Мужчыну абвінавацілі ў перадачы персанальных звестак службовых асобаў.
У Менскім гарадскім судзе 12 красавіка агучылі вырак 44-гадоваму палітвязню, былому інжынеру «Менскэнерга» Артуру Пядзько: 9 гадоў калоніі. Пра гэта паведамляе Dissidentby.
Суддзя Сяргей Хрыпач прызнаў палітвязня Артура Пядзько вінаватым паводле ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 КК («Дапамога ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці, здзейсненай групай асобаў») і прызначыў яму 9 гадоў пазбаўлення волі. Акрамя таго, мужчына мусіць сплаціць больш за $100 тысяч. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.
Пад вартай Артур Пядзько знаходзіцца з лістапада 2022. Следчы камітэт абвінаваціў палітвязня ў тым, што ён перадаў адміністратарам «Чорнай кнігі Беларусі» асабістыя дадзеныя каля 1,5 тысяч прадстаўнікоў рэжыму, а потым гэтыя звесткі публікаваліся ў апазіцыйных тэлеграм-каналах.
Праваабаронцы зазначаюць, што на рахунку суддзі Сяргея Хрыпача мінімум 43 палітычныя прысуды пасля падзей 2020 года. Так, менавіта гэты суддзя прызначыў тры гады зняволення за данаты палітвязня Вадзіма Храсько, які памёр 9 студзеня 2024 у калоніі.