навіны

«Палітычнае пудзіла». Дзе ў Беларусі можа з'явіцца магільнік радыеактыўных адкідаў?

БелАЭС. Астравецкі раён, Беларусь. 25 красавіка 2021 года. (Фота: ВК / Белсат)
БелАЭС. Астравецкі раён, Беларусь. 25 красавіка 2021 года. (Фота: ВК / Белсат)
podpis źródła zdjęcia

Або каля Украіны, або побач з БелАЭС – каля Літвы.

Першы блок беларускай АЭС запусцілі яшчэ ў жніўні 2020 года, а чыноўнікі дасюль не вызначыліся, дзе захоўваць адпрацаванае ядравае паліва. Называюцца дзве магчымыя пляцоўкі – на тэрыторыі Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніку або побач з самой станцыяй у Астраўцы. Хімік Сяргей Бесараб у каментары «Белсату» адзначыў: галоўнае не месца, а тэхналогія захоўвання. Ён лічыць, што сховішча, якое пабудуць у Беларусі, не будзе бяспечным.
БелАЭС. Астравецкі раён, Беларусь. 25 красавіка 2021 года. (Фота: ВК / Белсат)
БелАЭС. Астравецкі раён, Беларусь. 25 красавіка 2021 года. (Фота: ВК / Белсат)
Хаця АЭС у Астраўцы працуе з 2020 года, у Беларусі дасюль не з’явіўся пункт збору, захоўвання, сартавання, перапрацоўвання і пахавання радыеактыўных адкідаў. Будоўля яшчэ толькі плануецца, і невядома дзе.
«Мы разглядаем усю тэрыторыю краіны», – заявіў 26 сакавіка дырэктар Беларускай арганiзацыі па абыходжаннi з радыеактыўнымi адходамi Дзмітрый Логвін. Ён, зрэшты, удакладніў, што «ёсць два галоўныя кірункі»:


,,

«Першае – галоўная крыніца выпрацоўвання радыеактыўных адкідаў, то бок АЭС. Другое – тэрыторыя Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніку, то бок адчужаныя землі, не ўцягнутыя ў гаспадарчае абарачэнне».


Тэмэлінская АЭС (Фота: Martin Vorel / Libreshot.com / CC0)
Латвія задумала збудаваць АЭС. Адзін з варыянтаў лакацыі – каля мяжы з Беларуссю навіны
Чыноўнік запэўніў, што трываюць «комплексныя інжынерныя вышуканні, што дазволяць з дастатковым абгрунтаваннем спыніць выбар на той ці іншай пляцоўцы».
«Сказаць, дзе дакладна будзе пункт, мы пакуль не гатовыя», – адзначыў Логвін, заявіўшы, што да гэтай працы прыцягнуты расейскі бок. – Нам патрэбныя кансультацыі, рэкамендацыі, улучна з тэхналагічнымі аспектамі».
Кіраўнік паліўнай кампаніі расейскай карпарацыі «Росатом» «ТВЭЛ» Эдуард Нікіцін, чый каментар таксама дае беларуская дзяржаўная кампанія БелТА, заявіў аб гатовасці «ўкараняць і нават пілатаваць нашыя найлепшыя развязанні ў Беларусі».
«Напрацоўкі, што будуць зробленыя ў беларускім праекце, будуць карыснымі і для расейскага боку», – сказаў Нікіцін.
«Толькі нейкія навуковыя пошукі. Будуць «трэнавацца на котках». Беларусь як выпрабавальная тэрыторыя», – пракаментаваў «Белсату» словы расейскага топ-менеджара хімік Сяргей Бесараб. Ён падкрэсліў, што «ў Расеі геалагічнага сховішча таксама няма, яны не маюць тэхналогіяў і разумення, як гэта рабіць».
У Беларусі, найхутчэй, сховішча будзе такім: груба кажучы, выкапаюць канаву, скінуць туды бочкі з адкідамі і накрыюць дахам – як у Расеі, тлумачыць навуковец.
Гэта небяспечны тып сховішча, і дзе яно будзе, прынцыповага значэння не мае. У такім выпадку галоўнаю будзе лагістыка.
«Напэўна, лагічна будаваць непадалёк, а не валачы невядома што і як праз усю краіну. Чым да таго Палескага запаведніку давезці тыя адкіды? На возе з канём?» – пытае эксперт.
Бесараб назваў выбар месца магільніку палітычным:


,,

«Як палітычнае пудзіла ж. Раней сховішча за савецкім часам было каля Менску, цяпер прапануюць на мяжы з Украінаю ці на мяжы з ЕЗ».


Суразмоўца «Белсату» канстатаваў, што Беларусь цалкам не гатовая да працы з адкідамі:


,,

«Бракуе эканамічнага і юрыдычнага абгрунтавання, пагатоў адэкватных экалагічных ацэнак рызык транспартавання і захоўвання. Жах гэта ўсё, шчыра кажучы».


БелАЭС. Крыніца: Minenergo_by / Telegram
Краіны-удзельніцы Канвенцыі Эспа: Беларусь не выконвае свае абавязальніцтвы пры эксплуатацыі БелАЭС навіны
Пакуль жа адпрацаванае паліва захоўваюць у басейне вытрымкі каля рэактару. «А хутка гэтыя басейны будуць поўныя. Гэта дзікунства», – падсумаваў Сяргей Бесараб.
Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10