Пазняк, Кабанчук, Бяляцкі і іншыя. Рада БНР надала ўзнагароды з нагоды Дня Волі
25.03.2024, 17:34
Медаль Ордэну Пагоні. (Фота: Рада Беларускай Народнай Рэспублікі – Рада БНР / Facebook)
podpis źródła zdjęcia
Упершыню з 1950 года адбылося ўзнагароджанне тытуламі кавалера Ордэну Пагоні.
У 106-ую гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла падпісала дэкрэты аб узнагароджанні за заслугі перад беларускім народам.
Медаль Ордэну Пагоні. (Фота: Рада Беларускай Народнай Рэспублікі – Рада БНР / Facebook)
Упершыню з 1950 года адбылося ўзнагароджанне тытуламі кавалера Ордэну Пагоні з наданнем адзнакі крыжа Ордэну Пагоні. Імі адзначылі палітыка Зянона Пазняка («за найважнейшы ўнёсак у здабыццё незалежнасці Беларусі, нацыянальнае адраджэнне, абарону дэмакратыі») і праваабаронцу Алеся Бяляцкага («за выбітныя заслугі маральна-грамадскага лідарства нацыянальнага маштабу на абароне грамадзянскіх і нацыянальна-культурных правоў і законнасці Беларусі ў варунках асабістае небяспекі»). Таксама гэтай узнагародай адзначаныя два палітвязні і два рэлігійныя і духоўныя лідары нацыянальнага маштабу, чые імёны пакуль не называюцца.
Медалём Ордэну Пагоні адзначаныя ваяр і вайсковы арганізатар у батальёне «Волат» з дадатковаю вайсковаю адзнакаю і адзнакаю за мужнасць, дырэктар Беларускага дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк, камандзір палка імя Кастуся Каліноўскага Дзяніс Прохараў і намеснік камандзіра палка Вадзім Кабанчук (абодва з дадатковай вайсковаю адзнакаю), куратарка кніжнай калекцыі Бібліятэкі імя Скарыны ў Лондане Караліна Мацкевіч, дзеяч Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі і адзін з кіраўнікоў Беларускага дабрачыннага фонду Сяргей Пяткевіч, удзельніца нацыянальнага руху пачатку 1980-х і непадцэнзурнага друку, журналістка Алена Радкевіч, сустаршыня Руху салідарнасці «Разам» Алена Талстая, а таксама брытанскі навуковец Алан Флаўэрз і грамадскі актывіст, які шмат зрабіў у справе дабрачыннасці, медык Сяргей Юрчанка (Чэхія).
За ўнёсак у беларускую культуру і адукацыю медалём Ордэну Пагоні ўзнагароджаныя аўтарка падручнікаў беларускай мовы для 1–6 класаў, беластоцкая настаўніца Аліна Ваўранюк, заснавальнік інтэрнэт-бібліятэкі і кіраўнік беластоцкага фонду Kamunikat.org Яраслаў Іванюк і паэт Андрэй Хадановіч.
Апроч таго, медалём За Баявыя Заслугі ўзнагародзілі трох афіцэраў і чатырнаццаць байцоў палка імя Кастуся Каліноўскага, аднаго афіцэра і адзінаццаць байцоў батальёну «Волат», а таксама аднаго байца асобнай дэсантна-штурмавой роты «Беларусь». Аднаму з вайсковых арганізатараў, раней узнагароджанаму медалём Ордэну Пагоні, нададзеная дадатковая вайсковая адзнака.