«Радыё Свабода» выпусціла падкаст пра карную сістэму рэжыму Лукашэнкі
02.04.2024, 20:32
Кадр з падкасту «Архіпелаг БЕЛАГ». (Фота: скрыншот з відэа / Радыё Свабода / YouTube)
podpis źródła zdjęcia
У сямі эпізодах аўтары раскажуць пра ўсе кругі пекла палітычнага пераследу ў Беларусі.
«Архіпелаг БЕЛАГ» – так назваецца новы падкаст-серыял «Радыё Свабода» пра тое, як арганізаваная карная сістэма рэжыму Лукашэнкі.
Кадр з падкасту «Архіпелаг БЕЛАГ». (Фота: скрыншот з відэа / Радыё Свабода / YouTube)
Падкаст-серыял будзе мець сем частак, у якіх аўтары раскажуць пра ўсе кругі пекла карнай сістэмы рэжыму Лукашэнкі – затрыманне, «содні», следства, хатнія арышты, «хімію», этапы, калоніі, турмы і жыццё пад наглядам па вызваленні. Дапамагаюць у гэтым аўтарам былыя палітзняволеныя, былыя сілавікі, праваабаронцы, а таксама нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч.
Так, візуалізацыю падкасту журналістам Радыё Свабода дапамагалі рабіць былыя палітзняволеныя – Марыя Каленік, Лявон Халатран, Віктар Пархімчык, Анастасія Булыбенка, Натальля Карнеева і яшчэ некалькі чалавек, якія пажадалі захаваць ананімнасць.
Таксама ў падкасце прагучаць парады былых палітвязняў, былых сілавікоў і праваабаронцаў, як прайсці «Архіпелаг БЕЛАГ» з найменшымі стратамі для псіхічнага і фізічнага здароўя.
«У свеце мала ведаюць пра гуманітарную катастрофу ў Беларусі, а ўлады імкнуцца зрабіць рэпрэсіі нябачнымі, салідарнасць немагчымай, злачынствы схаванымі, галасы палітвязняў фальшывымі ці нячутнымі, – кажа аўтарка падкасту журналістка Ганна Соўсь. – Тэма палітвязняў была прыярытэтнаю для журналістаў «Радыё Свабода» ўсе гады кіравання Аляксандра Лукашэнкі. Рэжым не зможа нармалізаваць рэпрэсіі, бо расказанае, запісанае, візуалізаванае застанецца».
,,
«Канечне, «Архіпелаг БЕЛАГ». Дакладную назву вы знайшлі, – кажа нобелеўская лаўрэатка ў галіне літаратуры і ўдзельніца падкасту Святлана Алексіевіч. – Так сёння і ёсць, але тут не такі размах, як у «Архіпелагу ГУЛАГу». Мы ж маленькая краіна.
Усе адзін аднаго ведаюць. Урэшце, у нас няма ані Магадана, ані Калымы, калі магчыма кудысьці далёка саслаць людзей і не бачыць іх. Тут яны ўсе будуць нібы на вачах. Але захаваўся дух, захаваліся спосабы катаў, захавалася іх псіхалогія, іх разуменне. І гэта ўсё Сталін, сталінскі час. Мы ніяк не можам выжыць з сябе Сталіна, і ўвогуле чалавечая прырода аказваецца нетрывалая».
Ужо даступны першы эпізод падкаста, які называецца «Затрыманне і гвалт у кабінетах ГУБАЗіКу і КДБ. Катавальня Акрэсціна». Глядзець яго можна па наступных спасылках: