Сілавікі затрымалі беларуса за сімпатыі да палку Каліноўскага
27.04.2024, 17:56
Беларус, якога затрымалі за размову ў чат-рулетцы. Скрыншот з відэа праўладных Telegram-каналаў
podpis źródła zdjęcia
Нагодай для затрымання сталі размова ў чат-рулетцы з правакатарам Юрыем Комарам.
Падкантрольныя спецслужбам Telegram-каналы паведамляюць аб затрыманні беларуса, які ў чат-рулетцы сказаў, што падтрымлівае байцоў палка Каліноўскага.
Беларус, якога затрымалі за размову ў чат-рулетцы. Скрыншот з відэа праўладных Telegram-каналаў
На відэа, якое апублікаваў Telegram-канал «ГУ БАЗА» паказаны дыялог беларуса з дальнабойнікам-правакатарам Юрыем Комарам у чат-рулетцы. Комар у гэтай размове выдаваў сябе за ўкраінца і пацікавіўся ў выпадковага суразмоўцы, як хлопец ставіцца да палка імя Кастуся Каліноўскага. «Як да сваіх!»– адказаў той.
Хлопец выказаў пажаданне, каб Украіна перамагла ў вайне і потым ЗСУ разам з палком Каліноўскага зайшлі ў Беларусь. Комар далей запытаў, што трэба рабіць з «ябацькамі». «Проста дэпартаваць з краіны», – адказаў ён.
Гэтыя словы сталі падставай для затрымання, сілавікі прымусілі хлопца запісаць «пакаяннае відэа». «Абяцаю, што больш ніколі не буду сядзець у чат-рулетцы», – кажа ён на запісу.
Па якім артыкуле затрыманы хлопец і дзе цяпер знаходзіцца, невядома.