навіны

Ціханоўская выступіла на Дэльфійскім форуме ў Грэцыі. Казала пра палітвязняў і геапалітыку

Святлана Ціханоўская на Дэльфійскім эканамічным форуме (Фота: прэс-служба офісу Святланы Ціханоўскай)
Святлана Ціханоўская на Дэльфійскім эканамічным форуме (Фота: прэс-служба офісу Святланы Ціханоўскай)
podpis źródła zdjęcia

«Без незалежнай вольнай Беларусі будзе сталая пагроза Украіне і нашым еўрапейскім суседзям».

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская 11 красавіка выступіла на Дэльфійскім эканамічным форуме ў секцыі, прысвечанай геапалітычнай сітуацыі ў свеце, расказала прэс-служба офісу Ціханоўскай.
Святлана Ціханоўская на Дэльфійскім эканамічным форуме (Фота: прэс-служба офісу Святланы Ціханоўскай)
Святлана Ціханоўская на Дэльфійскім эканамічным форуме (Фота: прэс-служба офісу Святланы Ціханоўскай)
Святлана Ціханоўская 11–12 красавіка наведвае Грэцыю з афіцыйным візітам, бярэ ўдзел у Дэльфійскім эканамічным форуме. У планах візіту – сустрэча з прэзідэнтам Грэцыі, мэрам Афінаў, былым сталым прадстаўніком Злучаных Штатаў у NATO. Сярод іншага Ціханоўская наведала Агару, якая лічыцца месцам нараджэння дэмакратыі.
На Дэльфійскім эканамічным форуме Ціханоўская ўзяла ўдзел у секцыі пра геапалітычную сітуацыю ў свеце, у якой таксама ўдзельнічалі польскі міністр замежных справаў Радослаў Сікорскі і вядомая журналістка Эна Эплбаўм.
У сваім выступе Ціханоўская расказала пра сітуацыю з палітвязнямі ў Беларусі, пра смерць Аляксандра Кулініча за кратамі. Яна заклікала свет і міжнародныя арганізацыі прыкласці намаганні для вызвалення палітзняволеных.
Таксама Ціханоўская распавяла пра магчымасці прыцягнення рэжыму Аляксандра Лукашэнкі да адказнасці за злачынствы супраць беларусаў і за ўдзел у вайне супраць Украіны. Яна расказала і пра дзейнасць беларусаў унутры краіны і за мяжой, і пра працу Аб’яднанага пераходнага кабінету, незалежных ініцыятываў і грамадскіх арганізацыяў.
Асобна Ціханоўская апісала, як бачыць стратэгію Захаду па Беларусі, а таксама крокі, якія могуць быць прынятыя для аслаблення рэжыму Лукашэнкі.


,,

«Без незалежнай вольнай Беларусі будзе сталая пагроза Украіне і нашым еўрапейскім суседзям, – казала Ціханоўская. – Таму не недаацэньвайце стратэгічнай важнасці Беларусі. Нельга пакідаць Беларусь на нейкі наступны дзень, маўляў, „мы разбяромся з Украінай і зоймемся тады вамі“».


Ціханоўская заклікала падтрымаць грамадзянскую супольнасць, незалежныя медыі, а таксама Украіну. Яна заклікала адрозніваць беларусаў і рэжым Лукашэнкі і ізаляваць дыктатара, а не беларусаў – выдаваць ім візы і падтрымліваць тых, хто ўцёк ад рэпрэсіяў.
Пазней офіс Ціханоўскай расказаў яшчэ адную дэталь візіту. У Афінах Ціханоўская сустрэлася з былым прэм’ер-міністрам Грэцыі, патомным палітыкам Георгіёсам Папандрэў, які ёсць праўнукам аднаго з паўстанцаў 1863 года. З ім яна і наведала Агару.
Прадзед палітыка Зыгмунт Мінейка нарадзіўся ў Беларусі, браў актыўны ўдзел у паўстанні Кастуся Каліноўскага. Пасля здушэння паўстання быў высланы ў Сібір, а адтуль перабраўся ў Грэцыю, дзе ўдзельнічаў у вайне з Турэччынай за Крыт.
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на перамовах у Крамлі (Фота: Kremlin.ru)
Пуцін і Лукашэнка казалі, што хочуць перамоваў аб Украіне. А вайна працягваецца навіны
Ціханоўская прывезла былому прэм’еру архіўныя матэрыялы, у тым ліку радавод, фотаздымкі ягоных продкаў, а таксама матэрыялы пра маёнтак і землі Мінейкаў у Беларусі, кнігу мемуараў ягонага прадзеда «З Тайгі пад Акропаль». Ціханоўская запрасіла Папандрэў, які вельмі ганарыцца сваім паходжаннем, у Вільню наведаць месцы пахавання ягоных сваякоў, і выказала спадзяванне, што яны разам змогуць наведаць мясціны Мінейкаў у Беларусі, калі Беларусь стане свабоднай.
Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10