навіны

У Філадэльфіі афіцыйна заснавалі свята ў гонар Дня Волі

Святкаванне беларусамі Дня Волі ў Філадэльфіі, ЗША. 25 сакавіка 2024 года. (Фота: «Belarus Freedom – Philadelphia» / Facebook)
Святкаванне беларусамі Дня Волі ў Філадэльфіі, ЗША. 25 сакавіка 2024 года. (Фота: «Belarus Freedom – Philadelphia» / Facebook)
podpis źródła zdjęcia

Гэта будзе Дзень беларускай спадчыны.

Улады гораду Філадэльфія ў ЗША пастанавілі адзначаць 25 сакавіка Дзень беларускай спадчыны, паведаміла суполка «Belarus Freedom – Philadelphia». Прадстаўніку беларускай дыяспары перадалі адпаведны дакумент падчас святкавання Дня Волі каля будынку мэрыі.
Святкаванне беларусамі Дня Волі ў Філадэльфіі, ЗША. 25 сакавіка 2024 года. (Фота: «Belarus Freedom – Philadelphia» / Facebook)
Святкаванне беларусамі Дня Волі ў Філадэльфіі, ЗША. 25 сакавіка 2024 года. (Фота: «Belarus Freedom – Philadelphia» / Facebook)
25 сакавіка беларусы Філадэльфіі прыйшлі да мэрыі, каб адзначыць Дзень Волі. Там прагучалі гімн «Магутны Божа», «Купалінка» і песні на беларускай мове мясцовага гурта «Zaraz».
Падчас святкавання прадстаўнік Офісу ў справах імігрантаў мэрыі Алан Джойнвіл перадаў кіраўніку суполкі «Belarus Freedom – Philadelphia» Сяржуку Шалігу дэкларацыю аб абвяшчэнні 25 сакавіка Днём беларускай спадчыны ў Філадэльфіі.
У гэтым дакуменце мэр гораду Шэрэл Паркер адзначыла, што суполка выконвае двайную місію: папулярызуе беларускую культуру і гісторыю ды адначасова адстойвае дэмакратычныя рэформы ў Беларусі.
Дакумент аб заснаванні ў Філадэльфіі Дня беларускай спадчыны. 25 сакавіка 2024 года. (Фота: «Belarus Freedom – Philadelphia» / Facebook)
Дакумент аб заснаванні ў Філадэльфіі Дня беларускай спадчыны. 25 сакавіка 2024 года. (Фота: «Belarus Freedom – Philadelphia» / Facebook)
Шаліга падзякаваў за ўшанаванне беларускіх традыцыяў і святаў. «Гэта таксама ганаровы акт прызнання дзейнасці беларускай суполкі гарадскімі ўладамі», – сказаў прадстаўнік дыяспары.
Пасля ўрачыстага святкавання актывісты абмеркавалі з прадстаўнікамі Офісу ў справах імігрантаў шляхі супрацы. Сярод прапановаў было запрашэнне беларусаў да ўдзелу ў праграмах святкавання дзён культуры, у гарадскіх сацыяльных праектах. Улады Філадэльфіі адзначылі, што яны адкрытыя да любых прапановаў і гатовыя дапамагаць ува ўсім, што дапаможа беларускай суполцы захоўваць сваю спадчыну.
25 сакавіка адзначаецца дзень абвяшчэння незалежнасці першай беларускай дзяржавы – БНР. Цяперашнія ўлады гэтага свята не прызнаюць. Пры гэтым шмат якія краіны і замежныя палітыкі віншуюць беларусаў з Днём Волі. А мэрыя польскага гораду Элк ужо два гады запар вывешвае ў гэты дзень бел-чырвона-белы сцяг.
Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10