніка, ён нават не меў з ёй галасавога кантакту.
Ратавальнікі з Рэгіянальнага ратавальнага цэнтру Нізкіх Татраў разам з сабакам, два супрацоўнікі Цэнтру перадухілення лавінаў з дронамі і цеплавізарам, а таксама супрацоўнікі славацкай паліцыі і сябра групы рэагавання на бурага мядзведзя выехалі на месца трагедыі.
Пошукі жанчыны, якая загінула ў славацкіх Татрах, уцякаючы ад мядзведзя. (Фота: hzs.sk)
Службовы сабака пад скальным парогам знайшоў цела жанчыны, якая сарвалася з вышыні. Мядзведзь знаходзіўся непадалёк. З дапамогай службовага сабакі, крыкаў і папераджальнага стрэлу мядзведзя адагналі.
Пазней другая група ратавальнікаў знайшла спадарожніка жанчыны. Ён быў напалоханы, але не пацярпеў. У суправаджэнні парамедыкаў яго даставілі ў службовы аўтамабіль выратавальнай службы. Цела жанчыны перадалі паліцыі. Абставіны і прычыну смерці будзе вызначаць расследаванне.