«Вы ж разумееце, закрытыя ўсе межы». Беларусы едуць з Польшчы па 17 гадзінаў
29.03.2024, 17:39
Аўтавакзал «Варшава Заходняя». Варшава, Польшча. 29 сакавіка 2024 года. (Фота: Белсат)
podpis źródła zdjęcia
Колькі часу трэба закладваць на падарожжа, каб не спазняцца на самалёты, цягнікі і запланаваныя сустрэчы?
Беларуска-польская мяжа пасля закрыцця большасці памежных пераходаў часам ператвараецца ў гарачы пункт – нават рэйсавыя аўтобусы стаяць там гадзінамі. Напярэдадні выходных наведалі вакзал «Варшава Заходняя», каб даведацца, колькі часу трэба закладваць на падарожжа, каб не спазняцца на самалёты, цягнікі і запланаваныя сустрэчы.
Аўтавакзал «Варшава Заходняя». Варшава, Польшча. 29 сакавіка 2024 года. (Фота: Белсат)
Яшчэ 25 сакавіка ў чатах, дзе абмяркоўваюць мінанне мяжы, скардзіліся, што стаяць па двое содняў, аднак апошнія два дні пераход праз мяжу пры выездзе ў Польшчу адбываецца хутчэй. Але гэта ў параўнанні з двума соднямі, а не з тымі даўнімі часамі, калі памежныя пераходы можна было выбіраць. Цяпер дарога ў Беларусь і з Беларусі ўсё яшчэ займае ў сярэднім 17 гадзінаў.
Мяркуючы з квіткоў, якія былі ў продажы з датаю прыезду ў Варшаву 28 сакавіка, у некаторыя гадзіны на вакзал «Варшава Заходняя» маюць прыходзіць мінімум па тры аўтобусы з Беларусі. Аднак актыўнасці, як мае быць згодна з раскладам, не відаць. За гадзіну можа прыехаць толькі адзін аўтобус ці ўвогуле ніводнага.
Жанчына ідзе да аўтобуса на вакзале «Варшава Заходняя». Варшава, Польшча. 29 сакавіка 2024 года. (Фота: Белсат)
Пад выглядам чалавека, які сустракае кагосьці з Беларусі, пытаемся ў кіроўцы беларускага аўтобуса, якая сітуацыя з чэргамі і чаму адзін з аўтобусаў даводзіцца чакаць ужо некалькі гадзінаў.
,,
«Вось цяпер чэргаў з Беларусі не было. Пазаўчора былі. Вы ж разумееце, закрытыя ўсе межы, застаўся толькі адзін пункт пропуску [Берасце – Тэрэспаль. – Заўвага рэд.]. На пяць – шэсць гадзінаў аўтобус можа затрымацца смела. Спазненне на дзве гадзіны – гэта яшчэ нармальна. Чакайце. У нас было спазненне на чатыры гадзіны», – кажа суразмоўца.
Удакладняем, як з мытнымі правяраннямі на ўездзе ў Польшчу. «Як пашанцуе», – адказвае кіроўца.
Нарэшце бачым аўтобус, які меў прыехаць больш як дзве гадзіны таму. Пытаемся ў адной з пасажырак, чаму ён спазніўся.
«Пяць гадзінаў стаялі. На беларускай мяжы наагул нуль аўтобусаў. У палякаў мала аўтобусаў, але мы на перазменку трапілі, таму стаялі. А так наагул не правяралі», – бадзёра тлумачыць жанчына.
Аўтавакзал «Варшава Заходняя». Варшава, Польшча. 29 сакавіка 2024 года. (Фота: Белсат)
Кіроўца іншага аўтобуса кажа, што 27 сакавіка аўтобус у Польшчу прыйшоў са спазненнем на тры гадзіны.
«А туды [у Беларусь. – Заўвага рэд.] не скажу. Бывае па-рознаму», – кажа мужчына.
На ўездзе ў Беларусь аўтобусы могуць стаяць доўга ў тым ліку праз праверкі, якія ладзяць беларускія сілавікі. Пра гэта паведамляюць праваабаронцы. Пра такую практыку апавёў «Белсату» і адзін з пасажыраў, які нядаўна прыязджаў у Беларусь – праз «размовы» з сілавікамі аўтобус затрымаўся на некалькі гадзінаў.
Мяркуючы са звестак «Ecolines», 28 сакавіка спазненні аўтобусаў, якія ідуць у Беларусь з Польшчы, могуць скласці і 10 гадзінаў. Гэта значыць, уся дарога – каля 17 гадзінаў. У маршрутах перавозніка ў Польшчу адхіленняў альбо няма, альбо яны невялікія.
Аўтобусы «Ecolines», якія едуць з Літвы або ў Літву, таксама альбо не спазняюцца, альбо затрымліваюцца максімум на дзве гадзіны.
Расклад прыбыцця аўтобусаў «Ecolines» у Беларусь 28 сакавіка 2024 года. (Скрыншот: ecolines.net)
Удакладняем у перавозніка, чаму на польскім кірунку такія затрымкі і як планаваць паездку.
«На жаль, мы не валодаем інфармацыяй аб прычыне затрымак на мяжы. Як правіла, сярэдні час затрымак на польскай мяжы – ад 5 да 10 гадзінаў», – адказвае служба падтрымання.
Аўтавакзал «Варшава Заходняя». Варшава, Польшча. 29 сакавіка 2024 года. (Фота: Белсат)
Паводле Дзяржаўнага памежнага камітэту, 28 сакавіка былі гадзіны, калі чэргаў з аўтобусаў не было зусім. Аднак у даведцы «Менсктрансу» рэкамендуюць у любым выпадку закладваць больш часу на мінанне мяжы.
,,
«Нават да 10 гадзінаў закладваецца час менавіта на Польшчу», – адказваюць нам.
«А так не бывае. Гэта камусьці вельмі пашанцавала, а так да 10 гадзінаў чаргі. Вось у нас сёння аўтобус з Гданьску паедзе пасля поўначы, хоць ён мае ўвечары ехаць, бо там вялікія чэргі стаялі. Пакуль прыехаў – усё. Так што, паверце, чэргі – і туды, і назад. Калі вы едзеце, каб трапіць на самалёт, трэба абавязкова з вялікім запасам браць квіток. Таму што чакаць, што сёння будуць чэргі, а заўтра не, вельмі крытычна», – заключаюць у «Менсктрансе».