Заяву прадстаўніка Кабінету Сахашчыка пра «бліцкрыг на Вільню» назвалі безадказнай і шкоднай
25.03.2024, 23:10
Літоўскі сцяг на фоне статуі на даху Кафедральнага касцёлу Святога Станіслава. Вільня, Літва. 21 лютага 2024 года. (Фота: Белсат)
podpis źródła zdjęcia
Палітолаг Павел Усаў абвінаваціў Сахашчыка ў самапіяры.
Прадстаўнік Аб’яднанага кабінету ў справах абароны і нацыянальнай бяспекі Валер Сахашчык заявіў пра планы Беларусі і Расеі напасці на Вільню і ўжыць ядравую зброю. Свае крыніцы ён не раскрывае, але запэўнівае, што задума «абсалютна рэальная». Палітолаг Павел Усаў назваў гэтую заяву безадказнай і шкоднай.
Літоўскі сцяг на фоне статуі на даху Кафедральнага касцёлу Святога Станіслава. Вільня, Літва. 21 лютага 2024 года. (Фота: Белсат)
24 сакавіка ў Варшаве на мітынгу да Дня Волі прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справах абароны і нацыянальнай бяспекі Валер Сахашчык заявіў, што Расея і Беларусь рыхтуюцца да выкарыстання ядравай зброі і «нейкага бліцкрыгу на Вільню». Паводле яго, «беларускія генералы са сваімі калегамі з Масквы малююць стрэлкі на мапах у бок Вільні».
У каментары «Белсату» Сахашчык адзначыў, што планы гэтыя «абсалютна рэальныя». Адкуль ён пра гэта ведае, не раскрыў:
,,
«Мая каманда сістэмна займаецца зборам, аналізам і абагульненнем інфармацыі пра тое, што адбываецца ў Беларусі і вакол Беларусі. Мы маем дастатковую колькасць крыніцаў інфармацыі, вядома, я не буду іх назваць. Аднак той аб’ём інфармацыі, што мы маем на сёння, дазваляе нам цалкам пэўна зрабіць выснову, што планы такія ёсць і яны абсалютна рэальныя».
Ён мяркуе, што мэтаю нападу на літоўскую сталіцу можа быць прымус Захаду да спынення падтрымання Украіны і да перамоваў аб новым светаўладкаванні, як гэта было пасля Другой сусветнай. «Каб шакаваць і запалохаць грамадства еўрапейскіх краінаў і прымусіць іх да перамоваў», – назваў Сахашчык імаверныя памкненні Масквы.
Ён пры гэтым выказаў надзею, што NATO усё ж адкажа ўдарам на ўдар, калі найгоршы сцэнар ажыццявіцца, а не пагодзіцца на перамовы.
«Такія заявы, не абгрунтаваныя сур’ёзнымі доказамі, шкодныя і безадказныя», – сказаў «Белсату» палітолаг Павел Усаў. Ён раскрытыкаваў Сахашчыка і выказаў думку, што той проста піярыцца:
«Заява можа сведчыць пра жаданне спадара Сахашчыка прыцягнуць да сябе ўвагу, ён неаднакроць рабіў розныя гучныя заявы, якія выклікалі ў медыях хвалю каментароў і рабілі яго фігурай, якая станавілася кропкаю прыцягнення ўвагі».
Эксперт таксама падкрэсліў, што пра вайсковыя планы Масквы і Менску ведалі б выведкі заходніх краінаў, але яны маўчаць:
,,
«Такія заявы могуць сведчыць пра тое, што Сахашчык можа ведаць значна больш, чымся амерыканская, літоўская, украінская выведкі разам узятыя. Выведка ЗША, NATO не мае такіх аператыўных звестак і нават не рыхтуецца да такога нападу».
Алею ў агонь, на меркаванне Усава, падліло і тое, што атакаваць нібыта плануюць Літву, дзе «сітуацыя вельмі напружаная ў дачыненні да беларусаў».
«Такія заявы ўздымаюць хвалю недаверу ў Літве, дзе і так сітуацыя вельмі напружаная ў дачыненні да беларусаў, хвалю крытычнага стаўлення, дыскрымінацыі і фактычна апраўдваюць тую палітыку, якую рэалізуюць літоўцы ў дачыненні да беларусаў, абвінавачваючы іх у тым, што яны могуць быць выкарыстаныя і Пуціным, і Лукашэнкам для нейкіх аперацыяў, дыверсіяў супраць Літвы», – падсумаваў палітолаг.