У Нарвегіі з'явіўся фонд дапамогі беларускім палітвязням
30.04.2024, 15:34
Святлана Ціханоўская на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Нарвегіі Юнасам Гарам Стэрэ. (Фота: Jonas Gahr Støre / X)
podpis źródła zdjęcia
Нарвегія вылучыць на гэта € 850 тысяч.
Лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская ініцыявала стварэнне міжнароднага фонду для падтрымання вызваленых палітычных зняволеных з Беларусі і іхных семʼяў. Нарвегія вылучыць на гэта € 850 тысяч, паведамляе Міністэрства замежных справаў краіны.
Святлана Ціханоўская на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Нарвегіі Юнасам Гарам Стэрэ. (Фота: Jonas Gahr Støre / X)
«Міністэрства замежных справаў будзе займацца практычным суправаджэннем дзейнасці гуманітарнага фонду ў цесным дыялогу з іншымі патэнцыйнымі донарамі і ўдзельнікамі», – адзначае прэс-служба МЗС Нарвегіі.
Дзейнасць фонду будзе накіраваная ў тым ліку на медычную дапамогу і рэабілітацыю, наўпроставае фінансавае падтрыманне і псіхалагічную дапамогу вызваленым палітвязням і беларусам, якія зазналі палітычныя рэпрэсіі.
«Сітуацыя з палітычнымі зняволенымі ў Беларусі жахлівая. Існуе вялікая патрэба ў дапамозе для рэабілітацыі былых палітвязняў і іхных семʼяў», – кажа нарвежскі міністр замежных справаў Эспэн Барт Эйдэ.
Ціханоўская ажыццяўляе візіт у Осла 29 і 30 красавіка. Падчас паездкі яна выступіла перад парламентам і пагутарыла са спікерам парламенту Нарвегіі. Прайшла сустрэча з прэмʼер-міністрам Юнасам Гарам Стэрэ і міністрам замежных справаў Эспэнам Бартам Эйдэ. Праведзены таксама шэраг сустрэчаў з прадстаўнікамі нарвежскіх НДА і беларускай дыяспары ў Нарвежскім Хельсінкскім камітэце.
Сярод іншага абмяркоўвалі стратэгію на 2025 год, падтрыманне палітвязняў і кампанію за вызваленне палітвязня Алеся Бяляцкага.
«Нарвегія застаецца цвёрдым прыхільнікам вашай місіі за свабодную і дэмакратычную Беларусь. Я глыбока ўражаны вашымі [Святланы Ціханоўскай] паслядоўнымі намаганнямі і дасягненнямі ў абʼяднанні беларускага дэмакратычнага руху», – напісаў у X прэмʼер-міністр Нарвегіі Юнас Гар Стэрэ.