навіны

Столькі хайпу, а прапагандыст заснуў. Крынж лукашэнкаўскага Усебеларускага сходу

Ірына Дарафеева на «Усебеларускім сходзе» (Фота: Ирина Дорофеева / OK.ru)
Ірына Дарафеева на «Усебеларускім сходзе» (Фота: Ирина Дорофеева / OK.ru)
podpis źródła zdjęcia

Казаць пра «ўсебеларускі народны крынж» не выпадае: сход глядзелі лічаныя тысячы.

Чулі, што 24–25 красавіка ў Беларусі гістарычныя дні, лёсавырашальныя пераломныя падзеі? Арганізатары лукашэнкаўскага Усебеларускага народнага сходу хацелі б, каб вы так думалі, ды штосьці пайшло не так.
Ірына Дарафеева на «Усебеларускім сходзе» (Фота: Ирина Дорофеева / OK.ru)
Ірына Дарафеева на «Усебеларускім сходзе» (Фота: Ирина Дорофеева / OK.ru)
Усебеларускі сход адкрыўся гадзіннай прамовай Аляксандра Лукашэнкі. Ён назваў сход «па-сапраўднаму гістарычным днём», і хоць казаў пра «падзел на „да“ і „пасля“». Але таксама казаў пра «эвалюцыйнае развіццё, не ламаўшы ўкладу», «без рэзкіх рухаў».
Сярод іншага ў прамове ён распавёў страшылкі пра 1990-я гады і пра цяперашніх падступных англасаксаў, вельмі няўпэўнена пахваліў эканоміку Беларусі і не даў беларусам суб’ектнасці ў падзеях 2020 года. Зусім нічога новага ў ягонай прамове не было.
У трансляцыі прамовы Лукашэнкі нібы наўмысна паказвалі дэлегатаў, якія сумавалі, пазяхалі, цяжка ўздыхалі ці выціралі пот. «Наша ніва» звярнула ўвагу на тое, што ў ліку сонных быў прапагандыст Ігар Тур, які два гады таму абураўся чыноўнікамі, якія спяць на нарадах з Лукашэнкам.


Усебеларускі народны сход. На трансляцыі дзяржаўных медыяў нібы наўмысна паказвалі дэлегатаў, якія сумавалі, цяжка ўздыхалі ці выціралі пот. Менск, Беларусь. 24 красавіка 2024 года. (Скрыншот: БелТА / Youtube)
Усебеларускі народны сход. На трансляцыі дзяржаўных медыяў нібы наўмысна паказвалі дэлегатаў, якія сумавалі, цяжка ўздыхалі ці выціралі пот. Менск, Беларусь. 24 красавіка 2024 года. (Скрыншот: БелТА / Youtube)
Дзяржаўныя медыі расказвалі пра Усебеларускі сход вельмі бадзёрым тонам, расказвалі пра яго з захапленнем тыктокаўскага трэйнспотэра. Многія дзяржаўныя медыі суправаджалі навіны са сходу гарачымі эмодзі: 🔥🔥🔥 ці ⚡⚡⚡. Аповеды пра святочную атмасферу псавалі хіба нярадасныя твары дэлегатаў.


Але ж паверце: просты народ не проста чакаў Усебеларускага сходу, а аж збіраўся на мост праводзіць аўтобусы з дэлегатамі! Няўжо не верыце? Вось жа відэа!
Мяркуючы па дзяржаўных медыях, дэлегатам даручылі публікаваць фота са збораў на сход, з паездкі і з Палаца Рэспублікі. Бюджэтнікам жа даручылі праводзіць чыноўнікаў у аўтобусы і глядзець трансляцыю сходу. Вось як гэта выглядала ў сацсетках.
Бюджэтнікі глядзяць Усебеларускі народны сход. Быхаў, Беларусь (Фота: Быхов. Новости. Беларусь / OK.ru)
Бюджэтнікі глядзяць Усебеларускі народны сход. Быхаў, Беларусь (Фота: Быхов. Новости. Беларусь / OK.ru)
Ці не адзіным па-сапраўднаму бадзёрым удзельнікам сходу быў кіраўнік праўладнай «Ліберальна-дэмакратычнай партыі» Алег Гайдукевіч.


Ды да сходу даехалі не ўсе дэлегаты: іх прызначылі 1200, анансавалі ўдзел 1162, а дайшло ў зал 1159. Дыстанцыйных гледачоў у сходу, падобна, было не нашмат больш: так, на Youtube на момант публікацыі ў трансляцыяў сходу на розных дзяржаўных каналах 28 тысяч, 21 тысяча, 11 тысяч і 7 тысяч праглядаў – самы папулярны стрым на Youtube глядзелі менш, чым звычайны выпуск штодзённага «Аб’ектыву» на Youtube-канале «Белсату».
Характэрнай рысай стылю беларускіх чыноўніц да нядаўняга часу былі пышныя начосы, незалежныя медыі збіралі калекцыі фота чыноўніц з анахранічным стылем. Ды сёлетні Усебеларускі народны сход выдаўся надзіва стрыманым у сэнсе прычосак.
Сацсеткі хіба звярнулі ўвагу на хвалістую прычоску дэлегаткі Наталлі Глінскай, 52-гадовай дырэктаркі Маладзечанскай спецыяльнай школы-інтэрнату і чальца Савету Рэспублікі. Ці можа, не толькі на прычоску, а на камбінацыю прычоскі і позірку ў камеру, які ламае чацвёртую сцяну.
Удзельніца «Усебеларускага народнага сходу» (Скрыншот: БелТА / Youtube)
Удзельніца «Усебеларускага народнага сходу» (Скрыншот: БелТА / Youtube)
Выбары дэлегатаў прайшлі без удзелу звычайных беларусаў, прызначылі без усеагульнага галасавання, і нават тыя, каго назвалі «прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці», былі супрацоўнікамі арганізацыяў, якія Міністэрства юстыцыі залічыла ў грамадзянскую супольнасць. Таксама без шырокага ўдзелу грамадскасці выбіралі кандыдатаў у «палітбюро» – Прэзідыум сходу, і кандыдатаў у старшыню сходу. Дакладней, аднаго кандыдата: Аляксандра Лукашэнку.
Пасля таго, як выставілі кандыдатуру Лукашэнкі, той прызнаўся: «Без сціпласці скажу, што ўвесь гэты сыр-бор задумаў дзейны прэзідэнт». І казаў ён відавочна не пра Святлану Ціханоўскую. Лукашэнка растлумачыў: ён спадзяецца, што калі яго не стане, Усебеларускі сход утрымае краіну. Што праўда, паводле законаў пасля смерці Лукашэнкі ягоныя паўнамоцтвы пяройдуць не да сходу, які, дарэчы, застанецца без галавы.


Адзін гэты ўрывак цікавы яшчэ двума выказваннямі. Лукашэнка разважаў, што дэлегатам будуць крытыкаваць: «Вось лукашысты сабраліся, што вам скажуць, то і зробіце». І прызнаў: «Так, тут сабраліся лукашысты, ворагаў тут няма і не будзе». А пасля назваў словам «камуняка» старшыню Цэнтральнай выбарчай камісіі і былога першага сакратара праўладнай Кампартыі Ігара Карпенку, хоць да таго ў сваёй прамове хваліў камуністаў і «савецкія дэмакратычныя традыцыі».
Лукашэнка праводзіў Усебеларускі сход з 1996 года, але да зменаў у Канстытуцыю 2022 года гэты сход не меў аніякіх паўнамоцтваў і быў простай трыбунай для выступаў Лукашэнкі.
Доўга абяцаная канстытуцыйная рэформа дала сходу паўнамоцтвы разглядаць пытанне аб легітымнасці выбараў, ініцыяваць змяненне Канстытуцыі, уводзіць надзвычайнае або ваеннае становішча ў Беларусі, прызначаць рэферэндумы ды накіроўваць вайскоўцаў за межы краіны…
Толькі вось з трыбуны Усебеларускага народнага сходу не прамаўлялі ніякія дэлегаты акрамя самога Лукашэнкі (або, калі прамаўлялі, дзяржаўныя медыі гэта ўтаілі). Дэлегатам прапанавалі толькі аднаго кандыдата ў старшыню сходу (Лукашэнку) і, падобна, менш кандыдатаў у Прэзідыум, чым месцаў у тым прэзідыуме. Дэлегаты сярод іншага маюць разгледзець новую Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі і Ваенную дактрыну Беларусі, ды незразумела, ці змогуць прапанаваць праўкі, ці толькі ўзгадніць прынесеныя ім дакументы. Ці можа, у сходу хопіць волі адхіліць адзін з дакументаў?
Алесь Наваборскі belsat.eu
больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10