Ваяваць не хочам, але да вайны рыхтуемся. Лукашэнка заявіў пра «падрыхтоўку адпаведных фармаванняў»
02.04.2024, 15:17
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія вайскоўцы. (Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram)
podpis źródła zdjęcia
І запэўніў, што Беларусь «нікому нічым не пагражае».
Лукашэнка паўтарыў свой улюбёны крылаты выраз «хочаш міру – рыхтуйся да вайны» і заявіў, што ў Беларусі да вайны насамрэч рыхтуюцца. Ён сказаў гэта падчас наведвання Гарадзеншчыны, перадаюць дзяржаўныя крыніцы.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія вайскоўцы. (Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram)
,,
«Нікому не верце, што мы хочам ваяваць. Мы рыхтуемся да вайны, я пра гэта кажу шчыра», – заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас паездкі ў Горадню.
Ён назваў «вельмі слушным» крылаты выраз «хочаш міру – рыхтуйся да вайны».
Паводле Лукашэнкі, у Беларусі трывае «неабходная падрыхтоўка адпаведных фармаванняў», войска атрымлівае «розныя віды зброі і тэхнікі».
Палітык таксама ўпэўнены, што Беларусь нікому нічым не пагражае: «Нам не трэба некаму пагражаць. Мы не хочам чужой зямлі. Нам гэтую дай бог апрацаваць».
Лукашэнка таксама не бачыць сваёй віны ў заслоне на мяжы з суседнімі краінамі ЕЗ. «Цяпер яны ад нас закрыліся плотам. Вы бачыце, што гэта не мая віна, гэта іх палітыка», – сказаў ён, не згадаўшы, што суседзі будуюць агароджы і закрываюць памежныя пераходы з розных прычынаў: з увагі на мігрантаў, на кантрабанду, на суўдзел Беларусі ў вайне супраць Украіны і іншыя чыннікі.
Яшчэ Лукашэнка пракаментаваў папярэджанні краінаў ЕЗ да ўласных грамадзянаў пра пагрозу арышту або спробы вербавання ў Беларусі:
«Гасподзь з вамі, не трэба мне гэтае вербаванне. Хто ж так вярбуе? Каго трэба, мы ўжо даўно завербавалі».
Ён падсумаваў, што Беларусі «чужога не трэба»:
,,
«Я заўсёды кажу: не чапай чужога, бокам вылезе. І вам хачу наказаць: чужога не чапайце. Рана ці позна гэта ператворыцца ў катастрофу».
«Белсат» раней пісаў пра тры імаверныя сцэнары, пры якіх эскалацыя можа беспасярэдне закрануць Беларусь: сусветная або еўрапейская вайна, незапланаваная і абмежаваная эскалацыя паміж Расеяй і NATO або новы паход на Кіеў з нашай краіны, як гэта было на пачатку ўварвання ў лютым 2022 года.