навіны

Лукашэнка ў Маскве: трэба размаўляць з тымі, хто стаіць за ўкраінцамі

Аляксандр Лукашэнка адказвае на пытанні журналістаў перад сустрэчай у Крамлі. (Фота: скрыншот з відэа / Пул первого / Telegram)
Аляксандр Лукашэнка адказвае на пытанні журналістаў перад сустрэчай у Крамлі. (Фота: скрыншот з відэа / Пул первого / Telegram)
podpis źródła zdjęcia

Пра што пагавораць Лукашэнка і Пуцін.

Аляксандр Лукашэнка 10 красавіка прыехаў з працоўным візітам у Маскву, дзе адбудзецца ягоная сустрэча з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным. Перад прыездам у Крэмль Лукашэнку спынілі журналісты, якія задалі некалькі пытанняў пра Украіну, пра будучую сустрэчу з прэзідэнтам РФ і пра космас. «Белсат» між тым спытаў у экспертаў, якімі ім бачацца сапраўдныя мэты гэтага візіту.
Аляксандр Лукашэнка адказвае на пытанні журналістаў перад сустрэчай у Крамлі. (Фота: скрыншот з відэа / Пул первого / Telegram)
Аляксандр Лукашэнка адказвае на пытанні журналістаў перад сустрэчай у Крамлі. (Фота: скрыншот з відэа / Пул первого / Telegram)
Меркавана, у Расеі не адмовілася ад намеру абвінаваціць Украіну ў тэракце ў «Crocus City Hall», бо менавіта пра тое, як цяпер пасля гэтага здарэння размаўляць з Кіевам спытаў Аляксандра Лукашэнку, злавіўшы яго на ганку, расейскі карэспандэнт.


,,

«Вы з імі не размаўляеце і наўрад ці будзеце размаўляць. Калі трэба ў размову гэтую ўклініцца, то мы можам вам у гэтым плане дапамагчы. А імкнуцца вам туды з імі неяк размаўляць я сэнсу не бачу», – прапанаваў той свае міратворчыя паслугі.


Адносна датычнасці Украіны да тэракту ён выказаўся ў стылі «не ўсё так адназначна». «Зараз трэба да канца разабрацца: украінцы – украінцамі. Але за ўкраінцамі, вы правільна прыкмецілі, стаяць пэўныя сілы, вы таксама іх ведаеце, вось з тымі трэба размаўляць. А ўкраінцы тут патроны падносілі», – лічыць ён.
На пытанне пра верагоднасць з’яўлення санітарнай зоны на мяжы Беларусі і Украіны Аляксандр Лукашэнка адказаў, што пакуль не бачыць неабходнасці ў ёй: «Мы там на мяжы вельмі сур’ёзна працуем».
Не мае ён упэўненасці і ў пытанні стварэння санітарнай зоны на мяжы Украіны з Расеяй. «Яе яшчэ трэба стварыць. Гэта ж не простыя пытанні. Думаю, што шмат што будзе залежаць не толькі ад бакоў, якія ваююць, але і шмат што будзе залежаць ад заходніх дзяржаваў», – сказаў Лукашэнка і перайшоў да абвінавачвання Захаду. «Не хацелася б, каб Захад працягваў гэтую эскалацыю ва Украіне. А эскалацыя – гэта пастаўка зброі і боепрыпасаў. Ну і зараз яны пачалі пагаворваць пра перакідванне сваіх вайскоўцаў ва Украіну, хутчэй за ўсё на мяжу да Беларусі. Чакаем, хай перакідваюць» – падсумаваў ён.
Напярэдадні візіту паведамлялялася, што ён, у тым ліку, прымеркаваны і да Дня касманаўтыкі. Відаць, невыпадкова Лукашэнка з сабой у паездку ўзяў Марыну Васілеўскую, якая злётала ў космас і якой перад гэтым ён прысвоіў званне Героя Беларусі.
Стоячы на ганку, ён паведаміў, што ў Беларусі займаюцца падрыхтоўкай «яшчэ некалькіх дзяўчат», бо «ў нас дзяўчаты мацнейшыя».
Анансуючы сустрэчу з Уладзімірам Пуціным, прэсс-служба Лукашэнкі паведамляла, што яны абмяркуюць «тэматыку развіцця супрацоўніцтва дзвюх краін у розных сферах, пытанні, якія патрабуюць разгляду на вышэйшым узроўні», а таксама рэгіянальную і міжнародную абстаноўку. Адказваючы на пытанні ў Маскве, ён удакладніў, што пачнуць з пытанняў эканомікі, бо бліжэйшым часам плануюцца сустрэчы расейскага і беларускага прэм’ераў і ім трэба «трошкі каляіну акрэсліць».
«Белсат» пацікавіўся ў экспертаў, якімі ім бачацца сапраўдныя мэты чарговага прыезду Лукашэнкі ў Маскву і ці варта чакаць нейкіх сенсацыяў. Па агульнаму меркаванню аналітыкаў, дыктатары будуць святкаваць.


,,

«Я думаю, што ніякіх вынікаў у гэтай сустрэчы не будзе, будзе святкаванне, многа прыгожых фотак двух дыктатараў, якія засталіся адзін у аднаго і адзін аднаго будуць падтрымліваць», – адзначыла ў каментары «Белсату» паліталагіня Аліна Харысава.


Яна лічыць, што гэта і ёсць галоўная мэта сустрэчы – адсвяткаваць першы сумесны палёт на МКС касманаўтаў Саюзнай дзяржавы.
На думку старшага даследніка Фінскага інстытуту міжнародных стасункаў Рыгора Ніжнікава, у паездак Лукашэнкі ў Маскву даўно няма нейкай асаблівай мэты:


,,

«Я не бачу, каб яны нешта такое кардынальнае вырашалі падчас такіх сустрэчаў. Проста бавяць час і абмяркоўваюць актуальныя ідэі, якія ў галаве ва Уладзіміра Пуціна, якія датычацца «святых месцаў» – Украіны, Захада і г.д».


Што да абмеркавання нейкіх ваенных планаў, то, на думку эксперта, малаверагодна, што Пуцін будзе пытаць у Лукашэнкі, калі адкрываць другі фронт, бо «ён не роўны партнёр Уладзіміру Пуціну».


,,

«Ён можа паставіць Лукашэнку перад фактам: вось мы прынялі такое рашэнне, вы павінны зрабіць гэта і гэта», – лічыць Рыгор Ніжнікаў.


Суразмоўца «Белсату» мяркуе, што кожны з кіраўнікоў будзе вырашаць сваю задачу – Лукашэнка цешыцца тым, што Беларусь – касмічная дзяржава, а Пуцін разважаць на тую тэму, на якой яго заўсёды «клініць» апошнім часам: пра святую Русь, пра Захад, пра Украіну.
Раздачы нейкіх пернікаў у выглядзе крэдытаў не варта чакаць таму, што гэта будзе дрэнна выглядаць на фоне падзей у Арэнбургу, дзе многа людзей страцілі дамы і патрабуюць дапамогі, а Пуцін туды нават не паехаў. «Я думаю, што прэс-служба гэтага не дапусціць, не трэба лішні раз паказваць, што ён нешта дае Беларусі, калі свае людзі хаваюцца ад катастрофы, а яго там няма», – лічыць эксперт.
Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10