Беларускага спевака Ap$ent заблакавалі ў Расеі на патрабаванне «Раскамнагляду»
29.03.2024, 16:54
Старонка выканаўцы Ap$ent на сэрвісе «Яндекс Музыка» пры ўваходзе з расейскага адрасу. 29 сакавіка 2024 года. (Скрыншот: Music.yandex.ru)
podpis źródła zdjęcia
Песня пра эміграцыю з Беларусі стала папулярнай у Расеі як фон для відэа пра бадзяжных жывёлінаў.
Расейскі музычны сэрвіс «Яндекс Музыка» заблакаваў для карыстальнікаў з Расеі старонку беларускага спевака Арсенія Кісляка, які выступае пад псеўданімам Ap$ent. На старонцы, калі зайсці на яе з Расеі, паказваецца, што яна недасяжная на патрабаванне «Раскамнагляду». Таксама на патрабаванне ведамства старонку выдалілі з сэрвісу «Звук».
«Яндекс Музыка» паведаміла расейскаму выданню «Ведомости», што 27 сакавіка атрымала ад «Раскамнагляду» патрабаванне абмежаваць доступ да старонкі спевака Ap$ent без тлумачэння прычынаў.
Старонку спевака на «Яндекс Музыка» заблакавалі, але звярнуліся ў ведамства па тлумачэнні.
Старонка выканаўцы Ap$ent на сэрвісе «Яндекс Музыка» пры ўваходзе з расейскага адрасу. 29 сакавіка 2024 года. (Скрыншот: Music.yandex.ru)
З Беларусі старонка застаецца дасяжная.
Старонка выканаўцы Ap$ent на сэрвісе «Яндекс Музыка» пры ўваходзе з беларускага адрасу. 29 сакавіка 2024 года. (Скрыншот: Music.yandex.ru)
У расейскім сэрвісе «Звук» старонка выканаўца Ap$ent выдаленая з пазнакаю «на патрабаванне „Раскамнагляду“».
Старонка выканаўцы Ap$ent на сэрвісе «Звук». 29 сакавіка 2024 года. (Скрыншот: Zvuk.com)
У расейскай сацсетцы VK старонкі спевака нібы не выдаленыя, а ягоную музыку можна паслухаць, ды пошук паводле трэкаў спрацоўвае дзіўна: Ap$ent не шукаецца, а ягоны галоўны гіт, «Можно я с тобой», прыпісаны выканаўцу DVN.
У расейскім сэрвісе «МТС Музыка» трэк «Можно я с тобой» нібыта ў выкананні DVN займае на момант публікацыі першае месца ў чарце. Старонка выканаўца Ap$ent ёсць на сэрвісе, але менавіта гэтай песні там няма.
Як адзначаюць «Ведомости», у Расеі Арсенія Кісляка і ягоны музычны праект не залучылі ў спісы замежных агентаў, экстрэмістаў ці тэрарыстаў. Няма яго і ягоных песняў і ў беларускіх спісах экстрэмістаў.
«З усяго выглядае, на думку РКН, я дэстабілізую грамадска-палітычнае становішча сваёй творчасцю і сілаю думкі».
Арсеній Кісляк нарадзіўся ва Украіне, калі яму быў год, разам з маці пераехаў з Харкава ў Магілёў. Пазіцыянуе сябе як беларускага музыку. Музыцы вучыўся сам, у 17 гадоў граў у панк-гурце «Crisis Creep», які аднойчы выступаў на канцэрце «Дай дарогу!».
Праект Ap$ent нарадзіўся яшчэ ўлетку 2018 года, тады ў сетцы з’явіліся першыя рэлізы музыкі. Першы гіт, песню «Мылю и молюсь» з крытыкаю ковід-дысідэнцтва кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, спявак запісаў для расейскага конкурсу «Карантиновидение». У 2020 годзе выдаў трэк «Песенка веселого белоруса», прысвечаны выбарам-2020.
Цяпер галоўны гіт Ap$ent’а – «Можно я с тобой». Як тлумачыў спявак, песня была пра ад’езд ягонай сям’і з Беларусі ў Грузію пасля рэпрэсіяў супраць ягонай жонкі – яе асудзілі на год абмежавання волі за «абразу Лукашэнкі» праз каментар пра арышт Рамана Пратасевіча ў тэлеграм-канале «Nexta». Музыка казаў, што «проста зарыфмаваў падзеі са свайго жыцця».
У расейскамоўным сегменце інтэрнэту песню зразумелі інакш: яе часта выкарыстоўваюць у сацсетках як фон для відэа пра ратаванне бадзяжных жывёлінаў. Сам музыка быў не супраць такой інтэрпрэтацыі.