У шклоўскай калоніі пачаліся паборы са сваякоў зняволеных
01.04.2024, 19:35
Папраўчая калонія № 17 Шклова. Скрынштот фільма БТ «Изнанка.Политзаключённые».
podpis źródła zdjęcia
Сродкі нібыта на ўладкаванне пакоя вольнага часу і матрацы.
Сваякоў зняволеных шклоўскай калоніі № 17 просяць «добраахвотна» спансаваць рамонт у калоніі. Пра гэта паведамляюць праваабаронцы магілёўскай «Вясны».
Папраўчая калонія № 17 Шклова. Скрынштот фільма БТ «Изнанка.Политзаключённые».
«У ПК-17 у сакавіку зноў пачаўся час рамонтаў, з-за чаго асуджаных пераводзяць з атраду ў атрад. Сваякоў адпаведна просяць сустрэцца з юрыстам калоніі “для добраахвотнай перадачы ў дар” будаўнічых інструментаў і матэрыялаў (напрыклад, для пакоя вольнага часу)», – пішуць праваабаронцы.
Паведамляецца, што шчодрасць падарункаў будзе мець прамое значэнне пры разглядзе спраў аб умоўна-датэрміновым вызваленні.
У некаторых атрадах збіраюць яшчэ грошы нібыта на новыя матрацы.
У ПК-17 адбывае тэрмін 101 палітвязень. Пры тым, што адміністрацыя збірае грошы нібыта на рэчы, якія павінны палепшыць умовы для зняволеных, палітвязні ўтрымліваюцца ў нечалавечых умовах. Іх рэгулярна змяшчаюць у ШІЗА, дзе не зусім нічога, не кажучы пра матрацы.