У Беларусі завялі крымінальную справу на «Народныя амбасады» і «Беларусаў замежжа»
20.03.2024, 12:43
Удзельніца маршу на трэцюю гадавіну выбараў 2020-га (Фота: Ян Лісіцкі / Белсат)
podpis źródła zdjęcia
СК намякае, што адбярэ маёмасць у фігурантаў справы для «кампенсацыі шкоды».
Следчы камітэт завёў крымінальную справу на прадстаўнікоў аб’яднанняў беларусаў за мяжой – «Народных амбасадаў» і «Беларусаў замежжа». Іх вінавацяць паводле арт. 361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім»). Пра гэта паведамляе прэс-служба СК.
Удзельніца маршу на трэцюю гадавіну выбараў 2020-га (Фота: Ян Лісіцкі / Белсат)
Следчы камітэт сцвярджае, што абʼяднанні беларускіх эмігрантаў створаныя «на базе злачынных суполак», а кіруюць імі «персанажы калярадыкальных ячэек, якія зацікаўленыя ў антыканстытуцыйнай змене» нібыта законна абранай улады.
«Народныя амбасады» – прадстаўніцтвы дэмакратычнай Беларусі за мяжой і альтэрнатыва амбасадам рэжыму Лукашэнкі. Паводле СК, яны былі створаныя для «сілавога захопу ўлады ў Беларусі».
«Цяпер Следчы камітэт мае поўную інфармацыю больш чым пра сто прадстаўнікоў радыкальных дыяспараў. Ужо ўстаноўлена больш за 30 абʼектаў нерухомасці, якія належаць фігурантам, на тэрыторыі нашай краіны. Следчымі будуць прыняты ўсе, без выключэння, меры, накіраваныя на прыцягненне вінаватых да адказнасці і кампенсацыі імі шкоды, у тым ліку ў рамках працэдуры спецыяльнага вядзення», – працягвае прэс-служба СК.
Сузаснавальнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак паведамляе, што ў гэтай справе ўжо адбываюцца ператрусы:
«У Беларусі сёння ідуць ператрусы ў справе супраць дыяспаральных актывістаў. Працуе эвакуацыя фонду “BYSOL”. Звычайная працоўная серада».
У Беларусі ўжо прайшла чарада спецыяльных вядзенняў супраць людзей, якія зʼехалі з краіны. У асуджаных такім чынам могуць канфіскоўваць маёмасць. Пад спецвядзенне ў Беларусі трапілі, напрыклад, прэс-сакратар Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна, журналіст і аналітык радыё «Свабода» Юрый Дракахруст, палітыкі Вераніка Цапкала і Вольга Карач, а таксама шэраг экспертаў, актывістаў, палітыкаў, праваабаронцаў.