Расейцы прасунуліся на поўначы і захадзе ад Данецку. Што вядома?
31.03.2024, 18:57
Ілюстрацыйны здымак. Жыхар Данецкай вобласці, 30 сакавіка 2024 г. (Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum)
podpis źródła zdjęcia
Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 31 сакавіка.
«Белсат» падводзіць вынікі 767-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 31 сакавіка чытайце ў нашым аглядзе.
Ілюстрацыйны здымак. Жыхар Данецкай вобласці, 30 сакавіка 2024 г. (Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum)
У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што цягам апошніх содняў расейцы не праводзілі наступальных аперацыяў на купянскім кірунку. Пры гэтым яны па-ранейшаму абстрэльваюць авіяцыяй, артылерыяй і мінамётамі пазіцыі ЗСУ. У гэты ж час самыя ЗСУ, паводле Міністэрства абароны РФ, контратакавалі каля сяла Сынькоўка ў Купянскім раёне, але лінія сутыкнення засталася нязменнай.
На суседнім ліманскім кірунку войскі РФ прынамсі шэсць разоў атакавалі каля Цернаў і Белагораўкі ў Данецкай і Луганскай вобласцях адпаведна. Каля першага населенага пункту ўкраінцы атакуюць у адказ.
На бахмуцкім кірунку баявыя дзеянні лакалізуюцца на захадзе і поўдні ад аднайменнага раённага цэнтру.
Генштаб ЗСУ піша пра адбіццё сямі атак праціўніка каля населеных пунктаў Часаў Яр, Іванаўскае і Клішчыеўка.
Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што таксама ідуць сустрэчныя баі ў сяле Багданаўка.
Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» паведамляе, што паміж Багданаўкай і Іванаўскім расейцы намагаюцца прасунуцца ў бок гораду Часаў Яр. Тут ЗСУ трымаюць абарону ўздоўж мясцовай чыгункі, якая вядзе на ўсходнія ўскрайкі населенага пункту. Паводле крыніцы, цяпер украінцы спрабуюць умацаваць пярэдні край сваёй абароны.
Праўкраінскі «Бахмутський Демон» піша, што расейцы актыўна абстрэльваюць сам Часаў Яр і ягоныя ваколіцы.
Іншая крыніца – «Говорять Снайпер» – адзначае, што расейцы намагаюцца аднавіць наступальны патэнцыял каля Клішчыеўкі, але пакуль усе іхныя атакі не прыносяць чаканага выніку.
На аўдзееўскім кірунку ініцыятыва таксама застаецца за Узброенымі сіламі РФ, якія наступаюць у ваколіцах населеных пунктаў Бэрдычы, Сямёнаўка, Уманскае, Первамайскае і Невельскае. Украінскае камандаванне піша, што на гэтых участках за апошнія содні сілы абароны краіны адбілі не менш за 24 атакі.
Між тым праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер» фіксуе поспехі войскаў РФ у ваколіцах сяла Сямёнаўка, дзе пад іхны кантроль перайшлі некалькі пазіцыяў. Агулам, паводле крыніцы, сітуацыя на кірунку зноў абвастраецца.
«Говорять Снайпер» паведамляе, што расейцы шчыльна б’юць па пазіцыях ЗСУ авіяцыяй і танкамі.
Прарасейскі канал «Военкор Котенок» сцвярджае, што таксама УС РФ прасунуліся ў Первамайскім. Цяпер пад кантролем украінцаў застаецца дзясятая частка населенага пункту.
Акрамя гэтага адзначаецца, што ў Сямёнаўцы і Бэрдычах Збройныя сілы трымаюцца выключна за кошт ударных дронаў, а расейскі наступ грунтуецца на ўдарах авіяцыйнымі бомбамі.
Аналітык выдання BILD Юліян Ропке мяркуе, што ў выпадку захопу сёлаў Бэрдычы і Сямёнаўка, расейцы выйдуць на аператыўны прастор, паколькі іншыя населеныя пункты знаходзяцца на адлегласці ад трох да пяці кіламетраў.
На навапаўлаўскім кірунку расейцы ціснуць каля Краснагораўкі, Пабеды, Новаміхайлаўкі і Вадзянога – не менш за 36 атак за содні.
«Военкор Котенок» піша, што УС РФ занялі яшчэ адну вуліцу ў сяле Георгіеўка.
«Рыбарь» сцвярджае, што УС РФ расшырылі зону кантролю ў Новаміхайлаўкі, прасунуўшыся на захад, у выніку чаго пад іхны кантроль перайшлі будынкі мясцовай пошты і сельсавету.
Таксама тэлеграм-канал фіксуе пачатак баёў на ўсходніх ускрайках дачнага пасёлку «Машынабудаўнік» (на паўночным захадзе ад Новаміхайлаўкі). Паведамляецца, што ЗСУ адышлі з лесапаласы на поўдні ад гэтага населенага пункту.
На паўднёвым захадзе Данецкай вобласці расейцы атакуюць каля сяла Старамаёрскае, але пакуль ЗСУ ўдаецца стрымліваць праціўніка.
У Запарожскай вобласці працягваюцца сустрэчныя баі на ўчастку фронту паміж сёламі Вэрбовае і Работына (на поўдні ад гораду Арэхаў). Пакуль ніводны з бакоў канфлікту не можа змяніць сітуацыю ў свой бок.
На херсонскім кірунку расейцы двойчы атакавалі на левым беразе Дняпра, імкнучыся выбіць ЗСУ з займаных плацдармаў, але поспеху не дасягнулі.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.