МЗС Беларусі «глыбока ўсхвалявалася» абстрэлам Ізраілю. Іран за атаку не асудзіла
14.04.2024, 13:52
Дэманстранты махаюць іранскімі і палестынскімі сцягамі перад амбасадай Вялікай Брытаніі пасля таго, як Іран запусціў беспілотнікі па тэрыторыі Ізраілю. Тэгеран, Іран. 14 красавіка 2024 года. (Фота: Atta Kenare / AFP / East News)
podpis źródła zdjęcia
І не дало парадаў беларусам у Ізраілі.
Беларускае замежнапалітычнае ведамства распаўсюдзіла каментар з увагі на начны абстрэл Іранам Ізраілю. МЗС заявіла, што «глыбока ўсхваляванае эскалацыяй сітуацыі ў блізкаўсходнім рэгіёне». Пры гэтым асуджаць за атаку Іран улады ў Менску не сталі.
Дэманстранты махаюць іранскімі і палестынскімі сцягамі перад амбасадай Вялікай Брытаніі пасля таго, як Іран запусціў беспілотнікі па тэрыторыі Ізраілю. Тэгеран, Іран. 14 красавіка 2024 года. (Фота: Atta Kenare / AFP / East News)
,,
«Мы паслядоўна выступаем за мірнае ўрэгуляванне канфлікту на Блізкім Усходзе палітычна-дыпламатычнымі сродкамі», – заявіла Міністэрства замежных справаў Беларусі.
Ведамства звярнулася «да ўсёй сусветнай супольнасці, міжнародных арганізацыяў прыняць захады і кансалідаваць высілкі дзеля неадкладнай стабілізацыі абставінаў».
Шмат якія краіны, а таксама кіраўнік ААН, асудзілі Іран за атаку на Ізраіль (напрыклад, ЗША, Канада, Вялікая Брытанія, Нямеччына, Францыя, Японія), МЗС Беларусі гэтага не зрабіў.
Ведамства пры гэтым параіла беларусам, якія плануюць паездкі ў рэгіён, улічваць сітуацыю і адсочваць паведамленні авіяцыйных уладаў пра абмежаванні ў паветраных зносінах.
Аніякіх парадаў грамадзянам Беларусі, якія перабываюць у Ізраілі, міністэрства не дало. Ці звярталіся нашыя суайчыннікі ў амбасаду ў Тэль-Авіве ў сувязі з нападам Ірану, не ўдакладняецца.
Паводле афіцыйных звестак, у выніку атакі на поўдні краіны сур’ёзна пацярпела 7-гадовая дзяўчынка, яе параніла абломкамі ракеты супрацьпаветранай абароны. Некалькі асобаў атрымалі лёгкія парэзы ад аскепкаў.