Жыхара Шчучына затрымалі за каментары пра тэракт у «Крокус Сіці Холе»
26.03.2024, 18:42
Затрыманне жыхара Шчучына. (Крыніца: «Вясна / Правы чалавека ў Беларусі» / Telegram)
podpis źródła zdjęcia
Яго таксама вінавацяць у экстрэмісцкай дзейнасці.
Сілавікі затрымалі жыхара Шчучына, які «здзекаваўся з трагедыі, што адбылася ў Расеі». Пра гэта паведамляюць тэлеграм-каналы, набліжаныя да сілавікоў.
Затрыманне жыхара Шчучына. (Крыніца: «Вясна / Правы чалавека ў Беларусі» / Telegram)
На відэа, якое знялі сілавікі, хлопец кажа, што пакідаў каментары таму, што не падтрымлівае вайны Расеі супраць Украіны. У паведамленні сілавікоў дадаецца, што шчучынец нібыта «займаўся экстрэмісцкай дзейнасцю».
Таксама на відэа бачна, як сілавікі ўрываюцца ў кватэру з напужанай пажылой жанчынай і хлопцам.
Тэракт у маскоўскай канцэртнай залі «Крокус Сіці Хол» адбыўся 22 сакавіка. На вечар 25 сакавіка ў спісе загінулых 139 чалавек. З іх 40 памерлі ад агнястрэльных раненняў, двое – ад спалучэння агнястрэльных і колата-рэзаных ранаў, 45 – у выніку пажару. Прычыны смерці астатніх не абвешчаныя. Раненні і траўмы атрымалі мінімум 182 асобы.
Сярод загінулых грамадзянка Беларусі 1978 года нараджэння. Таксама, імаверна, загінуў ахоўнік «Крокус Сіці Хол» з Баранавічаў Вадзім Аляксандравіч Кулік 1981 года нараджэння.
Адказнасць за тэракт узяла на сябе тэрарыстычная арганізацыя «Ісламская дзяржава». ФСБ Расеі заяўляе, што за тэрактам стаяць ЗША, Вялікая Брытанія і Украіна. Украінскія ўлады адмаўляюць датычнасць да тэракту.