Украінскія дэпутаты разгарнулі ў Вярхоўнай Радзе сцяг палка Каліноўскага
21.03.2024, 17:16
Сцяг палка Каліноўскага ў Вярхоўнай Радзе Украіны. 21 сакавіка 2024 года. Скрыншот з (відэа: Ігор Гузь / Facebook)
podpis źródła zdjęcia
57 беларускіх добраахвотнікаў загінулі, абараняючы Украіну ад расейскіх акупантаў.
Дэпутаты ўкраінскай Вярхоўнай Рады 21 сакавіка разгарнулі ў парламенце сцяг палка Каліноўскага – найбуйнейшага беларускага фармавання ў складзе Збройных сілаў Украіны. Пра гэта паведаміў дэпутат Ігар Гузь з калегамі.
Сцяг палка Каліноўскага ў Вярхоўнай Радзе Украіны. 21 сакавіка 2024 года. Скрыншот з (відэа: Ігор Гузь / Facebook)
«З пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ваяры беларускага палка стаяць за Украіну. Яны прыехалі ва Украіну з Еўропы, каб ваяваць, абаранялі Кіеў, калі гэта было вельмі трэба, а цяпер яны застаюцца на ўсходнім фронце», – адзначыў палітык.
Паводле яго, «кожны беларус, які мае зброю ў руках і змагаецца з расейскім акупантам, ведае, што без вольнай Украіны не будзе вольнай Беларусі».
Ігар Гузь таксама згадаў пра дзясяткі ваяроў-каліноўцаў і беларусаў з іншых падраздзяленняў, якія загінулі на полі бою.
,,
«Глыбока перакананы, што мы неўзабаве з гэтым сцягам будзем у вольным Менску і ў свабоднай Беларусі. Слава Беларусі! Слава Украіне!» – адзначыў дэпутат.
У студзені 2024 года дабрачынны фонд «Вольная Беларусь» адзначаў, што цягам дзесяці гадоў загінулі 57 беларускіх добраахвотнікаў, якія абаранялі Украіну ад расейскіх акупантаў. З пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну страцілі жыццё мінімум 38 беларусаў, якія змагаліся за Украіну.