Беспілотнікі ўпершыню з пачатку вайны атакавалі Татарстан. Адтуль да Украіны – 1200 кіламетраў
02.04.2024, 12:37
Атака беспілотніка на Ялабугу, Расея. 2 красавіка 2024 года. (Скрыншот: uniannet / Telegram)
podpis źródła zdjęcia
Пашкоджанае прадпрыемства ў Ялабузе і нафтазавод у Ніжнякамску.
Беспілотнікі атакавалі два гарады ў Татарстане: Ніжнякамск і Ялабугу. Крыніца выдання «РБК-Україна» кажа, што гэта была аперацыя ГУР для знішчэння вытворчасці дронаў.
Атака беспілотніка на Ялабугу, Расея. 2 красавіка 2024 года. (Скрыншот: uniannet / Telegram)
Атака адбылася раніцою. У Ялабузе было пашкоджанае прадпрыемства і, як сцвярджаюць мясцовыя ўлады, інтэрнат на тэрыторыі асаблівай эканамічнай зоны «Алабуга». Паводле афіцыйных звестак, у выніку пацярпелі 7 асобаў. Момант удару знялі на відэа відавочцы.
У Ніжнякамску дроны атакавалі нафтаперапрацоўчы завод. Улады запэўніваюць, што «тэхналагічны працэс не парушаны».
Атакаваны нафтазавод у Ніжнякамску, Расея. 2 красавіка 2024 года. (Фота: uniannet / Telegram)
Выданне «РБК-Україна» піша, што цэллю атакі ў Татарстане стаўся завод зборкі дронаў «Shahed». Гэта была аперацыя ГУР Міністэрства абароны Украіны.
Рэгіён Расейскай Федэрацыі атакавалі, імаверна, украінскія беспілотнікі «UJ-22 Airborn» ад вытворцы «Ukrjet». Апарат можа несці 20 кілаграмаў выбухоўкі. Далечыня палёту, як заяўлялася, да 800 кіламетраў. Аднак да Ніжнякамску і Ялабугі ад украінскай мяжы – каля 1200 кіламетраў.
Зрэшты, напярэдадні міністр лічбавай трансфармацыі Украіны Міхайла Фэдараў паведаміў, што краіне ўдалося істотна пашырыць вытворчасць далёкабойных беспілотнікаў, што могуць праляцець больш за 1000 кіламетраў.