Абломкі мосту ў Вязьме пашкодзілі рэйкі, кантактны провад ды іншую інфраструктуру.
Рух цягнікоў праз Вязьму адноўлены, паведамілі ў Маскоўскай чыгунцы. Там адзначылі, што чыгуначнікі адкрылі рух па адным шляху на перагоне Сямлёва – Вязьма. Першы цягнік прайшоў а 20:10 паводле мясцовага часу.
«Усе пасажырскія цягнікі ідуць па сваіх звычайных маршрутах», – адзначылі ў Маскоўскай чыгунцы
Як паведамляецца, укладка другога галоўнага шляху на пашкоджаным праз абрушэнне аўтамабільнага моста ўчастку таксама завершаныя. Цяпер вядзецца мантаж кантактнай сеткі.
На час працаў рух цягнікоў на ўчастку Сямлёва – Вязьма арганізаваны ў рэверсіўным рэжыме па адным пуці.
8 красавіка ў расейскай Вязьме абрынуўся мост, перагарадзіўшы галоўную чыгуначную магістраль паміж Беларуссю і Расеяй. Абломкі мосту ў Вязьме пашкодзілі рэйкі, кантактны провад ды іншую інфраструктуру.
Цягнікі пусцілі альтэрнатыўным маршрутам, а пасажыры хуткасных электравікоў «Ластаўка» былі вымушаныя рабіць перасадку на аўтобусы.
Мост, што абрынуўся, перагарадзіў галоўную чыгуначную магістраль паміж Беларуссю і Расеяй. Там штодня праходзіць ад 14 да 23 пасажырскіх цягнікоў і 10–15 параў грузавых.